Беларускую дыктатуру почасту называюць непрадказальнай, а кіраўніка краіны — эксцэнтрычным. Але беларускі рэжым мае і сваю лёгіку, і сваю этыку.

Беларускую дыктатуру почасту называюць непрадказальнай, а кіраўніка краіны — эксцэнтрычным [1]. Гэтая ацэнка, характэрная збольшага для заходніх назіральнікаў, падкрэсьлівае этычную й лягічную несумяшчальнасьць дзьвюх сыстэмаў. З гледзішча Захаду краіна на ўсход ад Польшчы — чорная дзірка на мапе Эўропы зь незразумелымі паводзінамі.

Але беларускі рэжым мае і сваю лёгіку, і сваю этыку.

Гэта этыка аўтарытарызму.

Аўтарытарнае псыхалёгіі прысьвечаныя клясычныя працы Фрома, Адорна, Маркузэ, Райха [2], насычаныя псыхааналізам і лявацкімі інтэнцыямі. Але, ня­гледзячы на каштоўныя вынікі, гэтыя творы болей прыдатныя для сацыяльнае крытыкі й пратэстнае мітатворчасьці, чым да дакладных прагнозаў (кнігаў Адорна і Фрома гэта тычыцца ў меншай ступені).

На пачатку 1980-х гадоў расейска-амэрыканскі псыхоляг і матэматык Ўладзімер Лефеўр у працах «Формула чалавека» і «Альгебра сумленьня» прапанаваў іншы погляд на аўтарытарную этыку [3].

У мадэлі Лефеўра чалавек інтуітыўна схільны да рэфлексіі, а сумленьне, што адрозьнівае дабро ад зла — «аўтаматычны працэсар, укаранёны ў чалавечай істоце» [4]. Ёсьць уплыў сьвету, які падштурхоўвае чалавека да дабра ці зла; ёсьць вобраз сьвету (дый сябе) — і ёсьць намер зрабіць свой выбар. Сам чалавек, ягоны ўнутраны сьвет, стасункі паміж людзьмі, пачуцьці віны і пакуты апісваюцца падкрэсьлена спрошчана — з дапамогай апарату Булевай альгебры [5]. Але такая мадэль «папяровых чалавечкаў» з рэфлексіяй прывяла да нечаканых высноваў.

У альгебры сумленьня 0 — «зло», 1 — «дабро», акт рэфлексіі — лягічная імплікацыя b —> a, знакі «+» і «•» — стасункі паміж людзьмі. Але знакі «+» і «•» — можна тлумачыць па-рознаму. У адным выпадку «+» ёсьць канфрантацыя, а «•» — кампраміс, у другім — наадварот. Такім чынам, зьяўляюцца дзьве несумяшчальныя этычныя сыстэмы, са сваімі сьвятымі, героямі, абываталямі і крывадушнікамі (пры гэтым адна з сыстэмаў мае моцныя аўтарытарныя інтэнцыі).

Лефеўр адкрыў этычныя сыстэмы на паперы — і пацьвердзіў экспэрымэнтальна, тэстуючы ўцекачоў з СССР і амэрыканцаў (як і кананічных літаратурных герояў).

Без засяроджваньня на матэматыцы дамо сьціслае апісаньне гэтых сыстэмаў; ацэнім беларускую сытуацыю — і паспрабуем зрабіць прагноз.

 1. ПЕРШАЯ І ДРУГАЯ ЭТЫЧНЫЯ СЫСТЭМЫ ПАВОДЛЕ ЛЕФЕЎРА

Аксіёмы, рысы і прыклады для першай і другой этычных сыстэмаў, як іх называе Лефеўр, зьведзеныя ў табліцу [6] і дапоўненыя тлумачэньнямі.

ПЕРШАЯ ЭТЫЧНАЯ СЫСТЭМА ДРУГАЯ ЭТЫЧНАЯ СЫСТЭМЫ
Агульныя аксіёмы
1. Калі індывід, які знаходзіцца ў стане зла, усьведамляе гэты стан, ён пераходзіць у стан дабра.

Іншымі словамі: Зло, што ўсьвядоміла сябе як зло, стаецца дабром. Матэматычна: 0 —> 0 = 1.

Прыклад: Пакаяньне (хоць яно можа быць розным у розных сыстэмах). У першай — гэта каята ў канфліктнасьці; у другой — раскаяньне ў кампрамісе з абавязковым ворагам.

2. Дабро, што ўсьвядоміла зло, застаецца дабром. Матэматычна: 0 —> 1 = 1.

3. Дабро, што ўсьвядоміла дабро, застаецца дабром. Матэматычна: 1 —> 1 = 1.

4. Зло, што ўсьвядоміла дабро, застаецца злом. Матэматычна: 1 —> 0 = 0.

5. Канфрантацыя дабра і дабра, роўна, як і кампраміс дабра і дабра, ёсьць дабром. Матэматычна: 1 + 1 = 1 ці 1 • 1 = 1.

6. Канфрантацыя зла і зла, роўна, як і кампраміс зла і зла, ёсьць злом. Матэматычна: 0 + 0 = 0 ці 0 • 0 = 0

Аксіёмы адрознасьці 1. Канфрантацыя дабра і зла ёсьць дабром. Матэматычна: 1 + 0 = 1.

