5 ліпеня у гатэлі “Мінск” адбыўся круглы стол “Беларусь у Еўразійскім Саюзе: стратэгія выжывання», які быў арганізаваны інфармацыйна-асветніцкай установай “Актуальная канцэпцыя” у рамках праекту цывілізацыйнага выжывання «Цытадэль». Тэма была абрана не выпадкова – інтэграцыйныйная тэматыка набывае ўсё большую актуальнасць не толькі ў Расеі, але і ў суседніх краінах. Еўразійскі Саюз, стварэннем якога актыўна занятая расейская ўлада, нясе ў сабе масу рызык для яго членаў. Для Беларусі ў першую чаргу.

Да ўдзелу ў круглым стале былі запрошаны як прадстаўнікі беларускай улады, так і з апазіцыйнага лагеру, а таксама расійскія і ўкраінскія эксперты. Акрамя ўдзельнікаў  “Цытадэлі” у працы круглага стала прынялі ўдзел: дырэктар Цэнтра рускіх даследаванняў ІФПІ (Масква) кандыдат гістарычных навук Андрэй Фурсаў; расійскі палітолаг, дацэнт МДІМА, доктар палітычных навук Алена Панамарова; намеснік дырэктара ІАЦ пры Адміністрацыі Прэзідэнта РБ, доктар філасофскіх навук Леў Крыштаповіч; дырэктар агенцтва сацыяльнага праектавання «Украінская праектная сістэма» (Кіеў) Дзмітрый Грамакоў; генерал-маёр Валерый Фралоў; старшыня праўлення ТАА «Рэгіён» (Гомель), кандыдат геаграфічных навук Валерый Бандарэнка ды іншыя беларускія, расійскія і ўкраінскія эксперты.

Удзельнікі круглага стала абмеркавалі небяспечную палітыку, якую праводзяць расейскія палітычныя і эканамічныя эліты на сваёй тэрыторыі, а таксама дачыненні да “сфераў уплыву” Расіі. Меркаванні экспертаў разыйшліся: беларускія эксперты з праекта “Цытадэль) абаранялі ідэі незалежнасці і самастойнага развіцця краіны, у той час, як некаторыя дзеячы прапаноўвалі безумоўную інтэграцыю Беларусі.  Цікавым падаецца факт прызнання расійскімі гасцямі неабходнасці захавання беларускай палітычнай суб’ектнасці і дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь у рамках Еўразійскага звязу. На думку каманды праекта “Цытадэль” інтэграцыя на пост-савецкай прасторы носіць неабходны характар,
прапанаваная расійскім бокам форма інтэграцыі нясе ў сабе значныя рызыкі для існавання беларускай грамадскай і палітычнай мадэлі,
для кіравання гэтымі рызыкамі відавочна недастаткова выключна сітуацыйнага рэагавання на ўзнікаючыя выклікі. Таксама беларускія эксперты адзначылі неабходнасць распрацоўкі ўласнай якаснай канцэпцыі інтэграцыі, і запуск беларускай ініцыятывы на еўразійскай прасторы.

Круглы стол «Беларусь у Еўразійскім Саюзе: стратэгія выжывання» быў першым з запланаваных мерапрыемстваў падобнай тэматыкі.

На вялікі жаль мерапрыемства праігнаравалі праўстаўнікі беларускай ліберальнай супольнасці, якія б маглі прапанаваць удзельнікам сваю візію будучыні Беларусі ў рамках еўразійскай прасторы і адстаяць яе ў дыскусіі.