пад эгідай

 

Дэлегацыі Еўрапейскага Саюза ў Беларусі

 

і пры спрыянні

 

Інстытуту даследаванняў бяспекі Еўрапейскага Саюза (Парыж)

 

Беларускага прадстаўнiцтва Фонда Конрада Адэнаўэра (Вiльня)

 

Два гады таму Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў разам са сваімі беларускімі і замежнымі партнёрамі выступіў ініцыятарам стварэння платформы для экспертнага і грамадскага дыялогу з мэтай выпрацоўкі новага бачання Беларусі і пошуку прасторы для пераменаў у краіне. Сёння мы можам сказаць, што такая прастора ствараецца неабходнасцю прыстасоўвацца да новых рэаліяў, спрычыненых эканамічнымі катаклізмамі, геапалітычнымі зрухамі і сацыяльнымі трансфармацыямі. Рэагуючы на гэтыя выклікі, Беларусь пасунулася бліжэй да арбіты еўрапейскага ўплыву, што ў сваю чаргу адкрывае новыя магчымасці для больш глыбокіх працэсаў трансфармавання краіны. Ініцыятыва Ўсходняе Партнёрства дае ўнікальны шанец прасунуць працэсы еўрапеізацыі Беларусі і ўсталяваць трывалыя, адказныя партнёрскія дачыненні з Еўрапейскім саюзам.

 

Аднак, працэсу збліжэння Беларусі з ЕС яшчэ далёка да таго, каб стаць незваротным.  Па-першае, дагэтуль не зразумела, наколькі трывала палітычная воля беларускіх элітаў да еўрапейскай інтэграцыі. Па-другое, можна спрачацца пра гатоўнасць беларускага грамадства прыняць на сябе цяжар неабходных рэформаў. Па-трэцяе, пад пытаннем знаходзіцца сур’ёзнасць намераў самаго Еўрасаюзу што да ўцягвання Беларусі ў сваю арбіту.

 

Трэцяя штогадовая канферэнцыя BISS, якая адбудзецца пад эгідай Дэлегацыі Еўрапейскага Саюза ў Беларусі пры спрыянні Інстытуту даследаванняў бяспекі Еўрапейскага Саюзу (Парыж, Францыя) і Беларускага прадстаўнiцтва Фонда Конрада Адэнаўэра (Вiльня), збярэ экспертаў, афіцыйных асоб і грамадскіх дзеячаў з Беларусі, краін Еўрасаюзу, Расіі і краін – удзельніц ініцыятывы “Ўсходняе партнёрства”.

 

Дыскусіі падчас канферэнцыі дадуць адказы на наступныя пытанні:  

 

– па-першае, ці рух Беларусі да Еўропы – гэта рэалістычная перспектыва, што абапіраецца на палітычную волю беларускіх уладаў, грамадства і самога Еўрасаюза?

 

па-другое, якія сферы супрацы найбольш перспектыўныя і як Еўрасаюз можа дапамагчы Беларусі знайсці адказ на складаныя праблемы, перад якімі яна сёння стаіць, у кантэксце зменаў у дачыненнях з Расіяй і сусветнага фінансавага крызісу?

 

па-трэцяе, якія рэформы мусіць правесці Беларусь, каб спраўдзіць надзеі на плённае ўзаемадзеянне?

 

Мы спадзяемся, што гэты форум дапаможа распачаць грамадскі дыялог аб пошуку шляхоў інтэграцыі Беларусі ў палітычную, эканамічную і культурную прастору Еўропы. Такі дыялог мае спрыяць дасягненню нацянальнага кансэнсусу наконт еўрапейскага шляху развіцця для Беларусі.

 

Звесткі пра канферэнцыю

 

Канферэнцыя адбудзецца 9-10 лютага ў Мінску. Да ўдзелу ў канферэнцыі запрошаны афіцыйныя асобы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, эксперты з Беларусі, краінаў Еўрасаюзу, Расіі, Украіны, Злучаных Штатаў Амерыкі, прадстаўнікі буйнейшых еўрапейскіх аналітычных цэнтраў і даследчых інстытутаў па пытаннях эканомікі, бяспекі, міжнародных адносінаў.

 

Праца канферэнцыі будзе арганізавана ў пяці тэматычных секцыях:

 

– Палітыка і бяспека: Беларусь і ЕС у мяняючымся рэгіянальным і глабальным асяроддзі,

 

– Энергетычныя адносіны,

 

– Эканоміка: Беларусь, ЕС і глабальны эканамічны крызіс,

 

– Беларускае грамадства: унутраныя фактары еўрапейскай інтэграцыі,

 

– Шлях наперад: Усходняе Партнёрства як рамка адносінаў Беларусі з ЕС.

 

Працоўныя мовы канферэнцыі – ангельская, беларуская і руская. Падчас канферэнцыі забяспечваецца сінхронны пераклад.

 

Кантактная інфармацыя і ўдзел у канферэнцыі

 

Дзеля ўдзелу ў канферэнцыі неабходна атрымаць запрашэнне арганізатараў. Калі вы зацікаўлены ва ўдзеле ў канферэнцыі, просьба звярнуцца на адрас: conference@belinstitute.eu  з паметкай “штогадовая канферэнцыя BISS”.

 

Па ўсіх іншых пытаннях, звязаных з правядзеннем канферэнцыі, уключаючы медыя запыты просьба кантактаваць па электронным адрасе info@belinstitute.eu aбо тэл. +375296260499 (Людміла Берташ, каардынатар канферэнцыі).


belinstitute.eu