У 2010 годзе пабачыла свет пятая кніга пісьменніка Юрыя Татарынава з серыі “Гарады Беарусі ў некаторых цікавых гістарычных паведамленнях”, на гэты раз пра гарады Берасцейшчыны.

Папулярнае выданне распавядае пра розныя краязнаўчыя аспекты гісторыі малых гарадоў Берасцейшчыны. Юрый Татарынаў знаёмы нам па жанру гістарычнай аповесці, а таксама шматлікім краязнаўчым выданням на рускай мове: «По некоторым замечательным уголкам Беларуси», «От Гродно и Каменца до Мстиславля», «Белорусская старина» і іншым.

Кніга “Города Беларуси. Брестчина” — гэта сваеасаблівая сістэматызацыя матэрыялаў мясцовых краязнаўцаў, на якія абапіраецца аўтар ў краязнаўчым падарожжы па гарадах Берасцейшчыны. У гэтым ёсць дасягненне аўтара, які пераступіў рысу аўтарскіх амбіцый многіх навукоўцаў, публіцыстаў, пісьменнікаў, складальнікаў турысцкіх пуцяводаў, якія даволі часта выкарыстоўваюць напрацаваны матэрыял і прыпісваюць яго сабе.

Юрый Татарынаў адзначае заслугу тых, хто зрабіў прарыў у беларускім краязнаўстве: Рамана Афтаназы, Міхаіла Ткачова, Юрыя Якімовіча і іншых. Знайшлося цёплае слова і для краязнаўцаў Берасцейшчыны: Аксаны Грынчанка, Віталя Герасімені, Сяргея Кнырэвіча, А.Т. Федарука, І.С. Машкала, Ф.Стаўровіча і многіх іншых.

Чытачам гэтай кнігі адкрыюцца цікавыя, часам невядомыя старонкі гісторыі нашых гарадоў. Амаль да кожнага горада (а іх у кнізе ажно сямнаццаць) даюцца версіі аб паходжанні яго назвы. Нажаль гэта слабы бок у кнізе, версіі аб паходжанні назваў гарадоў часцяком выводзяцца з блізкіх славянскіх моў, у прыватнасці рускай мовы, а версіям іншых моўных груп надаецца менш увагі.

Цікава і шматзначна прадстаўлена ў кнізе інфармацыя аб уладальніках берасцейскіх гарадоў, розных гістарычных аспектах іх жыцця, заслугах і праліках пры ўладанні гарадамі. Знайшлося месца і знакамітым землякам, выхадцам з Берасцейшчыны. Але найбольшая частку даследвання аўтар адводзіць матэрыяльнай спадчыне Берасцейшчыны: касцёлам, цэрквам, кляштарам і манастырам, замкам і палацам гарадоў Берасцейшчыны. У кнізе знайшлі сваё адлюстраванне: Косаўскі палац, Ружанская рэзідэнцыя Сапег, Кляштар ордэна картэзіянцаў у г. Бяроза, Ляшчынскі манастыр у г. Пінску, Езуіцкі касцёл і калегіум у г. Пінску і шматлікія іншыя архітэктурныя шэдэўры роднага краю.

Галоўная ідэя кнігі – папулярызацыя краязнаўства, павышэнне цікавасці да свайго роднага краю, да агульнай гістрычнай і матэрыяльнай спадчыны жыхароў Берасцейшчыны і Палесся.

Найбольш эмацыйна выглядае ў гэтым плане зварот аўтара “Молодым каменцам”, які напэўна можна адлюстраваць да ўсіх неабыякавых людзей: “Перш за ўсё маладым трэба пранікнуцца цікавасцю да беларускай гісторыі. Гэта падмурак усякага пачынання. Не шукаць лёгкага жыцця на захадзе, а галасаваць за адраджэнне свайго, кроўнага, пакінутага дзядамі і прадзедамі… У вашым горадзе жыве краязнавец. Паспрабуйце пераняць у яго хаця б апантанасць. Гэта саслужыць вам доўгую службу.”

Кніга “Города Беларуси. Брестчина” напэўна вартая вашае ўвагі, тым больш што краязнаўчыя выданні ў якіх сабрана грунтоўная краязнаўчая інфармацыя пра Берасцешчыну выходзяць у продаж даволі рэдка, калі не лічыць турысцкіх дапаможнікаў і пуцяводаў.

Наклад кнігі 1500 асобнікаў, яна налічвае 171 старонку. Каштуе ў кнігарнях Берасця каля 13 тысяч рублёў.

rehaby.info