Рэканструкцыя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якая цягнулася два з паловай гады,  нарэшце завяршылася. У будынак ужо заязджае тэатральны калектыў, будаўнікі сканчаюць апошнія працы, а ўрачыстае адкрыццё (быццам бы нават з удзелам прэзідэнта краіны) прызначанае на сакавік 2013 года.

Перш чым ўпершыню падымецца новая імпартазамяшчальная заслона вытворчасці Баранавіцкай фабрыкі, самы час паглядзець, якія былі альтэрнатывы ў адбыўшайся рэканструкцыі Купалаўскага, што атрымалася ў выніку, і чаму ўсё прайшло менавіта так.

Пачатак працаў: добрыя намеры і шлях у пекла

Пачаткам працаў на будынку Купалаўскага тэатра можна лічыць лета 2008 года. Тады РУП «Аб’яднаная дырэкцыя аб’ектаў, якія будуюцца» (даччынае прадпрыемства Мінкульта, якое курыруе ўсе будаўнічыя працы на дзяржаўных аб’ектах сферы культуры) заключыла дамову з ВРУП «Праектрэстаўрацыя». У дакуменце ішла гаворка пра «рэканструкцыю з рэстаўрацыяй будынка тэатра». Першапачаткова ў праекце дэклараваліся годныя мэты: вяртанне галоўнаму і часткова – бакавым фасадам першапачатковага архітэктурнага аблічча, якое тэатр меў у XIX стагоддзі (створаны па архітэктурным праекце вядомага тады майстры Карэла Казлоўскага).

Цяжкасці ў аўтэнтычнай рэканструкцыі ня толькі фасадаў, але і ўнутранай прасторы тэатра тлумачыліся тым, што да нашых дзён не захаваўся арыгінальны праект Казлоўскага. У рэстаўратараў былі толькі асобныя дакументы і фатаграфіі. Пры гэтым трупа як магла, старалася дапамагчы захаванню гістарычнага аблічча тэатра. Так, галоўны рэжысёр Мікалай Пінігін прывёз шмат старых фотаздымкаў тэатра ў Любліне, збудаванага тым жа Казлоўскім і прыкладна ў той жа час (польскі бок, як бачна, таксама аказаў дапамогу).

Між тым, улады ставіліся да будынка тэатра зусім не так клапатліва. Пачалося ўсё яшчэ ў 2009 годзе, калі Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якая існуе пры Мінкульце і на 100% складаецца з чыноўнікаў, зацвердзіла новы праект працаў над тэатрам. Ён быў прапанаваны Армэнам Сардаравым, адным з членаў Рады і дэканам архітэктурнага факультэта БНТУ, а распрацаваны студэнцкім «Архітэктурна-інавацыйным цэнтрам» таго ж БНТУ. На думку Сардарава, «уціснуць сучасны тэатр у губернскі будынак – дурасць». Яго радыкальны праект меркаваў ультрасучасную прыбудову са шкла і бетону (гл. рэндары), якая парушала ня толькі гістарычнае аблічча самога тэатра, але і сквера паблізу, які сам па сабе прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, тады нагадаў, што «цяперашняе заканадаўства (Закон Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» – заўв. В.М.) пакідае два варыянты магчымых дзеянняў: альбо захаваць цяперашні знешні выгляд тэатра, альбо разабраць пасляваенную прыбудову фасада, вярнуўшы будынку першапачатковае аблічча. Трэцяга ня дадзена». На шчасце, чыноўнікі прыслухаліся да ўласных правілаў, і пазней тая ж Рада амаль аднагалосна (акрамя самога Сардарава) гэты праект адмяніла і вярнулася да ідэі гістарычнай рэканструкцыі.Зрэшты, без шкоды гістарычнаму абліччу не абышлося. Усе, хто праходзіў праз Кастрычніцкую плошчу, маглі назіраць поўнае разбурэнне ўсёй прасторы за сцэнай тэатра. Меркаванні афіцыйных рэстаўратараў разышліся. Галоўны архітэктар праекта Раіса Рымашэўская сцвярджала, што зношаныя сцены маглі справакаваць разбурэнне астатніх канструкцыяў, а навуковы кіраўнік праекта Людміла Іванова прызналася: «Я першы раз бачу, каб на помніку архітэктуры быў такі значны знос … Сцены разбурылі таму, што іх апорная здольнасць была вельмі нізкай і ўзмацняць гэтыя сцены было дорага. Як заўсёды: у нас лепш знесці, чым ўмацаваць …»

Наўрад ці пайшло на карысць будаўніцтву і чатырохразовае паскарэнне працаў, распачатае па загадзе Мясніковіча ў ліпені 2012 (як лічыць Л. Іванова, «на помніку архітэктуры будаўніцтва трэба падаўжаць, а не скарачаць»). А Камітэт дзяржкантролю наогул адзначаў «нізкі ўзровень арганізацыі праектных і будаўнічых працаў» пры рэканструкцыі Купалаўскага.

