кнігарняЎгалерэі, творчая прастора bY-books

 

19 лютага а 19 гадзіне

 

запрашаюць

 

на прэзентацыю зборніка “…Пачуць, як лёсу валяцца муры”

 

У назву выдання вынесены радок з верша Уладзіміра Караткевіча, прысвечанага Генадзю Кісялёву, і гэты зборнік — даніна памяці выдатнага даследчыка беларускай гісторыі і літаратуры. Ён вяртаў з забыцця імёны, падзеі і тэксты, і многія яго кнігі, прысвечаныя паўстанню 1863–64 гг. і лёсам яго ўдзельнікаў, вызначэнню аўтарства славутых паэм “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”, разгадцы шматлікіх іншых таямніц нашай мінуўшчыны, можна назваць сапраўды культавымі.

 

Зборнік, які выйшаў у выдавецтве “Лімарыус”, складаецца з дзвюх частак. У першую ўвайшлі раней не публікаваныя матэрыялы з архіва Генадзя Кісялёва, яго бібліяграфія, а таксама ўспаміны пра даследчыка яго блізкіх і сяброў, калег: навукоўцаў, літаратараў, архівістаў.

 

Другі раздзел зборніка складаецца з матэрыялаў, падрыхтаваных навукоўцамі, якія, гэтаксама як і Генадзь Кісялёў, даследуюць неабсяжны мацярык беларускай гісторыі і літаратуры XIX ст. Тут змешчаны артыкулы на надзвычай актуальныя зараз тэмы (напрыклад, з нагоды дыскусіі вакол аўтарства “Пінскай шляхты” ці спробаў дыскрэдытацыі вобраза Кастуся Каліноўскага), а таксама ўпершыню апублікаваны шэраг каштоўных архіўных матэрыялаў.

 

Сярод аўтараў зборніка — Ірына Багдановіч, Ганна Кісліцына, Адам Мальдзіс, Міхась Тычына, Уладзімір Мархель, Мікола Хаўстовіч, Ігар Запрудскі, Аляксандр Фядута, Язэп Янушкевіч, Алесь Смалянчук, Вячаслаў Шалькевіч, Уладзімір Кароткі, Арсень Ліс, Уладзімір Конан, Аляксей Каўка, Віталь Скалабан, Генрых Далідовіч і іншыя.

 

Адрас кнігарніЎгалерэі: Мінск, пр.Незалежнасці, 37А

 

Кантакт:  17 290 63 06

 

y.kniharnia@gmail.com