Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай школы” (ТБШ) з 2007 года сістэматычна праводзіць конкурс “Беларускі Настаўнік года”. Ужо ганаравана нямала настаўнікаў і кіраўнікоў школ, ліцэяў і гімназій, якія вядуць навучанне на беларускай мове. Пераможцамі яго становяцца не толькі выдатнікі адукацыі, прафесары, але і простыя педагогі cярэдніх адукацыйных, дашкольных і пазашкольных устаноў рэспублікі.

Сёлета абвяшчаецца чарговы конкурс. У ім могуць прыняць удзел педагогі усіх тыпаў адукацыйных і выхаваўчых устаноў (ад дашкольных да каледжаў), акрамя ВНУ, са стажам працы не менш за тры гады. На кандыдата конкурса запаўняецца анкета рэкамендуючай арганізацыі, установы, або самім педагогам і дасылаецца да 10.05.2010 на адзін з адрасоў: tbskoly@tut.by, або іншыя, якія можна атрымаць па даведачнаму тэлефону 8029–7520821. Могуць дадавацца іншыя матэрыялы, што пацвярджаюць высокія вартасці кандыдата. Пры неабходнасці журы ТБШ можа наведаць установу канкурсанта.

 

Задачы конкурса:
• маральная падтрымка беларускамоўных педагогаў адукацыйных устаноў;
• прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем роднамоўнага выкладання і выхавання ў базавых і сярэдніх школах, дашкольных і пазашкольных установах, ліцэях, гімназіях і каледжах;
• фарміраванне грамадскай думкі аб прэстыжнасці навучання па-беларуску;
• аб’яднанне беларускамоўных педагогаў, спрыянне іх супрацоўніцтву, абмену досведам працы, арганізацыі супольных праектаў і інш.
Крытэрыі вызначэння пераможцаў конкурса:
• выкладанне па-беларуску дысцыпліны ці правядзенне выхаваўчай працы на роднай мове;
• прафесіяналізм і наватарства, творчасць і навуковасць;
• аўтарытэт сярод калег, бацькоўскай грамадскасці і навучэнцаў;
• высокая грамадзянская пазіцыя.
Усе дастойныя кандыдаты будуць адзначаны дыпломамі ТБШ, асобна будуць ганараваны тры пераможцы-лаўрэаты да летніх вакацый. Паўторна могуць прымаць удзел у конкурсе ўсе дыпламанты ТБШ, акрамя пераможцаў.
Падрабязней гл. ТУТ.