Выстава «Аспекты жыцця: рэльеф і скульптура з воўны» шведскай мастачкі па тэкстылі Гунілы Пэтаў Шоберг адкрылася 2 лістапада ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску. Воўна — «добры ўзор новых шляхоў у нашым свеце, ва ўстойлівым развіцці», тлумачыць свой выбар матэрыялу мастачка ў анатацыі да выставы.

«Я проста страціла мову, — падзялілася сваімі ўражаннямі ад адкрыцця «Аспектаў жыцця» Гуніла Шоберг. — Найбольшы падарунак для мяне — калі я бачу той энтузіязм, які ёсць у краіне. Не думаю, што столькі людзей ў мяне было на вернісажы ў Швецыі».

«Мне прыемна, што гэтая выстава адбылася ў нас у Беларусі», — сказаў народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч. Прадстаўленыя на выставе творы ён назваў «сучасным высокім мастацтвам». Паводле Шаранговіча, Шоберг — «сапраўдны сучасны мастак», які абраў сучасную форму, што трымаецца, аднак, на старажытных традыцыях.

«Калі я прыехаў у Беларусь, мне падалося вельмі цікавым менавіта народнае мастацтва», — адзначыў пасол Швецыі Стэфан Эрыксан, віншуючы наведвальнікаў выставы з яе адкрыццём. «Шмат агульнага ёсць у нашых культур менавіта ў народным мастацтве», — заўважыў ён.

Выстава арганізаваная пры падтрымцы Шведскага інстытута (Стакгольм) і пасольства Швецыі ў Беларусі. У адкрыцці выставы бралі ўдзел намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стрыжэцкі, намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Сяргей Цімохаў, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч, беларускія вучні Гунілы Шоберг. Выставу адзначыў сваёй прысутнасцю таксама міністр культуры Беларусі Павел Латушка.

Гуніла Пэтаў Шоберг (нарадзілася ў 1942 годзе) жыве зараз ў Больсце, што блізу Стакгольма. Атрымала адукацыю ў Швецыі і Фінляндыі. Шоберг ператварыла старажытную манеру валяння лямцу ў мастацкі сродак. Мясцовыя тэхнікі валяння лямцу мастачка вывучала ў Беларусі, Венгрыі, Манголіі, Туркменіі і Турцыі. Працы Шоберг прадстаўленыя ў Нацыянальным музеі Швецыі, Шведскім нацыянальным грамадскім савеце па мастацтве, а таксама ў прыватных калекцыях у Швецыі і за яе межамі. Мастачка мела выставы ў шэрагу краін, сярод якіх — ЗША і Манголія. За сваё мастацтва яна атрымала шэраг узнагарод.

Выстава твораў Гунілы Шоберг працягнецца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску (пр-т Незалежнасці, 47) да 14 лістапада.

 

Антон Тарас, БелаПАН