На гэта пытанне нельга адказаць адназначна. Хтосьці любіць сучасныя прасторныя будынкі, што прывабліваюць погляд здалёк; некаму, наадварот, даспадобы маленькія, але надзіва ўтульныя асяродкі друкаванай прадукцыі, дзе побач з апошнімі навінкамі кнігавыдання месцяцца букіністычныя рэліквіі…

У Дзяржынску кніжная крама знаходзіцца ў цэнтры горада, у невялікім памяшканні.

“Дзіцячая літаратура”, “Мастацкая літаратура”, “Кнігі выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”, “Медыцына”, “Вучэбна-метадычныя выданні”, “Кулінарыя”… Тут не бывае выпадковых наведвальнікаў: у будні часцей за ўсё заходзяць госці райцэнтра, дзяржынцы – у вольны ад працы час.

Мы прывыклі, што ў кошце любой рэчы закладзена ацэнка яе вартасці, якасці вырабу, запатрабаванасці на рынку.

—Якія кнігі самыя дарагія?—цікаўлюся ў прадаўца.

—Сувенірныя, фундаментальныя і энцыклапедычныя выданні, фотаальбомы вядомых мастакоў. Іх кошт можа быць больш за паўмільёна рублёў.

—Ці карыстаюцца яны попытам?

—Пераважна такую прадукцыю купляюць госці Дзяржынска на памяць пра наш горад. Здараецца, людзі выбіраюць яе ў якасці падарунка.

Згадваю, як аднойчы стала сведкай выключнай падзеі. Малады чалавек, які так і свяціўся ад унутранага ўзрушэння і радасці, з хваляваннем трымаў у руках некалькі тамоў энцыклапедычнага выдання “Вялікае княства Літоўскае”. Побач стаяла яго сястра і глядзела на брата шчаслівымі вачамі. Як высвет-лілася, хлопец даўно марыў набыць гэтыя кнігі, збіраў грошы. І вось акурат напярэдадні дня нараджэння мара юнака ажыццявілася: ён прыйшоў з сястрой, каб, нарэшце, набыць упадабаныя выданні. Дзяўчына дапоў-ніла сабраную суму ўласнымі грашамі.

—Якія кнігі – лідары продажу?

—Звычайна гэта “любоўныя” раманы і вострасюжэтныя дэтэктывы. А таксама разнастайныя вучэбныя дапаможнікі для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, экзаменаў, асабліва выданні з серыі “Рэпетытар”. Бацькі не шкадуюць грошай на маляўнічыя кнігі для дзяцей, хоць і каштуюць яны нятанна.

—Ці запатрабаваная айчынная літаратура?

—Быў час, калі беларуская літаратура не карысталася попытам. Цяпер сітуацыя змянілася. Многа набываюць беларускай класікі. Асабліва вучнёўская моладзь. Раскупліваюцца ў першую чаргу праграмныя творы, што падаюцца ў школьных хрэстаматыях у скарочаным выгля-дзе.

Прыемна ўразіла, што крама прапаноўвала новыя кнігі таленавітых пісьменнікаў сучаснасці: Алеся Марціновіча, Алеся Карлюкевіча, Уладзіміра Ліпскага. І нават літаратурна-мастацкія творы пра Івана Шамякіна і Васіля Быкава з серыі “Вядомае і невядомае”. Разам з тым не было ніводнай кнігі Людмілы Урублеўскай, Андрэя Федарэнкі – самых папулярных у асяроддзі падлеткаў сучасных беларускіх аўтараў. І ніводнага зборніка сучаснага айчыннага паэта! Малы тыраж, які не да-зваляе задаволіць попыт?..

– Чаму такі бедны асартымент беларускіх выданняў у раздзеле “Мастацкая літаратура”?

—Ніхто не заказвае. У нас ёсць прайс-лісты, што распаўсюджваюцца выдавецтвамі. Можна пазнаёміцца, якія кнігі неўзабаве з’явяцца на кніжным рынку, і заказаць іх  праз наш магазін.

Вось так, паважаныя кнігалюбы, патрэбныя кнігі можна заказаць! І гэта істотна паўплывае на фарміраванне тыражу выдання.

— 2012 – Год кнігі. Якія мерапрыемствы, акцыі па папулярызацыі беларускай кнігі пройдуць у краме?

—Такія акцыі, з удзелам членаў “Саюза пісьменнікаў Беларусі”, запланаваны на восень. Таксама практыкуем прада-стаўленне скідак на кніжную прадукцыю ў святочныя дні – Восьмага Сакавіка і іншыя даты.

…Пакідаючы краму, уявіла каляровыя афішы, расклееныя па ўсім горадзе: “Запрашае кніжны кірмаш!” або “Вялікі кніжны кірмаш у Дзяржынску!”; гарадскую плошчу з мноствам кніг на кірмашовых паліцах; флэш-акцыі з удзелам беларускіх паэтаў, бардаў… І не прадаўцоў-тавараведаў, а прадаўцоў-кансультантаў, маркетолагаў, што валодаюць майстэрствам кніжнай рэкламы і здольныя падарыць сустрэчу з Кнігай і выпадковаму прахожаму, і зацікаўленаму кнігалюбу. А яшчэ ў думках бачыла багатую кніжную краму, дзе цесна ад розных выданняў, ў першую чаргу – родных, якія захочацца прынесці дамоў і заўсёды мець пад рукой, каб чытаць і перачытваць…

Кнігі – носьбіты мудрасці, вечных каштоўнасцей і духоўнага хараства – павінны быць даступнымі шырокай аўдыторыі.

Александрына ВАСІЛЬЕВА.

Як часта Вы наведваеце кніжную краму і якім выданням аддаяце перавагу? Чарговае бліц-апытанне з удзелам нашых землякоў было прысвечана кніжнай тэматыцы.

З вуснаў дзяржынцаў прагучалі такія адказы:

Валянціна Клімовіч, дырэктар Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі: – Для мяне ўсякая паездка, як у сталіцу Беларусі, так і любы іншы горад, не абыходзіцца без візіту ў кнігарню. У полі зроку прафесійных і ўласна чытацкіх інтарэсаў – галіновая літаратура: новыя выданні па псіхалогіі і філасофіі, гісторыі і этнаграфіі, прыродазнаўстве і ландшафтным дызайне. Цікаўлюся творамі для дзяцей, а таксама кнігамі духоўнага зместу, у прыватнасці, праваслаўнай літаратурай.

Ала Дзідзюля, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы №2 г. Дзяржынска: – Кнігарні – і сталічныя, і нашу, дзяржынскую – заўсёды наведваю з ахвотай, хоць, здараецца, фінансавыя магчымасці абмяжоўваюць гэта жаданне. Не праходжу міма дзіцячай літаратуры: як мастацкіх твораў, так і выданняў энцыклапедычнага, пазнавальнага характару – усяго таго, што пасля прачытаем разам з унукам. Таксама часта набываю вучэбна-метадычную літаратуру па прадмеце, які выкладаю.

Падрыхтавала Ірына ДРАБЫШЭЎСКАЯ.