У той самай зале па вул. Будзёнага 48а, дзе восенню мінулага года міліцыя затрымала рэдактара часопіса Arche Валера Булгакава, прайшла першая пасля вымушанага перапынку прэзентацыя выдання.

30 ліпеня рэдактары Arche Валер Булгакаў і Алесь Пашкевіч завіталі ў Гродна, каб прэзентаваць два нумары часопіса, выдадзеныя апошнім часам. Прыехаў з імі і гісторык Алесь Белы, які прадставіў сваю узноўленую ў друку працу “Хроніка Белай Русі” і праект “Наша Страва” – кнігу і міні-серыял.Найноўшы нумар, другі ў гэтым годзе, прысвечаны гістарычнай палітыцы і гістарычнай памяці ў Беларусі. Яго прадставілі некаторыя з аўтараў, што прысутнічалі на сустрэчы. Юры Гардзееў з Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве вельмі агульна абрысаваў тэму, пасля чаго паспяшаўся перадаць слова калегам.

Алесь Краўцэвіч (на першым здымку) узгадаў, як легкаважна ставіўся да часопіса ў пачатку яго існавання, ды падзяліўся радасцю з таго, што памыліўся наконт яго далейшага лёсу. Часопіс за гады існавання стаў істотна буйнейшым: гэта тычыцца і яго таўшчыні, і навуковай якасці.Пераняўшы эстафету Алесь Смалянчук выказаў думку, што нягледзячы на тое, што беларускія гісторыкі апынуліся на полі змагання, а рамантыка 90-х, што мацавала многіх, сышла, гістарычная навука не перастае развівацца. Пры гэтым, яна развіваецца і ў дзяржаўных, і ў незалежных інстытуцыях. Прыкладамі апошніх гісторык назваў акурат часопіс Arche і серыю “Гарадзенская бібліятэка”.Гісторык Алесь Пашкевіч прадставіў самы першы нумар, выдадзены ў гэтым годзе – “Партызаны і паліцыі”. Гэта чарговы “ваенны” Arche, які быў падрыхтаваны яшчэ летась і ўжо меў выйсці з друкарні, калі адбылося затрыманне Булгакава ў Гродне. Гэтаксама і нумар па гістарычнай палітыцы планаваўся да друку раней.

Чытаць болей