Іншымі словамі: «Любіце ворагаў сваіх і маліцеся за тых, што прыгнятаюць вас» (Мц, 5:44).

2. Кампраміс дабра і зла ёсьць злом. Матэматычна: 1 • 0 = 0.

Іншымі словамі: Мэта не апраўдвае сродкаў. «Сьветлае прышлае ўсяго чалавецтва ня вартае сьлязінкі закатаванага дзіцяці».

1. Канфрантацыя дабра і зла ёсьць злом. Матэматычна: 1 • 0 = 0.

Іншымі словамі: Калі вораг не здаецца, яго зьнішчаюць. «Слава нацыі! Сьмерць ворагам!»

2. Кампраміс дабра і зла ёсьць дабром. Матэматычна: 1 + 0 = 1.

Іншымі словамі: Мэта апраўдвае сродкі. «Лес рубяць, трэскі ляцяць».

РэфлексіяЗдольнасьць рабіць складаную рэфлексію «кампактнай».

У чалавека застаецца вобраз сябе ў вобразе сябе. Гэта спрыяе дзейснаму выбару.

Няздольнасьць рабіць складаную рэфлексію «кампактнай».

У чалавека застаецца вобраз сябе ў вобразе сябе, у якога ёсьць вобраз сябе ў вобразе сябе… і г. д. — ня меней за пяць паверхаў. Нязгорнутая рэфлексія ўскладняе выбар.

Прыклад: «Да таго ж я яшчэ і прымхлівы страшэнна; ну, хоць і не настолькі, каб паважаць мэдыцыну. (Я даволі адукаваны, каб ня быць прымхлівым, але я прымхлівы.) Не-с, я не хачу лячыцца са злосьці. Вось вы гэта, напэўна, ня зможаце зразумець. Ну-с, а я разумею. Я, вядома, ня здолею вам растлумачыць, каму менавіта я насалю ў гэтым выпадку…» [7]

Тыповая ахвярнасьць Праз саюз зь іншым чалавекам:

«Хоць гэта вельмі цяжка, але я павінен працягнуць руку гэтаму чалавеку, інакш я ўпаду ва ўласных вачох». [8]

Праз варажнечу зь іншым чалавекам:

«Хоць гэта вельмі цяжка, але я павінен супрацьпаставіць сябе гэтаму чалавеку, інакш я ўпаду ва ўласных вачох». [9]

Нарматыўная рэгуляцыя Праз забарону зла.

Прыклады:

1) Ня май іншых багоў, апроч Мяне; Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна; <…> не забівай; не чужалож; не крадзі; ня сьведчы фальшыва супраць бліжняга твайго; не пажадай жонкі бліжняга твайго; не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму (Зых. 20, 2—17).

2) Не рабі іншым таго, чаго не жадаеш сабе.

Праз абавязковасьць дабра.

Прыклады: 1) «Калектывізм і таварыская ўзаемадапамога; кожны за ўсіх, усе за аднаго;

Гуманныя стасункі і ўзаемная павага паміж людзьмі: чалавек чалавеку — сябра, таварыш і брат; …узаемная павага ў сям’і, клопат пра выхаваньне дзяцей…» [10]

2) «Піянэр — усім дзеткам за прыклад. Любіць школу, паважае старэйшых». [11]

Сумневы, што вораг — вораг1) Сумневы ў адэкватнасьці вобразу суперніка павышаюць этычны статус.

2) Сумнеў у ацэнцы сваіх стасункаў з супернікам як удзельнікам канфлікту, павышае этычны статус.

Вынік: Схільнасьць да кампрамісу зь іншым чалавекам. Фанатык ня мае маральнае перавагі над сваім ворагам.

1) Сумневы ў адэкватнасьці вобразу суперніка паніжаюць этычны статус. Чалавек ня мусіць сумнявацца ў сваім ворагу.

2) Сумнеў у ацэнцы сваіх стасункаў з супернікам як удзельнікам канфлікту, паніжае этычны статус.

Вынік: Схільнасьць да бескампраміснасьці ў стасунках зь іншым чалавекам. Фанатык можа мець маральную перавагу над сваім ворагам.

Людзі з максымальным этычным статусам Неабходныя тры ўмовы:

1) У індывіда карэктны вобраз сябе;

2) Індывід сумняецца ў карэктнасьці вобразу сябе, ці вобразу партнэра, ці ў тым і другім;

3) Індывід лічыць, што ў суперніка некарэктны вобраз сябе, ці суперніка, ці абодвух.

Прыклад: Гамлет — адзін з эталённых герояў. Ён сумняецца і ў сабе, і ў Клаўдзію. Гамлет мае маральную перавагу над Клаўдзіем.

Неабходныя тры ўмовы:

1) У індывіда карэктны вобраз сябе;

2) Індывід сумняецца ў адэкватнасьці свайго вобраза, але ніколі не сумняецца ў адэкватнасьці вобраза суперніка.

3) Індывід лічыць, што ў ягонага суперніка некарэктныя вобразы й сябе, і іншага.

Прыклад: Паўка Карчагін з кнігі Астроўскага «Як гартавалася сталь». Сумняецца ў сабе, але ніколі не сумняецца ў ворагу. (Гамлет перавагі над Клаўдзіем ня мае).

