З дакументаў З’езда

ЗАЯВА

ХVІ З’езда ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Рэспубліка Беларусь знаходзіцца ў стане духоўнага крызісу, звязанага з вынішчэннем мовы беларускай нацыі. Апошні перапіс насельніцтва краіны засведчыў істотнае скарачэнне прыхільнікаў беларускай мовы. За дзесяць гадоў колькасць тых, хто лічыць яе роднай, скарацілася на 20,5 % і склала 53,2 % усіх грамадзян Беларусі.

Гэта вынік ігнаравання канстытуцыйных нормаў аб дзяржаўнасці нашай мовы і яе шматгадовага выцяснення з афіцыйнага і грамадскага жыцця. Гэта вынік паўторнай постсавецкай русіфікацыі Беларусі і грэблівага стаўлення кіраўніцтва дзяржавы да нацыянальнай культуры і яе найважнейшага складніка – мовы.

Стагоддзямі найлепшыя сыны і дочкі Беларусі захоўвалі сваю мову, распрацоўвалі і ўзбагачалі яе слоўнікавае і выяўленчае багацце, зберагалі ў віхурах імперскай і палітычнай залежнасці ад знішчэння, з’ядноўвалі з ёй свае творчыя лёсы, чым праславілі і праслаўляюць Беларусь.

Сёння ж беларуская мова зноў на мяжы выжывання. Беларусь – адзіная не толькі ў Еўропе, але і ў свеце краіна, якая не забяспечвае поўнага цыклу адукацыі на сваёй мове – пачынаючы ад дзіцячых садкоў і заканчваючы вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Ні ў Еўропе, ні ў Азіі, ні ў Афрыцы няма падобных ганебных прыкладаў адмаўлення ад сваёй “адзежы душы”, як назваў родную мову класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. Якраз агульнасусветны досвед яскрава сведчыць: мова краіны – адзін з наймагутнейшых фактараў жыццядзейнасці краіны і дзяржаўнай незалежнасці, без якой, у сваю чаргу, немагчымая ні палітычная, ні эканамічная суверэннасць.

Адмаўляючыся ад сваёй мовы, беларусы страчваюць не толькі сваю нацыянальную самабытнасць і культурную адметнасць, але і будучыню сваёй нацыі, дзяржавы.

Удзельнікі ХVІ З’езда ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” звяртаюць увагу на недапушчальны і катастрафічны стан беларускай мовы ў нашай краіне і заклікаюць усіх грамадзян паўстаць на яе абарону.

Далучаючыся да іншых грамадскіх ініцыятыў па выратаванні і ўшанаванні мовы тытульнай нацыі Беларусі, удзельнікі ХVІ З’езда ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” патрабуюць неадкладна распрацаваць дзяржаўную праграму ўсебаковага развіцця беларускай мовы.

Прынята на ХVІ З’ездзе ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Мінск, 10 снежня 2011 г.

ЗАЯВА

ХVІ З’езда ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Васіль Быкаў – найвыбітны беларускі пісьменнік ХХ-га стагоддзя. Прайшло ўжо больш за восем гадоў з дня смерці Васіля Уладзіміравіча, а памяць аб ім належным чынам не ўшанаваная ў Беларусі, у якой ён нарадзіўся і якой прынёс сусветную славу.

Звяртаемся да Савета міністраў Рэспублікі Беларусь, да міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і персанальна да міністра П. П. Латушкі з прапановай аб наданні Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь імя народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

Прынята на ХVІ З’ездзе ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Мінск, 10 снежня 2011 г.

ЗАЯВА

ХVІ З’езда ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Мы, удзельнікі ХVІ З’езда ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, патрабуем неадкладнага вызвалення з-за кратаў сяброў нашага Саюза Паўла Севярынца і Алеся Бяляцкага, прававой рэабілітацыі раней асуджаных пісьменнікаў Уладзіміра Някляева і Аляксандра Фядуты, вызвалення ўсіх палітвязняў;

– патрабуем ад дзейных уладаў выканання іх непасрэдных абавязкаў у справе захавання беларускай культуры і мовы;

–  выказваем рашучы пратэст сучаснаму кіраўніцтву краіны ў сувязі з яго дзеяннямі, якія ставяць пад пагрозу незалежнасць Беларускай дзяржавы, патрабуем спыніць гандаль агульнанароднай уласнасцю, матэрыяльнымі і духоўнымі здабыткамі многіх пакаленняў беларусаў;

– патрабуем неадкладна прыняць мараторый на выкананне смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь.

