Выданне, якое разглядаецца ў рэцэнзіі:

Казлоўскі, Міхась. — Мінск: Літаратура і мастацтва, 2011. — 384 с.

Як рэцэнзент я, здаецца, упершыню сутыкаюся з беларускай кнігай, якая на працягу кароткага адрэзку часу пабачыла перавыданне. Прыкметнае дасягненне для выдання на не самай прэстыжнай мове не вельмі чытаючай краіны. І тое, што яна напісана бібліяфілам, азартным калекцыянерам беларускага друку, мяне настройвае на аптымістычны тон.

Калекцыянер беларускай кнігі знаходзіцца ў прывілеяваным становішчы. На жаль, ён асуджаны на пошук і збор кніжных рарытэтаў, бо беларуская кніжка нават у самы спрыяльны час рэдка набірала гросмайстарскія наклады. Стараннае і мэтанакіраванае знішчэнне культурнага слою і бясконцыя войны максімальна ўскладнілі задачу збіральніка беларусікі, але гэтым самым зрабілі яе прыцягальнай.

kazlouski_michas_da_kniznych_skarbau_dakranusiaКалекцыянер (вядома, гэта не проста небарака з сіндромам вавёркі) звычайна мае выразна праартыкуляваную місію, якая стаіць вышэй за яго будзённыя задачы. У выпадку Міхася Казлоўскага ён бачыць яе ў захаванні не вельмі тлустага пласту беларускай кніжнай культуры. Не ведаю, ці пасільная гэтая задача, але яна безумоўна пачэсная. Кніга мае падзагаловак «нататкі бібліяфіла» і яе змест адпавядае заяўцы. Яго можна падзяліць на тры тэматычныя блокі: гісторыка-бібліяграфічныя нататкі, партрэты бібліяфілаў Віленшчыны і нататкі кніжнага шукратара. Тэматычны падзел у змесце кнігі выразна адчуваецца, але ён не абазначаны ў структуры зборніка. Адсутнасць прадуманага падыходу да структуры выдання (а гэта першапачатковая задача рэдактара) ускладняе камунікацыю паміж аўтарам і чытачом.

У мяне няма сумневаў у тым, што праца бібліяфілаў (а пошук рэдкіх асобнікаў — гэта сур’ёзная, хоць і захапляльная праца) даволі важная для кнігазнаўства. Без дапамогі калекцыянераў, уладальнікаў рарытэтаў, па якіх можна прасачыць лёс друку, складана займацца рэканструкцыяй гісторыі кнігі. Не менш важна і тое, што кнігалюбы з’яўляюцца носьбітамі нефармальнай гісторыі кнігі і адначасова яе актыўнымі ўдзельнікамі, што стварае абавязковы для любой літаратуры жывы навакольны тлум з анекдотаў, фрашак, пагалосак, легендарных выданняў, штучнага ажыятажу і надуманых рарытэтаў. І гэты легкаважны шум — важны сімптом заангажаванасці чытача ў літаратурны працэс. На жаль, азарт Міхася Казлоўскага не дазваляе яму спыніцца пры перасячэнні межаў кампетэнцыі, а рэдактару кнігі бракуе ўпэўненасці, каб стрымаць аўтара. Тая акалічнасць, што аўтар пастаянна сутыкаецца з адзінкавымі і непаўторнымі, як камбінацыя лічбаў на шчаслівым аўтобусным білеце, выпадкамі, часта не дазваляе яму за ялінамі пабачыць лесу. І калі справа даходзіць да аналітычнага разгляду той ці іншай з’явы або феномена беларускай літаратуры, то ў чарговы раз даводзіцца пераканацца ў тым, што збор і аналіз — вельмі розныя задачы, і нічога дзіўнага, што звычайна гэтым займаюцца розныя людзі.

Да прыкладу, у эсэ «Янка Купала ў кнігазборы Заходняй Беларусі» Міхась Казлоўскі скардзіцца на малалікасць ды нерэгулярнасць Купалавых кніг, выдадзеных у міжваеннай Польшчы. Адказ, чаму так выйшла, у яго знаходзіцца адразу, і ён цвёрды і ясны, як максіма з азбукі:

Мусіць, не памылюся, калі скажу, што галоўнымі прычынамі з’яўляліся рэпрэсіі супраць дзеячаў нацыянальнай культуры, глыбокі крызіс грамадства, цяжкі матэрыяльны стан беларускага народа (с. 14—15).

Гучыць можа і пераканаўча, але калі прыгледзецца да кніжнай статыстыкі Заходняй Беларусі, то можна заўважыць, што сучаснік Купалы Якуб Колас, які ў сённяшняй свядомасці чытача роўны яму талентам, у Вільні выдаваўся рэгулярна і ў тры разы часцей за свайго калегу. Як выглядае, яму не заміналі названыя Міхасём Казлоўскім прычыны. Калі ж для параўнання звярнуцца да выдавецкай статыстыкі згаданых народных паэтаў у БССР, то мы і там атрымаем падобную сітуацыю: творы Якуба Коласа асобнымі выданнямі выходзілі і часцей, і стабільней. Я далёкі ад думкі, што лічбы адлюстроўваюць рэальную разбежку ў папулярнасці паэтаў сярод сучаснікаў. (Каб давесці яе наяўнасць, трэба браць пад увагу розныя аспекты папулярнасці, у тым ліку і такія складаныя для фіксацыі сёння формы калпарацыі літаратурных твораў, як выкананне са сцэны, частата цытавання ў друку, прысутнасць цытат у літаратурных тэкстах сучаснікаў і г. д.) Нават на этапе фармулявання гэтая задача не выглядае простай. Таму, магчыма, у рэцэнзіі яе лепш і ўвогуле не закранаць, тым больш што такая прыкметная розніца ў першую чаргу тлумачыцца адметнасцю літаратурных тэмпераментаў Купалы і Коласа. Колас быў схільны да эпікі і рэгулярнай працы, а Купала выказваўся канцэнтравана, дакладна, але яго творчую біяграфію фармуюць і доўгія гады маўчання. Прытым звязаць гэтыя паэтычныя «прастоі» з палітыкай польскіх уладаў не выглядае магчымым — у Купалы яны пачаліся яшчэ да з’яўлення на палітычнай мапе свету незалежнай Польскай Рэспублікі. (…)


Андранік Антанян — журналіст, эсэіст, даследчык літаратуры. Жыве ў Вільні. Неаднаразова друкаваўся ў «ARCHE», апошняя публікацыя — рэцэнзія «Пішэце пра сваё!» (5/2009).


Цалкам артыкул можна прачытаць у “ARCHE» № 12 за 2014 год.