Дзяржава, якая культывавала ўтапічную веру ў сьветлую, справядлівую будучыню, дзе кожны мусіў стаць індывідуальным творцам калектыўнага шчасьця, пала й пакінула ў спадчыну нашчадкам толькі ідэі. А яны, у сваю чаргу, трапілі на глебу расейскага хаосу дзевяностых. На гэтым складаным этапе трансфармацыі сацыялістычнага рэалізму й нараджэньня капіталістычнага антырэалізму ўзьнік дзіўны мастацкі рух. Незразумелы для многіх, ён крытыкаваўся, але адлюстроўваў душэўны стан дзяржаўнага арганізму, які перажываў крызыс.

Што ж такое «маскоўскі акцыянізм»? Дзіўны кіч, які адштурхнуўся ад абломкаў падмурку сацыялістычнага рэалізму, альбо скрыўлены радыкальнай расейскай спэцыфікаю заходні арт-кантэнт?

Вытокі маскоўскага ацыянізму варта шукаць у канцы бурлівых васьмідзясятых. Нарадзіўся ён у авангардным паэтычным цэху. Галоўныя рэжысэры гэтага спэктаклю — паэты Дзьмітры Піменаў, Анатоль Асмалоўскі й Рыгор Гусараў. Шліфуючы сваю творчасьць на Арбаце сярод хіпароў, панкаў і іншае нефармальнае моладзі, яны выдатна спалучалі паэзію з вывучэньнем рознага кшталту філязофскіх трактатаў, напоўненых левым і анархічным дыскурсам. Такая база дазволіла паглыбіцца ў візуальныя формы вулічнага арту й, як кажуць, прыгнаць тэорыю бліжэй да практыкі.

Адразу варта ўзгадаць, што веды пра падобнае заходняе мастацтва не даходзілі да савецкага арт-асяродзьдзя. Хутчэй, мэтадалягічнаю асновай нараджэньня руху сталіся легенды пра рэвалюцыю 1968 году й францускі сытуацыянізм (Гі Дэбор, «Грамадзтва спэктаклю»).

Зразумела, кніга «Грамадзтва спэктаклю» для шырокага кола чытачоў не была даступная. У андэрграўндзе набылі папулярнасьць розныя эсэ на гэтую тэму расейскіх аўтараў, якія здолелі прачытаць фундамэнтальную працу. Той жа «Шызааналіз» Дэлёза выйшаў скрайне сьціплым накладам у 100 асобнікаў і прызначаўся для вузкіх навуковых (але ніяк не мастацкіх) колаў МДУ. Такім чынам, усе падобныя веды былі фрагмэнтарныя, і іх ні ў якім разе нельга лічыць асноватворнымі для новага маскоўскага мастацкага асяродзьдзя.

Аднак дакладна вядома, што ў арт-тусоўцы хадзілі легенды пра якогасьці вэнскага самавылегчанага мастака Шварцкоглера, пра тое, што ёсьць нейкая пэрфарманістка Марына Абрамавіч, чые дзеяньні выклікалі шок, ці Крыс Бэрдан, у якога стралялі проста ў галерэі. Не апошнюю ролю ў фармаваньні сьветапогляду будучых акцыяністаў адыгралі стужкі францускае «новае хвалі».

Што цікава — першыя выступы маскоўскіх акцыяністаў ня мелі дачыненьня да радыкальных цялесных практыкаў. Адна з найзнакаміцейшых акцыяў, якая дала афіцыйны пачатак пераўтварэньню нефармальнага паэтычнага асяродку ў арганізаваны рух мастакоў, заключалася ў складаньні целамі слова «ХУЙ» на Краснай плошчы (жэст пратэсту супраць закону аб маральнасьці, што забараніў лаяцца матам у грамадзкіх месцах).

Зьяўляючыся парнаграфічнаю па сваёй сутнасьці, акцыя, як ні дзіўна, насіла асэксуальны характар, бо ейныя ўдзельнікі былі апранутыя. Менавіта яна й лічыцца «чорным квадратам» маскоўскага акцыянізму.

Мы можам выявіць на пачатковым этапе, хутчэй, лёгацэнтрызм, а не антрапацэнтрызм, уласьцівы заходняму цялеснаму дыскурсу. Няма сумневу, што тут паўплывала канцэптуальная традыцыя, што разьвівалася ўжо напрыканцы сямідзясятых. Акцыянізм жа стаўся для гэтае традыцыі своеасаблівай антытэзаю, хоць першыя акцыі мелі выключна канцэптуальны характар, грунтаваліся на рэпрэзэнтацыі словаў. Можна сказаць, што протаакцыяністы яшчэ не пазбавіліся дрэннае звычкі выкарыстоўваць словы замест дзеяньняў.

