Гараджан запрашаюць паўдзельнічаць у вулічных танцах пад беларускую дуду. Таксама ў праграме традыцыйныя беларускія гульні і спевы.

Імпрэзу ладзіць музей этнаграфіі разам з магілёўскімі і віцебскімі сябрамі ГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства». Адмыслова на свята ў Магілёў прыедзе вядомы дудар з Лепеля Васіль Шкіндзер.

Святам вулічнай музыкі арганізатары вырашылі адзначыць дзень восеньскага раўнадзенства, так званы «Багач». Пра яго паходжанне і месца ў традыцыйным беларускім календары, ўсім жадаючым распавядуць супрацоўнікі музея этнаграфіі перад пачаткам танцавальна-спеўнай часткі.

Проста прымусіць магілёўцаў ўсміхаца

Па словах аднаго з арганізатараў свята, падобныя рэчы даўно ладзяцца на вуліцах іншых гарадоў Беларусі, не кажучы ўжо пра Еўропу:

— Не толькі актыўны ўдзел, але і пасіўнае назіранне за жывымі праявамі культуры, на наш погляд, выконвае некалькі важных роляў.

Па-першае, гэта візуалізуе беларускую традыцыйную культуру, што дазваляе кожнаму бачаць і адрозніваць «сваё і чужое».Па-другое, калі на вуліцах горада гучыць жывая музыка, — гэта стварае адпаведны настрой, творчую атмасферу.

Ну, ўрэшце, проста прымушае гараджан ўсміхацца. А гэта, згадзіцеся, таксама важна, — адзначыў хлопец.

Уваход на мерапрыемства вольны

Пачатак імпрэзы 24 верасня ў Музеі этнаграфіі (вуліца Першамайская, 8) у 15:30. Танцы распачнуцца ў 16:00. (абноўлена).

Тэлефоны для даведак: (029) 242-37-22, Яўген; (029) 331-82-77, Алесь.