«CRIVIA AETERNA: Архаіка і сучаснасць» – гэта не проста яшчэ адзін музычны фэст. Гэта, перадусім, спроба спалучыць здавалася б неспалучальныя рэчы: па-першае, Традыцыю як з’яву і як эстэтыку; па-другое, сучасную эксперыментальную музыку. Чаму нас цікавіць менавіта Традыцыя і эксперыментальная музыка?

 

Таму што для нас любая музыка – гэта частка рытуала, а наш рытуал – гэту пульсацыя Космаса, у якім Крывія – сакральнае сэрца Еўропы, Гіпербарэя, зямля, што нараджае найбуйнейшыя рэкі рэгіёну У нашым Космасе няма месца глабалізацыі, бессэнсоўнаму спажыванню і сімулякрам грамадства спектаклю, у нашым Сусвеце святыні – гэта Род і Вада-Зямля, наш народ і нашая тысячагадовая Айчына. І менавіта таму мы звяртаемся да мовы эксперыментальнай музыкі, бо ў часы Калі-Югі любая музыка, што карэніцца ў Традыцыі, апрыёры лічыцца эксперыментальнай, альтэрнатыўнай.

 

Мы не імкнемся ўзбагаціць культурнае жыццё Беларусі яшчэ адным фэстам з добрай музыкай. Наша мэта прасцей і адначасна складней – мы хочам перанесці на беларускую глебу традыцыі лепшых еўрапейскіх неафолк-фэстаў. Мы імкнемся стварыць свята для людзей, аб’яднаных блізкімі поглядамі, супольнымі мэтамі ды агульнай мрояй. Для нас CRIVIA AETERNA – гэта, найперш, сустрэча сяброў і паплечнікаў.

 

За чатыры папярэднія гады мы пазнаёмілі беларусаў з лепшымі прадстаўнікамі фолк / пост-фолк / неафолк музыкі Беларусі, Расіі, Нямеччыны. На нашай сцэне пабывалі гэткія цудоўныя гурты як РИТУАЛЬНЫЙ ФРОНТ, VISHUDHA KALI, ЛИХОЛЕСЬЕ, MOON FAR AWAY, PRAGNAVIT, ESSA, GUDA, OSIMIRA, ORPLID / BARDITUS.

 

25 верасня ў Менску пройдзе пяты міжнародны фестываль неафолка CRIVIA AETERNA, прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы. І мы вельмі радыя паведаміць добрыя навіны ўсім аматарам якаснай этнічнай музыкі – адмыслова для вас выступіць лепшы этна-гурт Літвы DONIS у сваім «залатым» складзе – разам з выбітнай спявачкай Расай Сэрай!

 

Запрашаем усіх аматараў якаснай этна-музыкі ў R-клуб (вул. Сурганова, 26) у суботу 25 верасня!

 

На пятым фэсце CRIVIA AETERNA таксама выступяць: лепшы неафолк-гурт ахопленай агнём Расіі MAJDANEK WALTZ, старэйшы рытуальны эмбіент-праект Беларусі PRAGNAVIT, martial-адкрыццё з Гомеля SVALBARD, патрыярх дударскай традыцыі Крывіі Тодар Кашкурэвіч і ягоны гурт ESSA, мінезінгеры з TESTAMENTUM TERRAE ды іншыя.

 

Кошт квіткоў: 35 тыс. руб. папярэдне і для іншагародніх (пры наяўнасці праезднага білета), 40 тыс. руб. у дзень канцэрта.

 

Інфармацыя па тэлефонах: (029) 6466497 і (029) 7083191.

 

Падрабязней:

 

http://www.stigmata.name/archives/3286

 

kryuja.org