Ужо вышэйзгаданая акцыя, ажыцьцёўленая рухам «Э.Т.И.» («Экспроприация территории искусства» — «Экспрапрыяцыя тэрыторыі мастацтва»), сталася пунктам адпраўкі радыкальнага мастацтва зь цемры андэрграўнду да свайго пратэставага росквіту. Левыя радыкалы на чале з Асмалоўскім, якія наладзілі гэтае шоў, былі ўганараваныя найвышэйшай узнагародаю дзяржавы — крымінальнаю справай. Аднак за мастакоў заступілася прагрэсіўная грамадзкасьць. А ў прэсе ўзьнялася сур’ёзная шуміха (была нават публікацыя ў часопісе «Крокодил», пра што калісьці марыў Асмалоўскі). У выніку мастакі засталіся на свабодзе, а рух «Э.Т.И.» працягваў сваю дзейнасьць. Зьяўляючыся радыкальнаю арганізацыяй левага кшталту, ён ажыцьцяўляў самыя дзёрзкія акцыі, напрыклад, спаленьне кнігаў Мао, Хо Шы Міна, Троцкага, Леніна й Маркса на будпляцоўцы тэатру пад чытаньне цытатаў зь іхных твораў.

Яшчэ адным важным актам палітызаванага мастацтва сталася дзёрзкая выхадка Дзьмітрыя Піменава, які, адштурхнуўшыся ад слова да дзеяньня, падкінуў вар’яцкую ўлётку да ўзарванае залі гульнявых аўтаматаў у гандлёвым комплексе на Манэжнай. Падпісаўшыся лідэрам «радыкальнага саюзу пісьменьнікаў», ён узяў на сябе адказнасьць за выбух, абгрунтаваўшы гэта «антыпатыяй да спажывецкага ладу жыцьця».

Варта ўзгадаць і Брэнэра, які выйшаў зь «Нецезюдзік». Разам зь ім працавалі Анатоль Асмалоўскі, Сэндзі Рэвізораў, Алекс Зубаржук, Мікалай Халезін, Васіль Шугалей. Найбольш сьмелаю акцыяй гурту было «Падарожжа Нецезюдзік у краіну брамбдзінгнегаў». Асмалоўскі забраўся на помнік Маякоўскаму (на плечы скульптурнай выявы), адкуль мог зваліцца й забіцца насьмерць. Да 1995 году «Нецезюдзік» разваліўся. Васіль Шугалей пайшоў у музыку (гурт «ЫЫЫ»), Халезін — у тэатар, Зубаржук і Рэвізораў — у літаратуру.

У сваёй сольнай акцыянісцкай працы Брэнэр вылучыўся тым, што выклікаў на баксэрскі двубой Барыса Ельцына, каб вырашыць канчаткова, хто зь іх лепшы пэрформэр: п’яны прэзыдэнт, што вырабляе нечаканыя трукі, ці радыкальны мастак.

На далейшую стратэгію мастацкіх суполак, што працавалі ў падобным кірунку, паўплывала й акцыя былога паэта Рыгора Гусарава. Ён перабег праз футбольнае поле проста падчас матчу, які трансьляваўся ў жывым этэры. А калі Гусараў быў затрыманы міліцыяй, ён патлумачыў, што спазьняецца на цягнік.

Можна зрабіць выснову, што рух «Э.Т.И.», а таксама жэсты Піменава й Гусарава, безумоўна, вызначылі вэктар для ўтварэньня маскоўскае акцыянісцкае стратэгіі. Стылістыку пэрформансу выкарыстоўвалі многія. Аднак папярэднікі маскоўскіх акцыяністаў не працавалі з сваім целам, не пранікалі глыбей за ўласную скуру ў спробах раскрыць унутраны сьвет чалавека (у самым літаральным значэньні).

На пачатку дзевяностых адбылося знаёмства мастакоў Алега Маўрамаці й Імпэратара ВАВА. Менавіта з гэтага моманту адлічваецца гісторыя таго, што сёньня й прынята называць маскоўскім акцыянізмам.

Два флягманы акцыянізму стварылі Сэкту абсалютнае любові. Рашэньне арганізавацца ў суполку было простым — мастакі акцэнтавалі ўвагу на тым, што іхныя пэрформансы выглядаюць больш наватарскімі, чымся ў астатніх калегаў па цэху. Гэтыя два чалавекі вылучаліся энэргіяй і імкнуліся рэалізоўваць свае самыя сьмелыя задумкі. Ва ўмовах агульнае закрытасьці арт-кам’юніці Масквы пачатку дзевяностых сыгнал «сэктантамі» быў атрыманы, і заставалася толькі стрэліць. Як паказаў час, яны трапілі ў цэль.

