31 кастрычніка а 18-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца прэзентацыя кнігі літаратурнай эсэістыкі Андрэя Федарэнкі «Сечка».

Андрэй Федарэнка — беларускі празаік, скончыў Мазырскі політэхнічны тэхнікум, бібліятэчны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Працаваў муляром, на чыгунцы, бібліятэкарам, карэктарам, загадчыкам аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя», на кінастудыі «Беларусьфільм», загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць», супрацоўнікам аддзела прозы і паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва».

У новую кнігу пісьменніка ўвайшлі эсэ, якія былі напісаны на працягу апошніх 10 гадоў. На думку даследчыцы М.Верціхоўскай, кніга ўяўляе сабой мазаіку з перлаў. Яе выхад — сапраўдная падзея ў найноўшай літаратуры. Літаратуразнаўца лічыць, што феномен «сечкі» Федарэнкі ў тым, што яна замешана на мастацкасці.

У прэзентацыі возьмуць удзел літаратары Ірына Шаўлякова, Аксана Бязлепкіна, Зміцер Вішнёў, Ганна Дусь, Алесь Емяльянаў. Аздобай мерапрыемства стане музыка ў выкананні гурта «Alta Mente».