Новы рэктар Беластоцкага ўніверсітэта ў праграмным выступе заявіў, што адным з найважнейшых пунктаў у першым годзе яго кіравання мае стаць пашырэнне дзейнасці ВНУ ва ўсходнім накірунку — ў Гродне і Вільні.

Прафесар Леанард Этэль пераняў кіраўніцтва беластоцкай вучэльняй 12 верасня. Раней ён быў дэканам юрыдычнага факультэта. Яшчэ падчас выбарчай кампаніі прафесар Эталь казаў, што мае ў планах стварэнне філіяла ў Гродне. Такі філіял ужо 5 год існуе ў Вільні, але праз недахоп сродкаў усё яшчэ пазбаўлены ўласнай сядзібы.

«Ці мы хочам выцягнуць моладзь з іх краіны, ці можа дапамагчы ім там атрымаць адукацыю, каб там ім жылося прасцей і лепей? Хіба другое» — сказаў новы рэктар у размове з карэспандэнткай «Газэты Выборчай». Ён патлумачыў, што студэнтаў можна запрасіць у Беласток, але большую вартасць, з яго пункту гледжання, будзе мець прапанова навучання на польскай мове ў самім Гродне.

Пакуль што, праз адсутнасць сродкаў, універсітэт не ў стане інстытуцыянальна размясціцца ў Гродне, таму прапануе гарадзенцам завочнае навучанне ў Беластоку. Як кажа рэктар, на тое, каб цягам году каля 35 чалавек прыязджала рэгулярна на заняткі, патрабуецца 55 тысяч злотых. Хоць гэтых грошай нямае Wspólnota Polska, а міністэрствы не зацікаўленыя ў падтрымцы такога праекта, прафесар Эталь абяцае знайсці сродкі ў рэзервах самога ўніверсітэта.

«У нас шмат кажуць пра дапамогу палякам за мяжой, а потым гэта выглядае так, як з нашым філіялам у Вільні. Але калі мы кажам пра рэальную дапамогу, то я не бачу іншага выйсця. Навошта вырываць людзей з асяроддзяў, у якіх яны функцыянуюць? Нічога добрага ў гэтым няма.»

Беластоцкі універсітэт ужо супрацоўнічае з Санкт-Пецярбургам, плануе падпісаць дамовы з Калінінградам, Львовам, Гродна і Вільняй. Мэтай мае быць стварэнне супольных навучальных праграм, каб, напрыклад, студэнт з Калінінграда мог правесці семестр у Беластоку і на расейскай мове павучыцца еўрапейскаму праву.

t-styl.info паводле bialystok.gazeta.pl