Прынята на ХVІ З’ездзе ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Мінск, 10 снежня 2011 г.

Рэзалюцыя

ХVІ З’езда ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Мы, удзельнікі ХVІ З’езда ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

адзначаем, што Рэспубліка Беларусь перажывае сёння ці не самы цяжкі, драматычны этап свайго гістарычнага шляху. Вырашаецца лёс нацыі, беларускай мовы, нашай гісторыка-культурнай спадчыны. У гэтых умовах, нягледзячы на пастаянны ціск з боку ўладных структураў, пагрозу ліквідацыі нашага творчага аб’яднання, Саюз беларускіх пісьменнікаў застаецца адной з самых аўтарытэтных і дзеяздольных творчых арганізацый краіны, усю сваю дзейнасць скіроўвае на развіццё і прапаганду набыткаў нацыянальных літаратуры і культуры, пашырэнне сферы ўжывання беларускага слова, захаванне канстытуцыйных правоў літаратараў на свабоду слова і друку.

Выказваем глыбокую занепакоенасць сітуацыяй, якая склалася ў краіне з беларускай мовай. Нягледзячы на афіцыйна абвешчанае двухмоўе, мова тытульнай нацыі дыскрымінуецца на ўсіх узроўнях. Колькасць беларускамоўных школ і класаў кожны год скарачаецца, па-ранейшаму ў Беларусі няма ніводнае ВНУ, дзе ўсе прадметы выкладаліся б па-беларуску. Справаводства ў дзяржаўных установах па-беларуску практычна не вядзецца, чыноўнікі адкрыта грэбуюць роднай мовай. На дзяржаўным тэлебачанні па-беларуску вядуцца толькі асобныя перадачы, а на асабліва папулярных цяпер FM-радыёстанцыях беларуская мова амаль не гучыць. І гэта няглядзячы на тое, што паводле перапісу 2009 года 84 % жыхароў краіны назвалі сябе беларусамі. Дэлегаты З’езда СБП настойліва патрабуюць ад кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь практычнага забеспячэння дзяржаўнага статуса беларускай мовы.

Асуджаем скарачэнне колькасці беларускамоўных выданняў. За апошнія дзесяць гадоў перасталі выходзіць часопісы “Крыніца”, “Беларусь”, “Першацвет”, газеты “Чырвоная змена”, “Раніца”, пад пагрозай знікнення  знаходзяцца часопісы “Бярозка” і “Вожык”. На дзяржаўным тэлебачанні практычна зніклі  перадачы, прысвечаныя літаратуры і творцам. У дзяржаўных выдавецтвах і СМІ практыкуецца непаважнае стаўленне да выдатных нацыянальных творцаў, пісьменнікаў-юбіляраў, існуюць забароны на публікацыю твораў і нават узгадванне імёнаў членаў ГА “СБП” — такім чынам груба парушаюцца іх грамадзянскія правы.

Падкрэсліваем неабходнасць шырокай дзяржаўнай падтрымкі літаратараў і дзеячаў беларускай культуры замежжа: Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны… На наш погляд, даўно наспела неабходнасць стварэння ў гэтых і іншых краінах Інстытутаў Беларусі, якія сталі б цэнтрамі нацыянальнай ідэнтычнасці, асяродкамі падтрымкі нашых суайчыннікаў у іх імкненні захаваць духоўную повязь з Бацькаўшчынай.

Запэўніваем беларускае грамадства, што Саюз беларускіх пісьменнікаў і надалей не саступіць з абранага яго сябрамі шляху на дэмакратычныя пераўтварэнні ў дзяржаве, будзе паслядоўна адстойваць і абараняць нацыянальную культуру і мову. Мы заклікаем дэмакратычныя сілы краіны дзейнічаць згуртавана і самааддана дзеля лепшай будучыні нашай Радзімы, захавання яе дзяржаўнага суверэнітэту.

Прынята на ХVІ З’ездзе ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Мінск, 10 снежня 2011 г.