Міністэрства  культуры Рэспублікі Беларусь

 

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

 

Суполка «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў

 

прадстаўляюць мастацкую выставу

 

«Грунвальд за смугою часу», прысвечаную 660-годдзю Вітаўта Вялікага і 600-годдзю Вялікай Перамогі пад Грунвальдам (пад  Дуброўнай згодна беларускіх  летапісаў)

 

Бітва адбылася 15 ліпеня 1410 года каля паселішчаў Грунвальд і Таненберг і з’явілася  галоўным этапам вайны, план якой быў распрацаваны на Берасцейскай нарадзе 1409 г. каралём польскім Ягайлам і Вялікім Князем ВКЛ Вітаўтам.

 

Войска  крыжакоў, у якое ўваходзілі рыцары як з Нямеччыны, так і з Англіі, Францыі, Швейцарыі, Чэхіі і іншых  заходнееўрапейскіх краін, складала каля 20 тыс. чалавек.

 

Саюзныя войскі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага з падтрымкай татарскіх коннікаў хана Джалал-ад-Дзіна, мараўскія і малдаўскія атрады разам складалі 90 харугваў. 40 палкоў належалі ВКЛ і 30 з іх былі з тэрыторыі Беларусі – гэта Аршанская, Ашмянская, Берасцейская, Віцебская, Ваўкавыская, Віленская, Гарадзенская, Полацкая, Пінская, Смаленская, Мсціслаўская і іншыя харугвы. Перамога саюзных войскаў на доўгія часы спыніла нямецкую агрэсію на тэрыторыі ВКЛ і Беларусі – аж да 1914 года.

 

Беларускія  мастакі адзначаюць дзве знамянальныя даты сваімі красамоўнымі творамі.

 

Вобраз  Вітаўта Вялікага ў беларускім выяўленчым мастацтве распрацаваны даволі грунтоўна. У розныя гады вобраз Вітаўта стваралі мастакі Арлен Кашкурэвіч, Яўген  Кулік, Алесь Мара, Мікола Купава, Алесь  Шатэрнік, Анатоль Концуб, пазней да гэтай тэмы звярнуліся і іншыя мастакі.

 

З вобразам Вітаўта Вялікага непарыўна  звязана тэма непасрэдна Грунвальдскай  бітвы. Аўтар значнай маштабнай  кампазіцыі Гаўрыла Вашчанка. Шмат тэма Грунвальда ўвасоблена ў станковай  і кніжнай графіцы, у скульптуры. Значнае месца займаюць творы  Паўла Татарнікава.

 

600-гадовы  юбілей Вялікай Перамогі прынёс  новыя творы і новае таленавітае прачытанне дзвюх важных тэм у нашай айчыннай гісторыі.

 

9 ліпеня 2010 года ў 17.00 у дворыку  Літаратурнага музея М.Багдановіча  адбудзецца музычны фэст, у 18.00 – урачыстае адкрыццё выставы.

 

Выстава будзе экспанавацца да 1 жніўня 2010 года.

 

Тэл. для даведак: 334-07-61

 

Вул. М.Багдановіча, 7а (Траецкае прадмесце)

 

Літаратурны музей Максіма Багдановіча, budzma.org