Леанід Гаравы, актывіст Руху “За Свабоду!”, атрымаў вялікодныя віншаванні ад Зміцера Дашкевіча і Міколы Аўтуховіча. Адначасова з гэтым Леанід Гаравы накіраваў віншаванні паштоўкамі многім палітвязням і Алёне Каваленка са светлым святам Уваскрашэння Хрыстова.

Пасля трохмесячнага перапынку актывіст Руху “За Свабоду!” атрымаў ліст з глыбоцкай калоніі ад Зміцера Дашкевіча. Ліставанне ад Зміцера было прыпынена, бо палітычны вязень быў пакараны на гэты час ізалятарам і карцэрам за адстойванне сваёй годнасці, за адмову выконваць зняважлівыя загады адміністрацыі і адпаведна доўгі час не меў права на ліставанне.

Змагар за Беларусь Зміцер Дашкевіч жадае “Няхай жа ўваскрасеньне Сына Божага асьвятляе Вас на ўсіх шляхах Вашых і ва ўсялякую часіну! Будзьце блаславеныя! “Няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім маглі б мы быць збаўленыя” (Дзеі, 4:12).”

У чысты чацвер таксама прыйшоў ліст і паштоўка ад Міколы Аўтуховіча, які па палітычна матываванаму прысуду ў 2009 годзе атрымаў пяць гадоў зняволення за пяць патронаў. Спадар Аўтуховіч выказвае падзяку за атрыманую кнігу “Золотые правила народной культуры» Аксаны Катовіч і Янкі Крука. Таксама Мікалай паведамляе, што матуля знаходзілася ў санаторыі, а з 30 сакавіка ўжо дома і зараз да яе магчыма датэлефанавацца. У лісце палітычны вязень выказвае сваё меркаванне аб сітуацыі ў краіне: ”І зараз мы маем тое, што заслугоўваем, бо не здолелі супрацьстаяць гэтаму. Маўчалі. А цяпер апомніліся, але моц рэжыму палохае большасць людзей і яны зноў маўчаць”. Напрыканцы ліста Мікола Аўтуховіч выказвае падзяку усім , хто з ім лістуецца, бо “гэта дадае моцы і час ідзе хутчэй. Дзякуй за падтрымку!”. Адначасова з лістом мужны змагар даслаў паштоўку. ( узор паштоўкі глядзіце тут)

Леанід Гаравы напярэдадні праваслаўнага Вялікадня накіраваў паштоўкі Міколе Статкевічу, Алесю Бяляцкаму, Зміцеру Бандарэнка, Яўгену Васьковічу, Эдуарду Лобаву і іншым палітвязням, уключаючы жонку палітычнага вязня Сяргея Каваленкі – Алену Каваленку. У паштоўках выкарыстаны словы Янкі Купалы:

Хрыстос васкрос!… усюды радасьць,
Усё глядзіць сьмялей, сьвятлей;
Вялікі Мучанік, здаецца,
Абняў усіх ласкаю сваей.

У паштоўках актывіст прывёў словы з вялікоднага паслання айца Аляксандра Надсана: “Будзем прасіць Уваскрослага Хрыста, каб Ён даў палёгку і сілу духа тым, хто церпіць несправядліва, і суцяшэньне сем’ям тых, якія пацярпелі страту сваіх дарагіх, а ўсім — надзею лепшай долі для нас і нашай бацькаўшчыны у гэтым жыцьці і вечнай радасьці разам з Ім у будучым.”.

Спадар Гаравы спадзяецца, што гэтае віншаванне абавязкова атрымае Мікола Статкевіч, якому турэмнае кіраўніцтва арганізавала інфармацыйную блакаду, знішчаючы абсалютную большасць лістоў, якія накіроўваюць палітвязню неабыякавыя грамадзяне.