У серыі “Бібіліятэка Бацькаўшчыны” выйшла кніга даваеннай прозы беларускага пісьменніка і публіцыста, дзеяча эміграцыі ў Амерыцы Юркі Віцьбіча пад назвай “Лшоно Габоо Бійрушалайм».

Кніга складаецца з найбольш адметных твораў даваеннай прозы, якія ўпершыню ў Беларусі публікуюцца асобным выданнем. Гэтыя тэксты сведчаць пра своеасаблівы стыль пісьменніка, што выразна вылучаўся з канонаў тагачаснага савецкага пісьменства.       Акампануюць ім успаміны Юркі Віцьбіча пра літаратурнае згуртаванне “Узвышша”, сябрам якога ён быў, ды лісты, прысвечаныя міжваеннай беларускай літаратуры.

Назву кнізе дало адно з апавяданняў Юркі Віцьбіча. “Лшоно Габоо Бійрушалайм” – гэта вядомае габрэйскае выслоўе, якое ў перакладзе з старажытнагабрэйскай мовы азначае “У наступным годзе ў Ерусаліме”.

У якасці ўкладальніка кнігі выступіў Лявон Юрэвіч. Ён жа напісаў і прадмову да кнігі. Рэдактары – Ціхан Чарнякевіч і Наталля Гардзіенка.

Змешчаныя ў зборніку творы былі ўпершыню апублікаваныя на пачатку 1930-х гг. Пра іх распавядае Наталля Гардзіенка:

“Арцыбіскуп і смерд”— гэта прыклад своеасаблівай гістарычнай прозы. “Смерць Ірмы Лаймінг” і “Лшоно Габоо Бійрушалайм” распавядаюць пра першыя гады савецкай улады ў Беларусі, паказваюць іх адрозна ад таго, як гэтага патрабавала савецкая прапаганда. У творы, што даў назву зборніку, адлюстраваны непаўторны каларыт габрэйскага мястэчка, ягоны свет, разбураны рэвалюцыйнымі падзеямі. Менавіта таму Юрка Віцьбіч быў абвінавачаны крытыкамі ў нацдэмаўшчыне і сіянізме і не быў прыняты нават у кандыдаты ў Саюз савецкіх пісьменнікаў БССР. Зразумела, што пазней у Савецкай Беларусі гэтыя творы больш не перавыдаваліся, а асоба самога Юркі Віцьбіча, што ў паваенны час жыў у ЗША, малявалася выключна чорнымі фарбамі. Таму шырокаму колу чытачоў змешчаныя ў зборніку творы былі невядомыя”.

Па словах рэдактара кнігі Ціхана Чарнякевіча, “у артыкулах, нарысах, шматлікіх лістах Віцьбіч аднаўляе ўсе перыпетыі літаратурнага побыту і гістарычных варункаў, у якія яму давялося жыць да вайны. Кніга “Лшоно Габоо Бійрушалайм”, такім чынам, ― вельмі каштоўны матэрыял не толькі для філолага, але і для гісторыка, краязнаўца, які цікавіцца Віцебшчынай”.

Выданне з’яўляецца новай спробай вяртання творчай спадчыны Юркі Віцьбіча ў Беларусь і разлічана як на літаратуразнаўцаў і гісторыкаў, так і на ўсіх аматараў беларускай літаратуры.

***

Лшоно Габоо Бійрушалайм : даваенная проза / Юрка Віцьбіч. Мінск Кнігазбор :, 2011. — 232 с.— (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 19).


Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”