У апошнія дні лета гурт Laudans апублікаваў новы кліп «УДЗЯЧНАСЦЬ» у падтрымку будучага альбома «Звязаны з часам». Відэа было знята ў Татрах — гарах на тэрыторыі Польшчы — на вышыні 1500 метраў над узроўнем мора. Музыкі даўно хацелі прапанаваць людзям паглядзець на жыццё з іншага ракурса.
«Я бачу, як шмат раздражнёнасці і негатыву ёсць у маім жыцці або ў маіх сяброў, знаёмых. Калі так будзе працягвацца кожны дзень, то ці магчыма так існаваць? Таму сёння я проста скажу «Дзякуй!», і буду спадзявацца, што гэтае «Дзякуй!» стане прычынай яшчэ адной усмешкі.» — кажа Алёна Палачанская, клавішніца дуэта.
У сюжэце кліпа прысутнічае тры галоўныя героі: дзяўчына ва ўціхамірвальнай кашулі, хлопец з мапай і доктар. Кожны кадр відэа мае ў сабе нейкі сімвал і сэнс. Дзяўчына, звязаная кашуляй — адсылка да тых людзей, якія не радуюцца ні працы, ні адпачынку, бо паўсюль сустракаюць негатыў — дэпрэсіўныя думкі, кепскія зносіны, незадаволенасць і скаргі. Хлопец з мапай шукае, як памагчы ёй стаць вольнай ад усяго гэтага. Сімвалам гэтага вызвалення становіцца гітара і струны да яе, якія герой шукае на працягу кліпа. Праз сваю музыку ён заклікае людзей глядзець на свет з удзячнасцю.
Трэці персанаж — доктар. Ён таксама шукае гераіню, але з іншай мэтай — яго «лекамі» будуць папрокі і асуджэнне, страх перад сваімі недахопамі і безнадзейнасць.
«У кліпе няма канчатковага адказу на тое, хто такі доктар. Ці гэта нейкі чалавек са сваімі праблемамі, а можа гэта проста абстракцыя. Сімвал таго, што такім доктарам бывае часам кожны з нас. Да таго ж у канцы кліпа незразумела, хто з герояў перамагае. У блізкім часе выйдуць наступныя відэа, у якіх зноў з’явяцца гэтыя персанажы.» — кажа вакаліст Laudans Андрэй Лугін.
Гурт запрашае кожнага да прагляду новага кліпа УДЗЯЧНАСЦЬ на сваім афіцыйным канале Youtube https://goo.gl/QBfJ2J.
А таксама да каментавання спева і кліпа пад відэа: https://www.youtube.com/watch?v=8lUSV5ZNISY.