Што і як выбралі ў якасці канчатковага аблічча тэатра

Як ужо было адзначана, асноўныя рашэнні па выбары плана працаў над тэатрам прымалі выключна чыноўнікі і людзі, якія займаюць высокія пасады ў дзяржаўных арганізацыях. Пра нейкае прыцягненне грамадскіх аб’яднанняў або незалежных экспертаў (што магло б значна палепшыць працэс) гаворка не вялася. Хутчэй за ўсё, прычына ня ў нейкім таемным жаданні ўладаў разбураць помнікі архітэктуры, а ў звычайнай закрытасці дзяржаўнай сістэмы ад грамадзянаў і страху перад актывізацыяй грамадзянскай супольнасці ў любой яе форме. Аднак у выніку многія рашэнні прымаліся наогул за зачыненымі дзвярыма, незразумела кім і чаму.

Менавіта на гэта наракае навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі Купалаўскага тэатра Л. Іванова: «Тое, што рабілі спачатку мы як генеральныя праекціроўшчыкі, тое, што мы задумвалі, шмат у чым не ажыццёўлена … Магчыма, што ў нас былі розныя падыходы з «Белдзяржпраектам». Я, як рэстаўратар, інакш гляджу на гэты будынак і моманты захаванасці. Яны – трошкі прасцей на ўсё гэта глядзяць … »

Сярод зніклага з праекту па незразумелых прычынах – скульптура «Муза» працы Н. Байрачнага, дзве вазы аўтарства А. Дзятлавай і адмысловая інтэр’ерная круглая канапа. Па словах Л. Івановай, «з мастакамі першапачаткова была заключаная дамова» і ўсё ўжо зроблена, «праца прайшла ўсе рады, усе ўзгадненні – усё ўхвалілі. А ў апошні момант: вось не ставіць – і ўсё». І хаця «ў інтэр’еры тэатра 19-га стагоддзя ў цэнтры фае акурат знаходзілася круглая канапка, а па цэнтры прынята было ставіць скульптуру ці шыкоўную вазу», а ў гістарычных дакументах па Купалаўскаму тэатру было тое ж самае, «хтосьці палічыў, што гэта перашкаджае, а магчыма, знайшліся нейкія іншыя прычыны». Прычым відавочна не фінансавыя – Л. Іванова кажа, што «для дзяржавы гэта не такія вялікія грошы. Тут значна больш выдаткавана на некаторыя рэчы, якія не настолькі высокамастацкія».

Анансаванага падняцця падлогі тэатра да ўзроўню сцэны, што было ў XIX стагоддзі і дазваляла праводзіць балі, таксама ня будзе, як і пандуса. Мабыць, тыя працы, што ўдалося выканаць больш за 120 гадоў таму, цяпер фінансава і арганізацыйна не па сілах беларускім уладам.

Асобнай увагі заслугоўваюць такія цікавыя элементы новага тэатра, як гардэроб і каміны. Як вядома, «тэатр пачынаецца з вешалкі», а ў Купалаўскім цяпер – з штурханіны каля вешалак, бо падыход да новага акенца гардэроба зроблены вельмі вузкім. Найбольш жа цікавыя каміны, у якія ўмантаваныя звычайныя ацяпляльныя батарэі. Вось вам і вяртанне гістарычнага аблічча тэатра … Цікава, што гэтых момантаў ня ўбачыш на фатаграфіях у афіцыйнай газеце «Культура», затое яны бачныя з рэпартажу незалежнага партала Onliner.by.

Чаму ўсё атрымалася менавіта так

На жаль, рэканструкцыя Купалаўскага тэатра – не выключэнне з правілаў, а тыповы прыклад таго, што адбываецца з помнікамі архітэктуры ў Беларусі. Дзякуючы статусу аб’екта ў гэтым выпадку было прасцей прасачыць, што адбывалася з ім на ўсіх этапах і зразумець, у чым жа прычына такіх антыгістарычных дзеянняў і рашэнняў:

— Арганізацыя рэстаўрацыі і рэканструкцыі, уключаючы выбар плана працаў і кантроль за іх выкананнем, праходзяць без усялякага ўдзелу зацікаўленых грамадзянаў, грамадскіх аб’яднанняў і незалежных экспертаў;

— Зацверджаныя і ўзгодненыя планы працаў папросту парушаюцца без ўзгаднення з навукоўцамі, якія адказваюць за праект, па схаваных і непразрыстых схемах, незразумела кім, па якім праве і на якіх падставах;

— Усё гэта выклікана закрытым характарам існай дзяржаўнай сістэмы. У выніку існаваўшая стагоддзямі гісторыка-культурную спадчына па сутнасці прыносіцца ў ахвяру імгненным палітычным інтарэсам ўладаў (няхай гэта будзе тармажэнне развіцця грамадзянскай супольнасці або няясныя прымхі высокіх чыноўнікаў, якія змяняюць планы працаў у апошні момант і без узгадненняў).

P.S. Пасля ўсяго, што напісана вышэй, абгрунтаваныя асцярогі выклікае лёс ТЮГа, рэканструкцыю будынка якога плануецца завяршыць у снежні 2013 г: «на аб’екце … узводзіцца прыбудова», але абяцаюць, што «будзе цалкам захаванае аблічча помніка архітэктуры, якім з’яўляецца будынак».