25 верасня а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца беларуска-латышская вечарына з Сяргеем Панізнікам «У храме Бацькаўшчыны».
Сяргей Панізнік – аднолькава жаданы госць у Празе, Рызе, Вільні, Львове… Пералік замежных сталіц і гарадоў можна працягваць: беларускі паэт нястомна ўмацоўвае культурныя повязі з краінамі блізкага і далёкага замежжа. Ён шмат зрабіў для ўмацавання сяброўства між Беларуссю і Латвіяй ды не толькі – ён адначасова з’яўляўся старшынёй Таварыства Беларусь-Латвія і намеснікам старшыні Таварыства Беларусь-Чэхія. Дзе б ні быў Сяргей Панізнік, творца вяртаецца ў родныя мясціны, у свой Храм, знаёміць з новымі набыткамі літаратуры. Беларуска-латышская вечарына – гэта магчымасць не толькі пачуць латышскую паэзію ў перакладах нашых беларускіх творцаў, але і даведацца, што пісалі пра Латвію беларускія літаратары, пачуць пра літаратурныя ўзаемасувязі Беларусі з Латвіяй.

У вечарыне прымуць удзел супрацоўнікі Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вядомы навуковец, прафесар Адам Мальдзіс, паэт Анатоль Дзялендзік, выдавец Віктар Хурсік, мінскія латышы Андрэй Гуцаў, Ларыса Голуб. Аздобяць вечарыну студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.