Пэрспэктыва разьвязаньня канфліктуУ межах сыстэмы могуць існаваць працэдуры разьвязаньня канфлікту, пры якіх бакі ня падаюць ва ўласных вачох.У межах сыстэмы ня можа існаваць працэдураў разьвязаньня канфлікту, пры якіх бакі ня падаюць ва ўласных вачох. Супернік альбо зьнішчаецца, альбо канфлікт ліквідуецца вышэйшай інстанцыяй.СамаарганізацыяСамаарганізацыя грамадзтва тым лепшая, чым вышэйшы этычны статус грамадзянаў. У ідэале ўсе індывіды належаць да гераічнага тыпу — і кожны здольны на ахвярны кампраміс зь іншым.Самаарганізацыя грамадзтва тым лепшая, чым ніжэйшы этычны статус грамадзянаў. Грамадзтва дасягае стабільнасьці, калі зьнішчае жывых носьбітаў свайго гераічнага ідэалу.

Можна адцеміць, што ў некаторай ступені першая першая сыстэма — нагадвае «этыку адказнасьці», а другая «этыку перакананьняў» Макса Вэбэра [12], хаця адкрыцьцё Лефеўра — цалкам арыгінальнае.

Першая этычная сыстэма дамінуе на Захадзе; другая — у колішнім Савецкім Саюзе. Але бескампраміснасьць да ворага — і неразборлівасьць у сродках — сьведчаньне ня толькі сканалага камунізму, але й гераічнага паганства.

Маці рэжа ўласных сыноў і корміць іхным мясам ворага-мужа. Каб ня выдаць таямніцы, брат патрабуе жорсткай сьмерці для ўласнага брата. Бацька пазнае ў суперніку сына, але ўсё роўна забівае яго ў паядынку. Гэта вобразы «Грэнляндзкай песьні пра Атлі».

У архаічна-вусьцішным гераізьме чэрпаюць натхненьне кананічны Паўлік Марозаў, які выдаў уладам свайго кулака-бацьку, — і апеты ў вершах бацька Мінай, які не згадзіўся на кампраміс, калі былі ўзятыя ў закладнікі ягоныя дзеці.

Сучасны беларускі рэжым доўжыць лінію бязьлітаснай непахіснасьці.

Менавіта таму — навязьліва-трэшавы культ мінулай вайны, дзе вобразы ворагаў усё болей нагадваюць старыя прапагандысцкія карыкатуры, зь якімі савецкае мастацтва разьвіталася шчэ ў 1950-я гг. (І менавіта таму карціна «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі з этыкаю любові — недапушчальны ідэалягічны падрыў.)

У фільме «Глыбокая плынь» (2005) Маргарыты Касымавай і Івана Паўлава (аўтара лукашэнкаўскага глямура «На сьпіне ў чорнага ката») — румяныя партызаны, якія гераічна ахоўваюць лясны аэрадром, не сумняюцца ў сваіх ворагах. Самая ачалавечаная ў фільме — вайсковая статыстыка: «зьнішчана столькі непрыяцеляў, захоплена столькі дый столькі зброі».

Гераіня беларуска-расейскай стужкі Алы Крыніцынай «Радзіма альбо сьмерць» (2007) — энкавэдэшніца, якая перавэрбоўвае маленькіх дзетак-дывэрсантаў, закінутых у вайсковы тыл. Найлепшая рыса ейнага характару — нязломнасьць. Крык, форма, што абцягвае цела, — і наган у руцэ. Яна расстрэльвае бязьвіннага чалавека, каб завэрбаваць ягонага брата, і гатовая выбіць зубы кожнаму, хто сумняецца ў сталінскай сьвятасьці.

А вось добры чэкіст у бяздарнай да геніяльнасьці карціне Юр’я Бяржыцкага «Вам заданьне», пастаўленай у 2004 г. паводле раману сэнатара Чаргінца, трызьніць ворагам нават на ўласным вясельлі. Герой дзеліцца думкамі зь нявестай — і яна шчыра падзяляе ягоную заклапочанасьць [13].

Варта заўважыць, што прывіды аўтарытарнае непахіснасьці характэрныя ня толькі для рэжыму. Так, у закліках Зянона Пазьняка адчуваецца, што Беларусь для яго — абсалютнае дабро, Расея — прэтэндэнтка на абсалютнае зло, і ніякія кампрамісы зь няпрыяцелем немагчымыя. Зь іншага боку, у лібэральнай крытыцы беларускага адраджэньня гучаць сталёвыя ноткі канфрантацыі й выкрыцьця [14].

Але па-за канкурэнцыяй — «дзяржава» з кулакамі сілавікоў, тэлевізія — з чорнымі сьпісамі ворагаў — і ейны першы герой, здольны з бадзёраю зухаватасьцю распаліць каналізацыйную вайну з дыпляматамі [15] і абліць «адмарозкаў» брудам.

І ўсё ж такі ваенная прапаганда млява і сарамліва туліцца дзесьці на задворках «Беларусьфільму», так амаль нікім і не пабачаная; у радыёпрамовах зьяўляюцца паўзы — і вымушаныя «чужынскія» інтанацыі; другасыстэмная этыка ў Беларусі, прынамсі, ва ўладарных вярхах, знаходзіцца ў стане эрозіі — і гэтая эрозія шырыцца.

