— На сённяшні дзень Вы адзін з самых плённых перакладчыкаў з чэшскай мовы. Чаму Вы ўвогуле звярнуліся да чэшскай культуры і чым яна так доўга ўтрымлівае Вашую прыхільнасць?

— Думаю, Вы са мной пагодзіцеся, што шмат чаго ў чалавечым жыцці прадвызначаюць выпадковасці ці нават іх збегі. Я не выключэнне: выпадкова трапіў у Гуманітарны ліцэй, выпадкова год вывучаў у ім чэшскую мову як другую замежную, выпадкова лёс звёў мяне з людзьмі, якія паспрыялі маёй зацікаўленасці чэшскай літаратурай, літаратурай увогуле, мастацкім перакладам, і якія ўвялі мяне — у непасрэдным ці пераносным сэнсе — у адпаведныя асяродкі, зрабіліся маімі настаўнікамі, сябрамі, калегамі. Чэшская літаратура як цэлае тады, у ліцэі, амаль дваццаць гадоў таму, сталася маім першым вялікім адкрыццём, я знайшоў у ёй шалёна цікавыя з’явы, і гэтым адкрыццём мне закарцела падзяліцца. Напрыклад, прыгадваю, як да нас у ліцэй прыйшла тагачасная аспірантка прафесаркі Ірыны Шаблоўскай па імені Каця, прозвішча ўжо не памятаю, у аспірантуры яна займалася чэшскай літаратурай, і яна заявіла нам, што найбольш значныя і вядомыя чэшскія аўтары апошняга паўстагоддзя жылі ў эміграцыі і афіцыйна не выдаваліся. Для мяне 16-гадовага гэта было абсалютна незразумелым: так, дома на паліцы ў мяне стаяў томік “Тугі па радзіме”, я ведаў, хто такія Наталля Арсеннева, Янка Юхнавец або, скажам, Антон Адамовіч, але якімі б каштоўнымі для беларускай літаратуры яны ні былі, як у грамадскай свядомасці, так і з перспектывы нашага літаратуразнаўства гэтыя аўтары былі досыць перыферыйнай з’явай і не маглі канкураваць з Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам або Адамовічам Алесем, якія жылі і творы якіх, хай сабе з праблемамі, але выходзілі збольшага на радзіме. Гэта быў адзін аспект. А другі — што я з першых пачутых словаў літаральна закахаўся ў саму чэшскую мову. І пачаў чытаць як апантаны. З часам з’явіліся знаёмствы сярод чэшскіх пісьменнікаў, выдаўцоў, літаратуразнаўцаў, доступ да кніг для мяне зрабіўся прасцейшым. Паступова я пачаў арыентавацца ў чэшскай літаратуры не горш, чым у беларускай. І ведаеце, у чэхаў столькі твораў, вартых перакладу, што ажно роспач ахоплівае: калі ўсё паспець? Праўда, варыцца ў адным соку таксама трохі прыядаецца. Да таго ж, калі выходзіш па-за нейкія межы, табе адкрываюцца новыя гарызонты. Таму, не закідваючы літаратуры чэшскай, я ўсё больш стараюся пашыраць свае кругагляды: некалькі гадоў таму актыўна пачаў чытаць па-славацку і цікавіцца, што робіцца ў славацкай літаратуры, цяпер спрабую сачыць за літаратурным працэсам у пост-югаслаўскіх краінах, Польшчы, Украіне або, скажам, у Венгрыі, адно што ў апошняй пакуль праз творы ў перакладзе на мовы, мне вядомыя, а не ў арыгінале. Дарэчы, мой першы “дарослы” пераклад, апублікаваны ў 1994 годзе ў “Спадчыне”, быў яшчэ не з чэшскай, а з украінскай мовы.

Цалкам чытайце гутарку ТУТ.