У альбоме “Глыбокае. Повязь часоў”, што выйшаў у мінскім выдавецтве “Літаратура і Мастацтва”, сабраныя больш за сотню старых здымкаў Глыбокага.

Прэзентацыя выдання адбылася 1 верасня падчас святкавання Дня беларускага пісьменства.

Выданне можна лічыць унікальным. Па-першае, пасля кнігі Уладзіміра Скрабатуна “Глыбокае на старых паштоўках” (1999 год), старыя фотаздымкі Глыбокага нідзе ў вялікай колькасці не публікаваліся. За дванаццаць год краязнаўцы адшукалі багата невядомых раней выяваў роднага горада.

Па-другое, такога багатага збору глыбоцкіх здымкаў няма нідзе – ні ў друкаваным варыянце, ні ў Сеціве. У выданні прадстаўленыя 119 фотаздымкаў, якія ахопліваюць цэлае стагоддзе глыбоцкай гісторыі – ад першых гадоў ХХ стагоддзя да 1980-х.

Дазволю сабе кінуць два каменьчыкі ў агарод выдаўцоў.

Напісана, што для альбома выкарыстаныя здымкі з архіву Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея. Так і ёсць, але многія фотаздымкі з’явіліся ў музеі з калекцый глыбоцкіх краязнаўцаў, Выдаўцы не палічылі патрэбным згадаць іх імёны. Тэкст аб гісторыі Глыбокага напісалі супрацоўнікі музею Алесь Хайноўскі, Алена Мядзелец і Уладзімір Мірончык, хоць дае чытачу добрае ўяўленне пра гісторыю Глыбокага, але ўтрымлівае з дзясятак дробных памылак.Здымкі згрупаваныя ў чатыры раздзелы адпаведна перыядам палітычнай прыналежнасці Глыбокага.

У першым раздзеле сабраныя здымкі, зробленыя пры Расійскай імперыі і падчас І Сусветнай вайны. Найстарэйшы глыбоцкі здымак выяўляе сабой панараму Глыбокага. На ёй бачны касцёл Святой Тройцы, яшчэ не пашыраны архітэктарам Ю. Заро. Кармеліцкі кляштар мае форму квадрата – два крылы яшчэ не разабралі на цэглу. Нягледзячы на вялікую каштоўнасць, здымак надрукаваны невялікай ілюстрацыяй пад загалоўкам раздзела.

Другі раздзел — самы вялікі — складаюць фотаздымкі міжваеннага часу. Выявы глыбоцкіх храмаў, у тым ліку разбуранай камуністамі Беразвецкай царквы, глыбоцкіх будынкаў. Шмат здымкаў прадстаўляюць штодзённае жыццё і святы глыбачанаў. Сяляне, якія сабраліся на кірмаш у цэнтры Глыбокага. Святкаванне павятовых Дажынак 1934 года. Паказальныя выступленні пажарнай дружыны. Недарэчная памылка – каталіцкае свята Божага Цела падпісанае як “Святочнае мерапрыемства корпуса памежнай аховы “Głębokie”.

Трэці раздзел – фотаздымкі часоў нямецкай акупацыі. Некалькі краявідаў Глыбокага, абутковая майстэрня ў гета, афіцэры Вермахта і вайсковыя могілкі ў горадзе.

У чацвёртым раздзеле, які ў савецкім стылі названы “У сям’і братэрскай”, сабраныя пасляваенныя здымкі. Працаўнікі глыбоцкіх заводаў і калгасаў, новабудоўлі, савецкія святы, ушанаванне памяці ахвяраў вайны, закладка дэндрапарку.

Альбом “Глыбокае. Повязь часоў” варта мець кожнаму глыбачаніну, якому неабыякавая мінуўшчына роднага горада.

Набыць яго можна ў кнігарні “Глобус”, што на рагу Докшыцкай і Дворнай (Маскоўскай і Кірава) вуліц. Каштуе 51.640 рублёў.

Калі хто жыве зараз не ў Глыбокім і хоча мець сабе такі альбом, можаце напісаць на ksz@tut.by ці vk.com/k.shytal. Набуду і дашлю поштай.