Адзнакамі гэтага стаецца і адсутнасьць «вялікага апавяданьня», нягледзячы на ўсе высілкі стварэньня дзяржаўнай ідэалёгіі; і недапушчальная ў савецкі час «шынельная эротыка» ў фільмах пра самае сьвятое — вайну [16].

Красуня хавае грудзі ад гнюснага позірку фашыста, які будзе расстраляны мужнымі партызанамі («Глыбокая плынь»); дотык уначы, патрыятычна-затуманеныя вочы, хрыплы подых, аголенае жаночае цела пад шынялём («Яшчэ пра вайну» Пятра Крывастаненкі [17]).

І, нарэшце, сцэнка, якая выклікала непадробнае захапленьне школьнікаў, сабраных на прымусовы занятак «ідэйнага выхаваньня». Полавы акт шпега і ягонае палюбоўніцы — зьняты на замову Міністэрства абароны Беларусі («Шчыт Айчыны» Дзяніса Скварцова [18]). Зроблена гэта з такім смакам і з такой зайздроснай глямурнаю радасьцю, што не прыходзіцца сумнявацца: колішнія непахісныя барацьбіты згубілі ўсялякія арыенціры.

 2. ВЯЛІКАЯ ГРЫЗЬНЯ

Этычная сыстэма, што дамінуе ў грамадзтве, не ўвасабляецца цалкам у галаве кожнага — заўжды ёсьць тыя ці іншыя субкультурныя супольнасьці. Этыка дамоваў і кампрамісу пераважае ў заходняй культуры — але з гэтым ня згодныя тэрарыстычныя, фэмінісцкія [19] ці фундамэнталісцкія групы. Нязломная канфрантацыя пануе ў расейскіх сэрцах, натхнёных баявымі апавяданьнямі, «як далі ў морду гэтым грузінам», — але дзесьці ў інтэлігенцкіх і навуковых колах ліпее думка пра перамовы й кампраміс.

У яшчэ большай ступені прасякнутае этыкай дамовы беларускае грамадзтва, для якога доўгі час памяркоўнасьць была пазнакаю здольнасьці ўжывацца. Але нават калі забыць пра старыя традыцыі і беларускую мэнтальнасьць (спэкулятыўныя развагі на гэтую тэму хоць і зачароўваюць, але бясплённыя), то рэжымная этыка падточаная знутры.

Прычына гэтага — грубы ўтылітарызм, які зводзіць этыку гераічнай нянавісьці да дробнай мэркантыльнасьці, малапрыдатнай для калектыўнага дзеяньня.

Маральныя правілы рэжыму можна сьцісла падсумаваць так:

1) Дабро — усё, што карысна для Лукашэнкі, зло — усё, што яму замінае [20];

2) Беларусь (= дзяржава) атаясамліваецца з Лукашэнкам; нарматывы дабра і зла фармулююцца ад ейнага імя;

3) Прыватную этыку дазваляецца і прадпісваецца будаваць на такіх жа ўтылітарных прынцыпах зь легальнай заменай галоўнага суб’екта на сябе самога — але яна павінна быць незаўважнай.

У гэтых правілах — невынішчальная супярэчнасьць. Ёсьць сакральна-палітычны цэнтар, які пнецца раздуцца на ўсё — але гэта не ўдаецца, і чыноўнікі заміраюць у ветлым чаканьні. Ёсьць прыватны імпэт у засені Першага дыскурсу, але «прыватнік» імкнецца за свае межы — дый сам іх дакладна ня ведае (як ня ведаюць і стомленыя загадчыкі зьверху). У засені дэкляраванай «стабільнасьці» распальваецца гобсаўская вайна ўсіх супраць усіх, ідзе Вялікая грызьня, якая не гарантуе цэласьці нават новай хакейнай формы.

Гераічна-таталітарнае апавяданьне магло б сьцішыць вайну й выступіць абагульненай нормай. Але яно даўно разьмененае на БРСМаўскую зьніжку ў цырульню «90 гадоў камсамолу» ды халяўны квіток «Вашага лято», разрэклямаванага зьніякавелым вэтэранам з ордэнам.

Нарматыўныя вобразы бескампрамісных сьвятых і агрэсіўных герояў, што адметныя для другой этычнай сыстэмы, распадаюцца й дыскрэдытуюцца.

 3. СЬВЯТЫЯ КРЫВАДУШНІКІ І ГЕРОІ-АБЫВАТАЛІ

Кожная этычная сыстэма мае сваіх сьвятых, герояў, крывадушнікаў і абываталяў.

Сьвятыя і героі схільныя да ахвярнасьці, але сьвяты сьціплы, дакарае сябе, а герой упэўнены — з высокай самаацэнкай. У сваю чаргу, крывадушнікі й абываталі — неахвярныя, толькі ўсьцешаны крывадушнік лічыць сябе героем, а абываталь купляе супакой коштам уласнай віны.

Хоць агульныя апісаньні нарматыўных пэрсанажаў падобныя (нават матэматычныя формулы аднолькавыя!) [21], сьвятыя, героі, крывадушнікі й абываталі — розныя для розных этычных сыстэмаў.

