Дабрачынны канцэрт сімфанічнай музыкі пад назвай “Дарога любові” пройдзе 2 ліпеня ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Такі падарунак мінчанам падрыхтавала Беларускае грамадска-культурнае таварыства Санкт-Пецярбурга.

Аўтарам музыкі з’яўляецца вядомы беларускі кампазітар з Санкт-Пецярбурга, кіраўнік Творчай садружнасці “Маэстра” Леанід Левашкевіч. Творчая садружнасць “Маэстра” яднае музыкаў, кампазітараў, паэтаў, масткоў ды іншых творцаў. Дзейнасць садружнасці скіравана на садзейнічанне яе сябрам ў творчым развіцці і рэалізацыі аўтарскіх праетаў у галіне культуры. Канцэртныя праграмы “Маэстра” з поспехам праходзілі ў Расіі, Кітаі, Індыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Фінляндыі.

Падчас прэс-канферэнцыі з нагоды канцэрта ў Мінску Леанід Левашкевіч адзначыў, што ўжо даўно марыў прывезці сваю музыку ў Беларусь і вельмі рады, што атрымалася прымеркаваць канцэрт да Дня вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У праграму “Дарога любові” ўвайшлі творы самых розных музычных жанраў: вальс, рапсодыя, танга, полька, рэгтайм…

Па словах аднаго з арганізатараў канцэрта, сябра Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу Аляксандра Станкевіча, праграма “Дарога любові” ўжо атрымала прызнанне публікі ў Расіі. Канцэрт 2 ліпеня будзе па-свойму ўнікальным. Многія творы прагучаць упершыню менавіта на мінскай сцэне, адзначыў Аляксандр Станкевіч.

Канцэрт ў Мінску стаў магчымым дзякуючы падтрымцы бізнесменаў з Санкт-Пецярбурга, якія маюць беларускія карані. Таксама дапамогу ў арганізацыі канцэрта аказвалі Камітэт па знешніх сувязях Санкт-Пецярбурга, Амбасада Расіі ў Беларусі.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”