Калі Імпэратар ВАВА й Алег Маўрамаці пачалі працаваць разам, іх жартоўна ахрысьцілі маскоўскімі акцыяністамі, відавочна спрабуючы параўнаць з мастакамі вар’яцкай Вэны шасьцідзясятых. Аднак, як кажа старажытная прыказка, у кожным жарце ёсьць доля праўды. На дадзеным этапе «праўда» аказалася цэлаю эпохай, якая спакушала, зацягвала ва ўлоньне мастацтва маладых і сьмелых людзей. Тэрмін «маскоўскі акцыянізм» пасьпяхова прыжыўся, і пачаліся першыя арт-экспэрымэнты.

Першым пэрформансам, які распачаў эпоху маскоўскага акцыянізму, можна лічыць акцыю Імпэратара ВАВА «Нараджэньне сонечнага чалавека». На холадакамбінаце «Айс-Філі» Імпэратар ВАВА скальпэлем выразаў у сябе на грудзях карону й потым зьбіраў кроў марозівам. Гэткім жа ласункам мастак частаваў гасьцей фэстывалю «Марожанае мастацтва» ў студзені 1995 году.

Крытыкі скрайне нэгатыўна ўспрынялі новы радыкальны кірунак, у адрозьненьне ад таго ж руху «Э.Т.И.». Калі гурт Анатоля Асмалоўскага падтрымлівалі й куратары, і СМІ, і рознага кшталту мастацтвазнаўцы, то маскоўскі акцыянізм ігнаравалі, а часам і проста апаганьвалі хлусьнёю. Без выстаўных пляцовак і грошай, прыстасоўваючы для паказаў самыя незвычайныя месцы (напрыклад, прыбіральню ў Трацьцякоўскай галерэі), мастакі ўсё адно працягвалі працаваць.
І, як гэта ўласьціва акцыянізму, выкарыстоўвалі ў сваіх жудасных (на погляд абываталя) пэрформансах падараваныя прыродаю целы.

Акрамя Алега Маўрамаці й Імпэратара ВАВА ў Сэкту абсалютнае любові ўваходзілі такія пэрсанажы, як Алёна Мартынава, Міхаіл і Тацяна Нікіціны, Фарыд Багдалаў. Да руху далучылася й мноства іншых мастакоў. На працягу некалькіх гадоў радыкальны гурт правёў вялізную колькасьць публічных акцыяў. Самыя ўдалыя, вартыя асаблівае ўвагі пералічаныя ніжэй.

Дата: 12 красавіка 1995 году

Аўтары: Сэкта абсалютнае любові

Назоў: Кахай мяне насьмерць

Месца: Трупярня клінічнага шпіталю

Апісаньне: Сэктанты зачыняюцца на ўсю ноч у трупярні, робяць там фота- й відэасэсію, п’юць гарэлку зь дзяжурным санітарам, танчаць зь мерцьвякамі пад музыку. Акцыя была навеяная творамі Юрыя Мамлеева.

Удзельнікі: Алег Маўрамаці, Імпэратар ВАВА, Тацяна Нікіціна, Міхаіл Нікіцін.

***

Дата: 3–15 лістапада 1995 году

Аўтары: Імпэратар ВАВА, Алег Маўрамаці (Сэкта абсалютнае любові)

Назоў: Заключны пэрф

Месца: Масква, Цэнтар сучаснага мастацтва (у межах выставы «Воля Божая»)

Апісаньне: 3 лістапада (адкрыцьцё) цэнтральная заля ЦСМ была занятая інсталяцыяю, што складалася зь вялікіх кавалкаў сьвежага мяса, расьцягнутых у прасторы з дапамогаю рыбалоўных кручкоў і лёскі. У залях на сьценах разьмяшчаліся каляжы з фатаграфіяў чальцоў Сэкты абсалютнае любові, а ў адным з пакояў ляжаў муляж напаўгнілога трупа. 14 лістапада (закрыцьцё) Алег Маўрамаці й Імпэратар ВАВА зашывалі адзін аднаму раты хірургічнымі голкамі, а Міхаіл і Тацяна Нікіціны, апранутыя ў белыя халаты, знаходзіліся побач. Акцыя скончылася картачнаю партыяй у «дурня».