Сьвяты ў этыцы кампрамісу — неагрэсіўны і імкнецца да любові. Гэта тыповы хрысьціянскі сьвяты. Кананічны сьвяты этыкі канфрантацыі — Ленін, агрэ­сіўны, бескампрамісны й сьціплы. У гістарычна-рэвалюцыйнай кінадылёгіі Міхаіла Рома [22], якая на доўгія гады сталася эталёнам для прапаганды, Ленін дакарае сябе за любоў да музыкі Бэтговэна, бо яна «прымушае гаварыць людзям прыемнасьці, гладзіць па галоўцы — а трэба біць па галовах, біць».

Джон Кенэдзі, які пайшоў на кампраміс, каб выратаваць сьвет ад ядравага зьнішчэньня, не параўнаецца з героем Паўлікам Марозавым, які даносіў на ўласнага бацьку; засмуціў бы Паўку Карчагіна, які ніколі не забываў ворагаў — і саступае ў крыважэрнасьці беларускаму хлопчыку, які марыў «страляць з кулямёта ў сабачыя сэрцы зьвяр’я» [23].

Кенэдзі — герой першай этычнай сыстэмы, але ніяк не другой.

У межах другой этычнай сыстэмы — ён крывадушнік, бо мае высокую самаацэнку й імкнецца да кампрамісу (адмоўныя паводзіны згодна з этыкай канфлікту). У сваю чаргу, паводле этыкі кампрамісу, хлопчык-даносчык і камсамолец-сталініст — падступныя пачвары, для якіх няма нічога сьвятога.

Нарэшце, сьвяты этыкі кампрамісу — рахманы абываталь з гледзішча канфліктнай сыстэмы: ён ня мае такой каштоўнай якасьці, як агрэсіўнасьць. А «канфліктны сьвяты», адпаведна, у «дамоўных» вачах — хам, хуліган, зьвяглівы камунальны зваднік, ня здольны на ахвярныя перамовы.

Сюжэты зь непаразуменьнем паміж нарматыўнымі пэрсанажамі розных сыстэмаў нагадваюць жывую драму на беларускай палітычнае (геапалітычнай!) сцэне, але ўсё яшчэ і прасьцей, і складаней. Канфліктная аўтарытарная этыка знаходзіцца ў стане глыбокай крызы — і спараджае «на цывілізацыйнай мяжы» такіх мутантных асобаў, як сьвятыя крывадушнікі і героі-абываталі.

Так, пекная дзяўчына Вольга (Юлія Кадушкевіч) са сьвежай тэлевізійнай мэлядрамы Сяргея Сычова «Пакуль мы жывыя» [24], дзе апавядаецца пра «трагічны час распаду Савецкага Саюзу» [25], — непахісная і прынцыповая. Галоўная лукашэнкаўская газэта «Беларусь сегодня» зь ветлай радасьцю называе яе ідэалісткай і дадае супрацьлеглае: «Ідэалісты — гэта нязьдзейсьненыя прагматыкі» [26]. Дзіўнае аксюмароннае сьцьверджаньне.

Гераіня належыць да другой этычнай сыстэмы, дзе бескампраміснасьць — галоўная цнота. Яна рвецца ў юныя камсамолкі (канец 1980-х гадоў!), прагне барацьбы — і ня можа дараваць цынічнаму сакратару Карнею, што той публічна спаліў камсамольскі білет. Але камсамол, Савецкі Саюз, ягоная ідэалёгія распадаюцца; а сама гераіня зусім ня прагне абараняць Леніна, партыю, ВЛКСМ. У першай сцэне дзяўчына задае бацьку пытаньне, якое зьдзіўляе старога камуніста [27] да замілаваньня, — і дае ідэйны ключ да карціны. «Калі дзекабрысты паўсталі супраць цара, то чаму яны спачатку ня выйшлі са свайго саслоўя? Выйшлі б, а потым бы ўжо паўставалі. Атрымліваецца, што яны здрадзілі?»

Нязвыклы клопат маладой камсамолкі пра царскі гонар выдае мараль стужкі. Хоць старая сыстэма аблудная, варта аддана служыць ёй — і ў гэтым пакута.

Хоць лядашчыя стоды рухнулі, прынцыповасьць завісла ў паветры, бескам­праміснасьць задыхаецца як рыба, выкінутая на сушу, а перакананьні сплылі — ахвярнасьць у тым, каб самой заставацца зацятаю бюракраткай. Нечуваны гераізм прыватнага чалавека — добраахвотна стаць чыноўнікам няіснай сыстэмы, апрануць форму, якой няма, абмежаваць сябе інструкцыямі, параграфамі і дэкрэтамі, якія ніколі не былі выдадзеныя ці забытыя назаўжды.

«Пакуль жывая» Вольга — сьвятая «дзяржаўнай ідэалёгіі», мэтафара і ўвасабленьне яе. «Ідэалёгія» ня мае зьместу, затое мае жорсткую форму — гэта граматыка формы, рыторыка формы, вялае перажоўваньне формы, натужлівае патураньне форме — і эксгумацыя формы. Гераіня форме служыць — і пакутуе за яе.

