Праграму на вершы беларускіх класікаў Лявон Вольскі прэзентуе ў Гродне 25 красавіка. Гэта першы канцэрт у рэгіёне пасля двух аншлагавых выступаў Вольскага ў Мінску.

 

Новыя песні на вершы Чачота, Міцкевіча, Багушэвіча, Багдановіча, Купалы, Коласа, Броўкі, Танка, Куляшова, Геніюш, Панчанкі, Барадуліна Лявон Вольскі прэзентаваў у Мінску год назад, даўшы два аншлагавыя канцэрты ў КЗ «Мінск» і Купалаўскім тэатры. Канцэрт у Гродне пройдзе ў абласной філармоніі.

 

У сувязі з адменай шэрагу канцэртаў беларускіх музыкаў і з’яўленнем чутак пра гэтак званыя «чорныя спісы» мы спыталі арганізатараў выступу Вольскага ў Гродне, ці ёсць небяспека, што канцэрт адменяць:

 

— У нас ёсць падпісаная дамова з абласной філармоніяй. Але канешне, мы троху асцерагаемся рэакцыі з боку ўлад, але пакуль аб’ектыўных прычын адмяняць канцэрт няма.

 

Імпрэза адбудзецца ў 19 гадзін. Кошт квіткоў — ад 15 да 40 тысяч рублёў.

 

Пасля выступу ў Гродне канцэрт Вольскага «Белая яблыня грому» мае адбыцца ў Брэсце.

 

t-styl.info