***

Дата: 26 сьнежня 1995 году

Аўтары: гурт ЛІК («леваінтэрнацыянальны культ»)

Назоў: З Расеі зь любоўю!

Месца: Масква, Цэнтар сучаснага мастацтва

Апісаньне: Аўтары прышпільваюць да плечаў адзін аднаму вялікія рыбалоўныя кручкі, да якіх падвешаныя кардонавыя эрагаваныя чэлесы й балёнікі ў выглядзе сэрцайкаў. Затым выходзяць на вуліцу й з словамі «з Расеі зь любоўю» адразаюць галоўкі чэлесаў. Балёнікі-сэрцайкі адлятаюць у засьнежанае неба.

Удзельнікі: гурт ЛІК, Імпэратар ВАВА, Алег Маўрамаці

***

Дата: 24 лютага 1996 году

Аўтары: Імпэратар ВАВА й Алег Маўрамаці

Назоў: Хвіліна маўчаньня

Месца: Масква, радыёстанцыя «Рэха Масквы» (жывы этэр)

Апісаньне: Падчас ранішняга жывога этэру вядоўца Тацяна Неўская спачатку інтэрвіявала мастакоў. Пасьля тэарэтычнае часткі мастакі перайшлі да практыкі, працяўшы адзін аднаму языкі вялікімі голкамі ад мэдычных шпрыцаў, і сядзелі так з адкрытымі ротамі й працятымі языкамі. Этэр роўна хвіліну быў пусты, бо вядоўца, замест таго каб камэнтаваць тое, што адбываецца, проста маўчала разам з мастакамі. Гэты пэрформанс (як і зашываньне ротаў) сымбалізаваў супраціў мастака пустой вэрбальнасьці.

***

Дата: 30 траўня 1998 году

Аўтары: Імпэратар ВАВА

Назоў: Я ненавіджу…

Месца: Масква, калянада Вялікага тэатру

Апісаньне: Аўтар падыходзіць да калянады Вялікага тэатру. У сябе на грудзях і жываце выразае скальпэлем краты, зьбірае чаркаю кроў, якою піша на невялікім плякаце: «Я ненавіджу Расею». Потым кідае ў натоўп улёткі, дзе ў слупок напісана: «Я ненавіджу Расею за: ляноту, хлусьню, тупасьць, расьпізьдзяйства… за ўсю хуйню». Стаіць з напісаным плякатам на працягу некалькіх хвілінаў і сыходзіць.

***

Дата: 11 верасьня 1998 году

Аўтар: Імпэратар ВАВА

Назоў: Пэрформанс на адкрыцьці групавое выставы «Мышалоўка»

Месца: Санкт-Пецярбург, галерэя «Барэй»

Апісаньне: На адкрыцьці вялікае групавое выставы аўтар выразае на грудзях літару «М», якая мае шмат сэнсаў: мыш і мышалоўка, метка, Масква (Імпэратар ВАВА быў адзіны маскоўскі мастак сярод піцерскіх). Затым мастак прыхіляецца да калёны, пакідаючы на ёй крывавы адбітак, і ўтыкае ў яе скальпэль, які ламаецца. У гэты момант гасьне сьвятло, і мастакі з гурту «Новыя тупыя», што асыстуюць аўтару, кідаюць на падлогу мышыныя пасткі, якія пры падзеньні зашчоўкваюцца з гучным грукам.

***

Дата: 3 лістапада 1998 году

Аўтар: Імпэратар ВАВА

Назоў: Валькірыя

Месца: Масква, галерэя М. Гельмана

Апісаньне: Аўтар стаіць у цэнтры галерэі на невялікім узвышшы каля калёны й скальпэлем выразае ў сябе на нагах калючы дрот (квадратныя карціны ў экспазыцыі былі апраўленыя калючым дротам). Кроў сьцякае па нагах. Фонам гучыць сучасная й старадаўняя кельцка-скандынаўская музыка, адмыслова падабраная аўтарам. Мастак стаіць такім чынам на працягу ўсяго вэрнісажу (каля 2 гадзінаў), потым сыходзіць.

***

Дата: 9 траўня 2000 году

Аўтар: Алег Маўрамаці

Назоў: Не забі

Месца: Масква, Паклонная гара

Апісаньне: Пацыфісцкая акцыя, прысьвечаная памяці як сапраўдных, так і віртуальных жаўнераў, якія загінулі ў рэальных і віртуальных войнах. На целе Маўрамаці, туга прывязанага ржавым калючым дротам да дрэва, у вобласьці сэрца быў выразаны надпіс «забі», які затым заклеймавалі пацыфікам.