Сьвятасьць тут не адрозьніваецца ад крывадушнасьці. Галоўны вораг сьвятой — цынік і прыстасаванец Карней, які то камсамольскі сакратар, то дэпутат-«дэмакрат», то махляр-прадпрымальнік. Дзяўчына хлопца любіць, але, адрозна ад кананічных рэвалюцыянэрак, пачуцьцяў сваіх не расстрэльвае [28]. Яна паступова «здае» сваю непахіснасьць, прымаючы падарункі ад цыніка, і з выгодай уладкоў­вае жыцьцё ўтрыманкі. Пры гэтым яна не падпускае героя «да цела» — хоць і гэты бастыён, нарэшце, падзе, калі беднасьць заручыць палюбоўнікаў назаўжды [29].

Стаўленьне да ворага з гледзішча другой этычнай сыстэмы ў гэтым фільме недапушчальнае. Вораг — крыніца прынцыповае барацьбы (на словах і ў жэстах) і адначасова — аб’ект неспатольнага жаданьня, угода для цынічнага кампрамісу. А нягоднік-крывадушнік — люстэрка «сьвятой крывадушнасьці», крывадушнасьці — «ідэалістычнай», з ухваленай «прагматычнай» духоўнасьцю.

Такое ж распадзеньне этычных сыстэмаў пануе і ў фільме «Стацкі саветнік» (2005), дзе для перайманьня прапануецца вобраз «героя-абываталя». Гэтая карціна пастаўленая ў Расеі Філіпам Янкоўскім з удзелам Мікіты Міхалкова [30]. Але стужка паказальная для ацэнкі аўтарытарнай этыкі, што захапіла і суседнюю краіну.

Герой карціны (пастаўленай паводле раману Барыса Акуніна) — авантурны Эраст Фандорын, які спавядае этыку першай сыстэмы: «Мэта не апраўдвае сродкаў». Менавіта пра гэта ён гаворыць тлустаму царэвічу-гнюсу, які запрашае яго «паслужыць». Фандорын адмаўляецца служыць нягоднай сыстэме і нягоднымі сродкамі. Але потым вяртаецца. Пакута ў ягоных чорных вачох. Згрызоты сумленьня. Абыватальскі выбар агорнуты болем. Гэта ахвяра — герой абавязаны быць чыноўнікам на дзяржаўнай службе (а сёньня і дзяржавы няма, і служба — няправільная, і вынікаў аніякіх).

Герой пакутуе ад экзыстэнцыйнага нуля, на які памнажаецца ўсё. Ён — чыноўны зомбі [31] з трапяткім сумленьнем, духоўны сваяк Калігулы, заручаны з пагардаю.

4. ТАЙНА КАЛІГУЛЫ

У прапагандысцка-маралістычных тлумачэньнях і закліках (якіх багата гучыць па тэлевізіі), почасту імпэтна сьцьвярджаецца наступнае: «<ворагі> самі вінаватыя!» [32], «так робяць усе!» [33], нарэшце, у памяркоўным варыянце: «а якая розьніца?» ці «ў кожнага — сваё меркаваньне пра дабро й зло».

Маральны рэлятывізм, для якога што дабро, што зло — аднолькава абыякавыя, для чалавечае псыхікі ненармальны. Лефеўр альгебраічна, а экспэрымэнтатары на практыцы засьведчылі, што выбар чалавека фундамэнтальна асымэтрычны — зь перавагай дабра. Так людзі ацэньваюць іншых людзей станоўча зь верагоднасьцю не 50 на 50 (што азначала б для іх раўнаважкасьць дабра й зла), але блізка да залатой прапорцыі — 62 %, ці нават болей, у залежнасьці ад настрою [34].

Прапорцыя 50 % на 50 %, падзел папалам, зьяўляецца толькі ў тым выпадку, калі чалавек у той ці іншай катэгорыі ацэньвае сябе выключна адмоўна [35].

Гэта выпадак Калігулы — як яго апісаў Альбэр Камю ў аднайменнай п’есе:

Калігула. …Табе трэба верыць у нейкую вышэйшую ідэю.

Херэя: Я веру, што адны ўчынкі крыху лепшыя за іншыя.

Калігула: А я — што ўсе раўназначныя [36].

І пагарда — з такім сьветапоглядам — стаецца адзінай аддушынай [37].

А экзыстэнцыйная свабода Калігулы — яшчэ адзін ключык да дыктатуры.

 5. ХАКЕЙ НА ТРАВЕ

Ёсьць толькі два вычварэньні:

балет на лёдзе і хакей на траве.

Фаіна Ранеўская

Беларускі рэжым мае ўсе прыкметы этычнай сыстэмы, што жывіцца канфліктамі й ганарыцца сваёй непахіснасьцю.

Калі для Захаду кампраміс — гэта цнота, то для аўтарытарнае дыктатуры — падзеньне ва ўласных вачох. Калі для дэмакратыі сумневы ў ворагу — неабходныя, бо трэба знайсьці агульную мову, то для рэжыму яны разбуральныя.

Але ў гэтай несумяшчальнасьці ёсьць свае «дзіркі» й навязьлівыя дыялёгі.

Па-першае, дыктатар можа падвышаць свой этычны статус коштам падману. Гэта значыць, што ён знаходзіцца з ворагам у канфлікце — а дурны вораг лічыць, што яны ў саюзе. Такі падман — фірмовы дыктатарскі трук, які шматкроць разыгрываўся, разыгрываецца й будзе надалей грацца, як заежджаная кружэлка.

