Наватканыя слуцкія паясы павінны з’явяцца зусім хутка. Адзін з галоўных брэндаў краіны будзе вырабляцца па айчынных тэхналогіях і на сучасным абсталяванні.

У траўні 2012 года кіраўніцтва краіны паведаміла пра неабходнасць ўзнаўлення вытворчасці славутых слуцкіх паясоў, з мэтай зрабіць яго сучасным брэндам Беларусі.

Зыходзячы з гэтага была распрацаваная канцэпцыя адраджэння тэхналогіі вырабу слуцкіх паясоў і развіцця нацыянальнай сувенірнай прадукцыі «Слуцкія паясы». У жыццё яна павінна ўвасобіцца ў 2012-2015 гадах.

Усім акалічнасцям праграмы па узнаўленню вытворчасці слуцкіх паясоў Інстытут культуры Беларусі прысвяціў адмысловы «круглы стол», піша zvyazda.minsk.by.

У мэтах эканоміі слуцкія паясы будуць ткаць на новых станках

Праца па стварэнні новых слуцкіх паясоў ідзе поўным ходам, паведаміла на круглым стале спецыяліст Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Адашкевіч.

Віцебскі тэхналагічны універсітэт правёў адмысловую навукова-даследчыю работу. Для вытворчасці слуцкіх паясоў вырашана выкарыстоўваць сучаснае ткацкае абсталяванне, для гэтага з нямецкай фірмай «Магеба»заключаны кантракт на набыццё сучасных станкоў.

Сама тэхналогія вытворчасці стваралася Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам, пасля зацвярджалася і Інстытутам мастацтвазнаўства, і Міністэрствам культуры. Пакуль распрацавана тэхналогія толькі аднаго пояса, які знаходзіўся ў Інстытуце мастацтвазнаўства. У далейшым, кожны новы пояс, таксама, будзе стварацца толькі пры наяўнасці арыгінальнага вырабу.

Традыцыйныя паясы будуць ткацца па новых тэхналогіях

Варыянт пошуку і набыцця аўтэнтычнага станка і вырабу слуцкіх паясоў таксама разглядаўся.

Аднак было вырашана, што ўзнаўляць працу старога станка будзе нашмат даражэй, чым набыць новы з тымі тэхнічнымі характарыстыкамі, якія патрэбны для стварэння слуцкага пояса.

Навошта ткаць новыя, калі можна набыць сапраўдныя?

Такую думку выказала начальнік аддзела Інстытута культуры Беларусі Ала Стаскевіч:

— Беларусь мае зусім небагатую калекцыю слуцкіх паясоў — толькі 11, але і з іх не ўсе рабіліся ў Слуцку. І як мы можам пры наяўнасці такой нерэпрэзентатыўнай калекцыі траціць дзяржаўныя сродкі на адраджэнне паясоў, калі на гэтыя грошы можам купіць некалькі калекцый слуцкіх паясоў і ганарыцца імі? Ніколі копія не будзе раўназначнай па каштоўнасці арыгіналу. З цягам часу арыгінал будзе толькі ўзрастаць і ў кошце, і ў каштоўнасці. Таму набыццё на аўкцыёнах, на маю думку, павінна быць прыярытэтным напрамкам праграмы.

Погляд: паясы павінны вырабляцца па аўтэнтычных тэхналогіях

Доктар філалагічных навук, прафесар, супрацоўнік Інстытута культуры Беларусі Адам Мальдзіс таксама адстойваў аўтэнтыку: ён выказаў меркаванне, што для вырабу сучасных паясоў варта адшукаць аўтэнтычны ткацкі станок таго часу.

— У Беларусі тэхналогія вырабу слуцкіх паясоў грунтоўна не даследавалася. Мы маем толькі павярхоўныя звесткі, якія існавалі ў ХІХ стагоддзі, пра тое, што гэты беларускі брэнд стаў настолькі папулярным у Еўропе, што дзясяткі гарадоў сталі вырабляць гэтыя паясы, і кожны рабіў па сваёй тэхналогіі. А сёння найбольш вывучаны слуцкія паясы ў Польшчы. Ядзвіга Хрушчынская даследавала больш за 200 паясоў, якія захоўваліся ў варшаўскім музеі. Таму трэба спецыяліста Інстытута мастацтвазнаўства Марыю Віннікаву, якая вывучала тэхналогіі ткацтва, трэба паслаць у Варшаву азнаёміцца з гэтымі двума дзясяткамі паясоў, якія сапраўды з’яўляюцца слуцкімі. Неабходна пачакаць, пакуль яна вернецца са сваімі ведамі, а пасля і станок выкарыстоўваць, і матэрыялы набываць.