200-годдзе вайсковага паходу Напалеона пачынаюць святкаваць у суседніх краінах Беларусі. Калі ў Расіі гэта будзе свята перамогі, то ў Літве адзначаюць, як вызваленне ад расійскай акупацыі. З вясны 1812 года на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай разгарэліся лёсавызначальныя баі.

Мітынгамі-рэквіямі і набажэнствамі ў царквах плануюць адзначыць нашэсце французскага імператара на беларускія землі. Гісторык Леанід Несцярчук, які завяршае падрыхтоўку да выдання кнігі, прысвечанай ролі Беларусі ў вайне 1812 года, адзначае, што беларусам няма чаго весяліцца і святкаваць. Навукоўца паведаміў, што ў Беларусі непрымальны ні французскі і ні рускі бок:

— Наколькі мне ведама, не будзе адзначацца нейкімі ўрачыстасцямі гэтая дата. Ну і правільна. На мой погляд – гэта велізарная трагедыя для Беларусі. Прасоўванне 6-8 разоў Расійскай арміі Тармасава праз Кобрын, Пружаны, Антопаль ды іншыя гарады – гэта апусташэнне. Пасля Гарадзечненскай бітвы не было каму хаваць воінаў!

Улетку некалькі беларускіх гістарычных клубаў збіраюцца правесці рэканструкцыю баёў французскай і рускай арміі. Мітынгі-рэквіямы і набажэнствы будуць адбывацца ў гарадах і мястэчках згодна з гістарычнай датай.