Некалькі дзён таму “Гродзенская праўда” надрукавала артыкул “Как проходит реконструкция дворцово-паркового комплекса в Святске?”. У тэксце ідзе размова пра, здавалася б, цалкам пазітыўную падзею – заканчэнне ачысткі воднай сістэмы Свяцка і пераход да рэстаўрацыі палаца.

Як жа доўга гродзенцы чакалі гэтага дня, гадамі змагаючыся хоць бы за аднаўленне зліўных сістэм палаца, адсутнасць якіх бязлітасна нішчыла будынак і галерэі! Яшчэ б, бо палацава-паркавы ансамбль у Свяцку, узведзены італьянскім архітэктарам Джузэпэ Сака для магнатаў Валовічаў – унікальны для ваколіц Гродна. Гэта адзінае тварэнне Сака, якое дайшло да нас у першапачатковым выглядзе і ці не адзіны на Гарадзеншчыне палац, дзе нават захаваліся інтэр’еры некаторых залаў!

Аднак першапачатковая радасць хутка азмрочылася пасля ўважлівага разгляду праекта рэстаўрацыі палаца і фразы аўтара аб тым, што “планируется освободить основное здание от мансарды – надстройки третьего этажа советских лет”. Такім чынам, у палаца будуць дэмантаваць найбольш характэрную ягоную асаблівасць – так званы “ламаны” барочны дах, характэрны для пабудоваў эпохі барока! Пры чым выдаюць гэты дах за “надбудову савецкіх часоў”.Пасля справядлівых каментараў гарадзенскіх гісторыкаў і дэманстрацыі фотазымка палаца пачатку 1930-х гг. (усё з той самай мансардай), журналістка Святлана Мурына змяніла аргументацыю, напісаўшы ў дадатак да свайго ўласнага артыкула наступнае (мова і арфаграфія захаваныя):

“При написании материала я […] учла компетентное мнение научного руководителя, главного архитектора проекта Людмилы Ивановой и искусствоведа Ольги Кикуня (ОАО «Белрестоврация»).

При изучении истории дворца Воловичей были найдены фотографии 20-х годов минувшего века, где дворец не имеет мансарды. Она появилась в 30-е годы и была предназначена для размещения больничных палат. Реконструкция же предусматривает возвращение зданию первоночального облика 18 века.

Этот проект утверждён Белорусской республиканской научно-практической Радой по вопросам историко-культурного наследия при Министерстве культуры Республики Беларусь.”Выходзіць, што мансарда ўсё ж не “надбудова савецкіх часоў” а вынік рэканструкцыі 1930-х гг.! Паверым на слова, але паўстае пытанне – як можна на аснове гіпатэтычнага здымка 1920-х гг. (калі ён існуе) меркаваць пра выгляд палаца ў 1770-х гг.? Гэта як меркаваць па малюнку Каложы сярэдзіны ХІХ стагоддзя, што царкава выглядала таксама ў момант яе пабудовы ў ХІІ стагоддзі. Відавочны абсурд.

Нават калі дапусціць, што такі здымак існуе (падкрэслім яшчэ раз, мы яго не ведаем), то гэта зусім не значыць, што палац не перабудоўваўся цягам ХІХ стагоддзя, не цярпеў пад час Першай Сусветнай вайны і што нізкі дах 1920-х гг. можа быць проста часовым пакрыццём перад навуковай рэстаўрацыяй.Доказам наяўнасці такога нізкага даху ў палаца павінны быць як мінімум праектныя малюнкі будынка канца XVIII стагоддзя або хаця б работы якога мастака пачатку XIX ст. Дзе яны? Перакананы, што ў сабраных навукоўцамі-праектантамі матэрыялах такіх выяваў няма.

Можа варта заплюшчыць вочы, сказаўшы сабе: хай робяць які захочуць дах, абы аднавілі сам будынак? Але гэта было б безумоўным злачынствам! Кожны, хто быў у Свяцку, бачыў, што высокі дах – гэта галоўнае, што прыдае палацу ўрачыстасці і велічнасці.

І нарэшце, самае галоўнае – такі дах – неад’емная рыса стылю пераходнага ад барока да класіцызму і рыса творчасці самога каралеўскага архітэктара Джузэпэ Сака. Глянем на ягоныя тварэнні: Новы Замак або крывую афіцыну (музычны філігель) на плошчы Тызенгаўза, або на гарадзенскія палацы Сангушак, Сапегаў, Радзівілаў – усе яны ў XVIII стагоддзі мелі менавіта такія мансардныя “ламаныя” барочныя дахі.Глянем нарэшце на ацалелы шэдэўр вялікага архітэктара – палац познанскіх біскупаў. Ён амаль як Свяцк і таксама мае барочны дах. Хочацца спытаць шаноўных даследчыкаў, а разам з імі і аўтара артыкула: гэта таксама “надбудовы савецкіх часоў”?Гродзенскія гісторыкі ў самым хуткім часе звернуцца ў міністэрства культуры за афіцыйнымі тлумачэннямі на прадмет запланаванай “рэканструкцыі” палаца, а пакуль спадзяемся, што журналісты, якія ўзяліся за асвятленне сітуацыі ў прэсе на старонках СМІ, надрукуюць больш грунтоўны матэрыял, дзе дакажуць, што ў XVIII стагоддзі палац у Свяцку не меў цудоўнага манстарднага даху.