Па-другое, у абедзьвюх этычных сыстэмах лёгка выглядаць героем, калі вакол абываталі (не гаворачы ўжо пра крывадушнікаў).

Такім чынам, дыялёг з рэжымам магчымы — калі Захад выглядае ў ягоных вачох абываталем, крывадушнікам і дурнем. Для гэтага трэба проста паступова й цьвёрда намагацца саступак [38] у пытаньнях, якія рэжым лічыць няважнымі, але якія для Захаду прынцыповыя.

Дадам, што для гэтага нічога ня трэба рабіць, але толькі заставацца самімі сабой — Захадам у нарматыўным статусе «героя» ці «сьвятога», ахвярнага сваім кампрамісам. (Realpolit-ычны статус першасыстэмнага абываталя тут не спрацуе, бо дыктатурай ён успрымецца, як канфліктна-гераічны — што натхніць на чарговыя прыступы непахіснасьці.)

Калі Калігула не знаходзіў у сабе нічога станоўчага — і цешыўся татальнай пагардай, то беларускі выпадак урачыста высіцца шматлікімі лядовымі палацамі, шамаціць канькамі й лыжаролерамі.

Дыктатура, як «сьвятая крывадушніца» з карціны «Пакуль мы жывыя», гатовая аддавацца, застаючыся непахіснай (практыка падобных актаў шматкроць апрабаваная на Расеі). Непахіснасьць яшчэ пасправакуе скандалы, уедліва будзе пільнаваць кожную коску й кожны чых, але зачараваныя заходнім стандартам беларускія чыноўнікі, якія дзейнічаюць цішком і імпэтна, зацікаўленыя ў эрозіі сыстэмы знутры.

А на іржавых развалінах ужо зьявіліся парасткі новага. Моладзь, якая прайшла Плошчу й судовыя працэсы; вязьні сумленьня, іхныя сваякі і сябры. Ім ня трэба хавацца — гэта героі зусім іншай сыстэмы.

Этыка дамоваў і кампрамісу з годнасьцю пахавае зьвяглівы аўтарытарызм.

______________________________________________________________________

1. Тыповае выказваньне: «Толькі Лукашэнка — настолькі эксцэнтрычны палітык, і ў яго такія дыктатарскія замашкі…» (Эдвард Лукас, аўтар кнігі «Новая халодная вайна» ў гутарцы з журналістам газэты «Rzeczpospolita» Войцехам Лорэнцам. Цыт. паводле: Лоренц В. Европа сама должна разбираться с Россией.

2. Фромм Э. Бегство от свободы. — Москва, 1990; Фромм Э. Анатомия человеческой деструктивности. — Москва, 2007; Adorno Т., Frenkel-Brunswik E., Levinson D. J., Sanford R. N. The Authoritarian Personality. — New-York, 1969; Маркузе Г. Одномерный человек. — Киев, 1995; Райх В. Психология масс и фашизм. — Санкт-Петербург, 1997.

3. Лефевр В. А. Алгебра совести. — Москва, 2003; Лефевр В. А. Формула человека. Контуры фундаментальной психологии. — Москва, 1991.

4. Лефевр В. А. Алгебра совести. С. 1.

5. Менавіта гэтая альгебра, што складаецца з 0 і 1, выкарыстоўваецца ў кампутарах.

6. Асноўныя фармулёўкі табліцы ўзятыя з: Лефевр В. А. Алгебра совести. С. 60—61.

7. Дастаеўскі Ф. Запіскі з падполля // Дастаеўскі Ф. Аповесці, апавяданні. Мінск, 2002. С. 190. Зрэшты, з героямі Дастаеўскага складаней. Як падкрэсьлівае Лефеўр, Раскольнікаў — герой адначасова абедзьвюх этычных сыстэмаў. (Пра гэта ў свой час пісаў Бахцін, выкарыстоўваючы канцэпцыю дыялёгу: Бахтин М. М. Проблемы творчества Достоевского. — Москва, 1994.)

8. Лефевр В. А. Алгебра совести. С. 43.

9. Тамсама.

10. Моральный кодекс строителя коммунизма. Москва, 1961. С. 121 // Цыт. паводле: Лефевр В. А. Алгебра совести. С. 146.

11. З кодэксу юнага піянэра. На пачатку 1980-х друкаваўся амаль на кожным школьным сшытку.

12. Вебер М. Политика как призвание и профессия // Вебер М. Избранные произведения. Москва, 1990. С. 644—706.

13. Расінскі А. Нэасталінскае кіно. Гл. таксама: Жбанков М., Расінскі А. Салодкі сталінскі стыль

14. Рудкоўскі П. Хто забіў беларускае адраджэньне?

15. Падзеі колькігадовае даўніны, калі заходнія дыпляматы былі выселеныя з Драздоў.

16. Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што аголенае жаночае цела мелася ў вельмі неблагім савецкім ваенным фільме «А сьвітанкі тут ціхія» Станіслава Растоцкага. Але гэтыя кадры цалкам апраўданыя, чаго нельга сказаць пра нядаўнія беларускія стужкі. Аголеныя сцэны тут — самадастатковыя ўстаўныя эпізоды.

