Светлагорскі журналіст, літаратар, краязнаўца Віктар Раманцоў напісаў кнігу “Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах”. Кніга першая. (выдавецтва “Галіяфы” г. Мінск). Наклад 500 асобнікаў.

Яна пабудаваная ў форме пытанняў і адказаў і расказвае пра цікавыя, незвычайныя, трагічныя і гучныя падзеі, якія адбыліся на Светлагоршчыне ў розны час: ад старажытнасці да сучаснасці. У кнізе таксама змешчаныя нарысы пра славутых людзей, што нарадзіліся на светлагорскай зямлі. Усяго ў кнігу змясцілася 50 нарысаў розных памераў.

Гісторыя стварэння выдання

Ідэя напісаць такую кнігу прыйшла ў 2004 годзе. Хаця кніга – гэта вынік 20-гадовай цікавасці аўтара да мінулага і сучаснага Светлагоршчыны.

– У 2004 годзе, працуючы ў газеце “Хімікі” Светлагорскага вытворчага аб’яднання “Хімвалакно”, мне прыйшла ідэя падаць факты з гісторыі прадпрыемства ў выглядзе пытанняў і адказаў, – распавядае Віктар Раманцоў. – Акурат набліжалася свята – 40 год вытворчаму аб’яднанню. Вось тады і прыйшла думка, чаму б не зрабіць тое ж, але пра раён.

Доўга аўтару перашкаджалі думкі, што такая кніга нікому не патрэбна ў правінцыі. Але ідэя не давала спакою, тым больш ніводны раён падобнага выдання не рабіў. Вялікі вопыт краязнаўства, накопленай інфармацыі пра Светлагоршчыну жадаў гэта ўсё змясціць на паперу, занатаваць, аформіць.

З 2007 года Віктар Раманцоў пачаў актыўна працаваць над кнігай, якую скончыў да юбілея горада. Выданне аўтар прысвяціў 450-годдзю Светлагорска (да 1961 г. – Шацілкі), якое споўнілася ў 2010 годзе.
Гэта першая кніга Віктара Раманцова.

Крыху біяграфіі

Нарадзіўся ў Светлагорску ў 1970 годзе. Закончыў 8 класаў СШ №6 г. Светлагорска. Потым вучыўся ў Светлагорскім індустрыяльным тэхнікуме на аддзяленні “Водныя шляхі зносін”, які закончыў у 1989 г. Атрымаў спецыяльнасць “тэхнік водных шляхоў”. Але па прафесіі папрацаваць не давялося. Быў прызваны ў пагранічныя войскі СССР.

У 1991 годзе пасля службы ў войску Віктар Раманцоў паступіў на філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Выбраў сабе накірунак дзейнасці – літаратуразнаўства. Адна з курсавых прац Віктара Раманцова па літаратуразнаўству заняла 3 месца сярод студэнітаў Беларусі.
З 1998 года працуе ў журналістыцы. Спачатку карэспандэнтам у газеце “Хімікі” вытворчага аб’яднання “Хімвалакно”. З 2004 па 2008 год – карэспандэнт газеты “Ранак-плюс”. З 2010 года зноў працуе ў газеце “Хімікі”.

Віктар Раманцоў – ініцыятар адкрыцця Здудзіцкага каменнага крыжа (14 ст.), які захоўваецца ў Парыцкай царкве; першым прапанаваў адшукаць археалагічным шляхам горад Казімір, які знаходзіўся на месцы вёскі Каралёва Слабада-2 і меў магдэбургскае права.

Віктар Раманцоў піша эсэ, даследванні, артыкулы, у якіх пераасэнсоўвае падзеі мінулага і сучаснага Светлагоршчыны і Беларусі.

Канцэпцыя кнігі

“Зведаная зямля” – гэта своеасаблівы пачатак спазнання сваёй Радзімы Віктарам Раманцовым.
“Я спазнаў свой кавалачак зямлі, – піша ён ва ўступе ад кнігі. – А колькі яшчэ нязведанага засталося?”
“Зведаная зямля…” – гэта летапіс Светлагорскага раёна і жыццяў яго славутых жыхароў.

Вось яшчэ адно жыццёвае крэда аўтара, якое змешчана ў кнізе: “Той, хто ведае мінулае і сучаснае свайго краю – ведае яго будучыню”.

Першая кніга “Зведаная зямля” распавядае пра славутых людзей, якія нарадзіліся на Светлагоршчыне. Гэта заснавальнік НАН Беларусі, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Сцяпан Некрашэвіч, фалькларыст Аляксандр Шыманоўскі, Герой Савецкага Саюза Пятро Стэфаноўскі, першыя вядомыя жыхары горада Раман Шаціла і Ждан Манкевіч, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Уладзімір Патупчык, Заслужаны архітэктар Беларусі Леанард Маскалевіч, скульптар Віктар Смоляр, рэжысёр Сяргей Рыбакоў, прызёры і чэмпіёны свету і Еўропы Уладзімір Мерынаў, Алег Астроўскі, Наталля Гаўрыленка, Віталь Конанаў.

У кнізе вы знойдзіце адказы на пытанні: колькі гадоў Светлагорску і як мяняўся назоў паселішча, калі на тэрыторыі раёна пасяліўся першы чалавек, чаму жыхарам раёна блізкая трагедыя на “Нямізе, што вы ведаеце пра герб і сцяг Светлагорска, Парыч і Сасновага Бора, ці існавалі на тэрыторыі раёна гарады з магдэбургскім правам, ці ёсць у Светлагорску свой “верставы слуп”, дзе ўпершыню на Беларусі шукалі нафту, адкуль у раёне старажытныя каменныя крыжы, як у раёне захоўвалі СССР, хто быў буйным прыватным землеўласнікам у раёне, ці быў у раёне халакост, колькі землякоў загінула ў Другой сусветнай вайне, ці праходзіла дзяржаўная мяжа Беларусі па тэрыторыі нашага раёну, якія населеныя пункты раёна былі пераназваныя і шмат іншых.

– Безумоўна, я буду працягваць пісаць “Зведаную зямлю”, – кажа Віктар Раманцоў. – Хацелася б стварыць трылогію. Цікавасць да гэтага ў мяне вялікая. Я ўжо сабраў 50 пытанняў для будучай другой кнігі, над якімі можна пачынаць працу. Сярод іх нямала досыць цікавых, якія абуджаюць маю самасць. Прывяду толькі два прыклады: сярод чэмпіёнаў свету па фігурнаму катанню ёсць наш зямляк, таксама ураджэнец Светлагорскага раёна ўзышоў на Эверэст. Спадзяюся, што “Зведаная зямля…” вельмі спадабаецца маім землякам, і яны будуць падтрымліваць мае творчыя памкненні, набываючы маю кнігу.