***

Дата: 6 чэрвеня 2000 году

Аўтар: Алег Маўрамаці

Назоў: Голас чорнае дзіркі

Месца: Масква, клюб «Швайн»

Апісаньне: Мэта акцыі — спроба мадэляваньня прасторава-часавага парадоксу, які ўяўляюць зь сябе чорныя дзіркі. У СМІ зьявіліся паведамленьні, што наш Сусьвет будзе паглынуты чорнаю дзіркай, і нават абвяшчалася дата. На сцэне інсталяваліся тры сьвіныя галавы з надпісамі: «Айцец», «Сын», «Сьвяты дух». Падчас акцыі мастак выразаў на сваім целе словы: «Я не чалавек».

***

Калі гаворка ідзе пра аформлены маскоўскі акцыянізм, нельга не ўзгадаць мастака Тэр-Аганьяна й Таварыства Радэк (творчы гурт мастакоў і музыкаў, які існаваў з 1998 па 2008 год). Творчасьць гэтае суполкі можна назваць мэтаакцыянізмам, своеасаблівай постмадэрнісцкай гульнёю з акцыянісцкай стратэгіяю.

Варта дакладна разьмяжоўваць маскоўскі акцыянізм і канцэптуалізм. Маскоўскія канцэптуальныя колы арыентаваліся на заходнія каштоўнасьці й разглядалі пераход ад сацыялізму да капіталізму як сваю пэрсанальную перамогу. Акцыянізм жа прытрымліваўся іншае пазыцыі.

Дзеля больш дакладнага разуменьня ідэалягічнай плятформы маскоўскага акцыянізму вернемя да гісторыі. Да таго як стаць мастаком, Алег Маўрамаці займаўся стварэньнем часопісу «Будущего нет». Асноўны тэзыс гэтага выданьня заключаўся ў тым, што ў савецкай Расеі ніякага сацыялізму не было, карумпаваныя вярхі ўвесь час ажыцьцяўлялі падмену паняткаў. У якасьці прыкладу выдатна падыходзіў Брэжнеў, які калекцыянаваў дарагія аўтамабілі й з зайздрасьцю глядзеў на Захад. У часопісе ў савецкія часы падкрэсьлівалася, што ідэя свабоднага й справядлівага грамадзтва была скажоная.

Маскоўскі акцыянізм супрацьпастаўляў канцэптуалізму такія паняткі, як патас, сумленнасьць, адмаўляў сэнсавую гульню словаў. Канцэптуалісты сьцьвярджалі, што наўпростае выказваньне немагчымае. Замест цела канцэптуальная школа абапіралася на літары.
Акцыяністы ж зыходзілі з прэваляваньня цела й, галоўнае, болю, які немагчыма выказаць, працытаваць. Балючая праца з сваім целам была для іх праявай шчырасьці.

Заканчэньнем эпохі маскоўскага акцыянізму можна лічыць 22 верасьня 2000 году. Менавіта ў гэты дзень Алег Маўрамаці мусіў пакінуць Расею ў сувязі з тым, што супраць яго была заведзеная крымінальная справа паводле сумна вядомага 282-га артыкулу. Адзін зь ягоных апошніх пэрформансаў «Ня вер вачам сваім», калі Алег быў расьпяты на крыжы, а на яго сьпіне выразалі словы «Я ня сын Бога», выклікаў абурэньне ў рэлігійных колах. Каб пазьбегнуць судзілішча, якое для яго рыхтавала пракуратура, Алег мусіў зьехаць у Баўгарыю. Між іншым, зьяўленьне аднаго з ідэолягаў маскоўскага акцыянізму ў гэтай краіне сталася штуршком для фармаваньня падобнага кірунку ў Сафіі.

Імпэратар ВАВА яшчэ працягваў працаваць з крывёю й целам у Галерэі Гельмана (Масква), але пасьля ад’езду Маўрамаці ён трапіў у вакуўм. Склад тусоўкі парушыўся, і маскоўскі акцыянізм стаўся здабыткам гісторыі мастацтва.

Артыкул грунтуецца на гутарках з Алегам Маўрамаці, а таксама зь іншымі мастакамі (Імпэратар ВАВА, Аўдзей Тэр-Аганьян, Дзьмітры Піменаў). Апісаньні пэрформансаў узятыя з кнігі А. Кавалёва «Расейскі акцыянізм. 1990–2000».

У якасьці ілюстрацый да артыкула выкарыстаны старонкі кнігі А. Кавалёва «Расейскі акцыянізм. 1990–2000». Чытаць тут