У музеі гісторыі Магілёва прэзентавалі ўнікальнае выданне Статута ВКЛ і іншыя каштоўныя набыцці.

Славутая старажытная кніга, змешчаная ў спецыяльную вітрыну з кліматычным кантролем, канчаткова заняла сваё месца ў музейнай экспазіцыі. Гэты Статут быў выдадзены напрыканцы XVІ стагоддзя ў Вільні на старабеларускай мове. Грошы на кнігу шукалі ўсім Магілёвам: прыватны калекцыянер запрасіў за яе 45 тысяч долараў. Яны былі сабраны дзякуючы спонсарскай дапамозе і ахвяраванням гараджан.

Цяпер Статут могуць убачыць усе наведнікі гарадской ратушы. Дарослы квіток у музей каштуе 4 тысячы рублёў, а студэнцкі і дзіцячы — усяго 2 тысячы. Заканчваецца і работа над стварэннем электроннай копіі Статута, і хутка яна з’явіцца ў адкрытым доступе на музейным сайце.

Адзін з напрамкаў дзейнасці музея гісторыі Магілёва — гэта пошук і набыццё гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Разам са Статутам журналістам і аматарам даўніны паказалі і іншыя нядаўна набытыя рэчы: старыя кнігі, гравюру.

Цяпер у Магілёве зноў распачата кампанія па набыцці наступнага буйнога рарытэта: кнігі Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі» 1651 года.

— Мы сабралі ўжо 5100 еўра, і гэта траціна сумы, запрошанай прыватным калекцыянерам, — расказаў дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў. — Мы ўжо рабілі суботнік для таго, каб сабраць сродкі. Цяпер хочам арганізаваць дабрачынны канцэрт і вельмі зацікаўлены ў кантакце з прадзюсарамі беларускіх эстрадных «зорак». Таксама музей гатовы здаць рэкламную плошчу: на высокім балконе ратушы можна за грошы размясціць рэкламныя банеры.