17. Расінскі А. Беларускае порна і ірляндзкі транссэксуал .

18. Расінскі А. Шчыт Айчыны // Наша Ніва. 18.02.2008. Хоць фільм прысьвечаны сучаснасьці, у якой заходнія агенты мараць выкрасьці сакрэты «моцнай і квітнеючай Беларусі», гэта не зьмяняе ягонай мілітарнае сутнасьці.

19. Параўнаньне этыкі фэмінізму й тэрарызму звычайна выклікае пярэчаньні. Калі ласка: Андрэа Дворкін называла мужчыну акупантам, а жанчыну, «акупаваную фізычна» — калябаранткай, якая згаджаецца на сэкс з захопнікам. (Dworkin A. Intercourse. — 1987) «Ён кожны, — тлумачыць Дворкін сваё бачаньне ворага і прапануе тэхніку, пазычаную ў пяціхвілінак нянавісьці: — Я хачу, каб вы вылучылі сабе асобную гадзіну ў паня­дзелак. Я хачу, каб вы прайшліся па вашай ВНУ, і я хачу, каб вы прыгледзеліся да кожнага мужчыны. Я хачу, каб вы ў думках здымалі з кожнага зь іх вопратку. Я хачу, каб вы ўявілі сабе, як у яго стаіць. Я хачу, каб вы ў думках клалі яго на жанчыну, а побач на століку ляжалі б грошы. Кожны. Дэкан юрыдычнага факультэту. Прафэсары. Мужчыны-студэнты. Кожны». (Дворкин А. Проституция и власть мужчин. — 1992. Курсіў мой. — А. Р.)

20. Юры Чавусаў, дасьледуючы прапаганду на беларускае тэлевізіі, падсумаваў яе наступнай формулай: «Усё, што ідзе на карысьць Беларусі (= рэжыму), — добра, а ўсё, што на шкоду, — дрэнна». (Чавусаў Ю. Стратэгіі прапаганды на беларускім тэлебачаньні напярэдадні выбараў 2006 году // Беларуская палітычная сцэна. Вільня, 2007. С. 144—156.)

21. Лефевр В. А. Алгебра совести. С. 127—128.

22.. «Ленін у Кастрычніку», 1937; «Ленін у 1918», 1939.

23. Купала Я. Хлопчык і лётчык на вайне // Купала Я. Поўны збор твораў. Т. 5. Мінск, 1998. С. 175—176. Параўнаньне жывога чалавека і літаратурных герояў дапушчальнае, бо абапіраецца на абагульненыя матэматызаваныя мадэлі.

24. «Беларусьфільм», 2008, 2 сэрыі.

25. Так характарызаваў стужку дырэктар «Беларусьфільму» Ўладзімер Замяталін, яшчэ калі яна была ў запуску.

26. Пепеляев В. Идеалисты — это несостоявшиеся прагматики. Сеанс социального психоанализа.

27. Яго з адстароненасьцю грае Віктар Манаеў.

28. Гераіня апавяданьня «Сорак першы» Барыса Лаўрэнева Марутка закахалася ў белага афіцэра Гаваруху-Отрака. Нягледзячы на сваю любоў, яна расстраляла яго. Апавяданьне было двойчы экранізаванае — у 1927 г. Якавам Пратазанавым і ў 1956 г. Грыгорыем Чухраем.

29. Расінскі А. Якую краіну развалілі.

30. Расінскі А. Магіла імпэрыі.

31. Стужка нават аналізуецца, як зомбі-фільм: Тарханова К. Закат мертвецов.

32. Як, напрыклад, у водгуках на фільм «Катынь», што аналізуецца ў артыкуле: Расінскі А. Памяць ахвяраў і памяць катаў.

33. Чавусаў Ю. Стратэгіі прапаганды на беларускім тэлебачаньні. С. 145.

34. Лефевр В. А. Формула человека. С. 50—56. Экспэрымэнты, што выявілі асымэтрыю, правялі Адамс-Вэбэр ды іншыя: Адамс-Веббер Д. Эмпирические свидетельства в поддержку рефлексивной теории Лефевра // Рефлексивные процессы и управление. № 1. 2006. Т. 6. С. 57—60; Adams-Webber J. & Benjafield J. The Relations between Lexical Marking and Rating Extremity in Interpersonal Judgment // Canadian Journal of Behavioral Science. № 5. 1973. Р. 234—241; Gross S. R. & Miller N. The «Golden Section» and bias in perceptions of social consensus // Personality and Social Psychology Review. № 1. 1997. Р. 241—271.

35. Напрыклад, чалавек ацэньвае сябе адмоўна — як сквапнага ці баязьлівага. Тады іншыя людзі для яго будуць аднолькава сквапнымі й аднолькава шчодрымі; аднолькава баязьлівымі — і аднолькава сьмелымі. Пяцьдзясят на пяцьдзясят; сьвет як кіданьне жэрабя.

36. Камю А. Калігула // Пры зачыненых дзвярах: Драматычныя творы. Мінск, 1995. С. 51.

37. Тамсама. С. 40.

38. Пра гэта піша палітоляг Віталь Сіліцкі: Сіліцкі В. Гульня на падвышаных стаўках.

__________________________________________________

Андрэй Расінскі — кінакрытык.