Нядаўна ў Сеціве зьявіўся новы беларускі сайт, прысьвечаны літаратуры — Літаратура.org. Яго стварылі вядомыя беларускія журналісты і літаратары Ян Максімюк і Сяргей Шупа. Адносна мэтаў ягонага стварэньня Я. Максімюк выказаўся так:

Нам захацелася зрабіць сайт, прысьвечаны ствараньню мастацкіх тэкстаў/перакладаў на беларускай мове і ўсяму іншаму, што гэткаму занятку можа спадарожнічаць — абмеркаваньню пісьменьніцкіх/перакладчыцкіх посьпехаў і паразаў, як сваіх, так і чужых; тэарэтычным пытаньням літаратуры (прыкладам, ці варта зьвяртаць увагу на графаманаў); практычным пытаньням перакладу (прыкладам, як адэкватна перакласьці das schwerste Gewicht або ці трэба стылізаваць мову ў перакладах тэкстаў сівой мінуўшчыны); высьвятленьню, якія бардэлі наведваў Лорэнс Дарэл у Александрыі; абмену інфармацыяй, што вартага ўвагі мы прачыталі апошнім часам; пошуку аорысту ў палескай і харвацкай мовах; прэзэнтацыі няведамых шырэйшай публіцы літаратураў (прыкладам, угандыйскай на нідэрляндзкай мове); і кучы іншых, дагэтуль не закранутых у беларускім літаратурным дыскурсе, пытаньняў…

…Што будзем публікаваць?


Усё тое, пра што нам хочацца распавесьці сябрам за півам або келіхам віна надвячоркам у пятніцу, калі думкі на момант вызваляюцца ад абавязковага ў жыцьці і зьвяртаюцца да неабавяковага. А ўсё іншае, пра што ня хочацца гаварыць у такіх абставінах, не публікуем.

Інтэрнэт-адрас новага сайту — http://litaratura.org