Праект Сяргея Кірушчанкі


“Надышоў час шчыльна заняцца прыземленым мастацтвам”,

 

які прадстаўлены ў рамках экспазіцыі, складаецца з 4 жывапісных паліптыхаў (размешчаныя па трох сценах галерэі і ў цэнтры залі), шоўкаграфіі з 10 частак (на сцяне па левую руку таго, хто ўваходзіць у галерэю), фота-дакументацыі і слайд-шоў (у суаўтарстве з Г. Сакаловай і О. Юшко).

 

Як відаць з назвы, выкананыя ў гэтых розных тэхніках працы, аб’яднаныя адной тэмай — “прыземленае мастацтва”. Разумець яе мастак прапануе наўпрост і праз шэраг метафар.

 

Наўпроставы зварот да гэтай тэмы вяртае нас у вёску Ўрода Лепельскага раёну. Менавіта там у выніку “некалькіх месяцаў узірання ў накрыўленыя вакол пабудовы з лічбамі і пазначкамі для зборкі-разборкі” у мастака і нарадзілася ідэя супрацьпаставіць мастацтва паміранню і разбурэнню. Аднак каб гэта зрабіць, Сяргею давялося звярнуцца да метафар. Першы пласт метафар супастаўляе мастацтва, што выкарыстоўвае перадавыя тэхналогіі і беларускую вёску, якая застаецца ўбаку ад іх. Гэтае супастаўленне выяўляецца ў напружанні паміж асноўным сюжэтам прац — зрубам вясковага дому — і тэкстам, што выступае на ім ягоных частках. Напісанне тэкста па-ангельску, чужое для рэалій беларускай вёскі, толькі падкрэслівае гэтую напружанасць, а таксама прыводзіць да ідэі пра складанасць стасункаў любога тэкста і кантэкста.

 

Супрацьпастаўленне прыроднасці беларускай вёскі і тэхналагічнасці мастацтва дасягаецца зваротам Сяргея Кірушчанкі да тэхнік і ідэяў “канкрэтнага мастцтва” і “мінімалізму”. Гэты зварот дазваляе мастаку літаральна дашчэнту разабраць вясковы дом. Аднак у выніку гэтага дом не знікае, а набывае новую, мастацкую рэальнасць, ці цела (якое мы бачым на паліптыхах).

 

Уплятанне ў гэтае цела літараў англійскага алфавіту і цэлага сказа, які распавядае, што надышоў час для прыземленага мастцтва, дае яму новы каркас, ці скелет.

 

Імкненне зразумець вытокі мастацтва мінімалізму дазваляе Сяргею Кірушчанку не толькі знайсці адэкватныя сродкі для заняткаў “прыземленным мастацтвам”, але і звязаць структураванне сваіх пачуццяў, выкліканых досведам пражывання вясковага жыцця, з логікай развіцця формы, за якім можна назіраць, пераходзячы ад фотадакументацыі і слайд-шоў да шоўкаграфіі і жывапісных паліптыхаў.

 

Вольга Шпарага