У мінулым месяцы Аляксандру Станюту, пісьменніку, доктару філалагічных навук, прафесару, даследчыку творчасці Ф.Дастаеўскага і арыгінальнаму літаратурнаму крытыку споўнілася б 75 гадоў. Ён адышоў у іншы свет у жніўні гэтага года, але маштаб зробленага ім, на маю думку, зусім не адпавядае ступені публічнага прызнання ягонага таленту.

Біёграф, інтэрпрэтатар, дакументаліст?

Упэўнены, падобнае меркаванне будзе прынята асобнымі чытачамі з іроніяй, а то і ўнутраным пратэстам. Як можна казаць пра яго адсутнасць, калі ў А.Станюты былі рэгаліі і высокі грамадскі статус, калі былі выдадзены кнігі, калі ён адчуваў павагу з боку калег і меў высокі аўтарытэт сярод колішніх студэнтаў? Тым не менш не пакідае адчуванне, што асоба і творчасць Аляксандра Аляксандравіча па-ранейшаму ўспрымаюцца ў вузкім кантэксце.

Для дасведчаных тэатралаў Аляксандр Аляксандравіч з’яўляецца біёграфам Стэфаніі Станюты, сваёй маці. Пераацаніць значнасць кнігі “Стэфанія” цяжка. Лічаныя беларускія акцёры пакінулі ўспаміны або мэтанакіравана гутарылі з журналістамі. Таму дакументальная аповесць, якая змяшчае ў сабе шмат цікавых дэталяў, падрабязнасцяў творчага жыцця самой артысткі, яе калег, Купалаўскага тэатра ўвогуле, ліквідуе “белыя плямы” ў гісторыі айчыннага сцэнічнага мастацтва. Для іншых А.Станюта цікавы найперш у якасці крытыка і літаратуразнаўцы, бо яго памятаюць як аўтара двух кніг пра творчасць Ф.Дастаеўскага, зборніка “Плошча свабоды”, шэрагу літаратурна-крытычных даследаванняў.

Але нягледзячы на глыбіню ацэнак, тэатральная і літаратурная крытыка застаецца з’явай у нечым другасная у параўнанні са стварэннем арыгінальнага тэкста, спектакля, фільма. Крытык застаецца ў сваім часе – разам з большасцю з’яў мастацтва, пра якіх ён напісаў. Тады як лепшыя ўзоры арыгінальнай творчасці пачынаюць самастойнае жыццё ў прасторы мастацтва ўжо без інтэрпрэтатара (нешматлікія выключэнні, кшталту В.Бялінскага, толькі падцвярджаюць правіла). Таму для крытыка адна з магчымасцей застацца ў якасці стваральніка першаснай мастацкай з’явы – шлях у празаічныя жанры.

Станюта зрабіў такі крок у сталым узросце, калі былі апублікаваныя яго раманы “Гарадскія сны” і “Сцэны з мінскага жыцця”, шэраг аповесцяў і апавяданняў. Творчасць пісьменніка атрымала станоўчыя водгукі, пра яе з’яўляліся рэцэнзіі. Тым не менш сфарміравалася меркаванне, што кнігі Станюты – гістарычная дакументалістыка, магчымасць перанесціся ў ваеннае і пасляваеннае мінулае Мінска, стаць сведкамі нямецкай акупацыі, забойства Кубэ, вызвалення, наладжвання быту пасля вайны (“Гарадскія сны”) або трапіць у эпоху “адлігі” (“Сцэны з мінскага жыцця”). Магчыма, некаторыя падставы для такога падыходу даў сам аўтар. Уладальнік сапраўды фантастычнай памяці, А.Станюта захаваў ва ўяўленні назіранні, уражанні, малюнкі далёкага мінулага. Улічваючы, што з таго часу (асабліва ваеннага) засталося няшмат сведчанняў, прычым яркіх, непасрэдных, дзіцячых або юначых, творы пісьменніка сталі сапраўдным кландайкам для аматараў сталічнай даўніны. Аднак і такі падыход звужае ўспрыманне Станюты як пісьменніка. Пры такой логіцы яго проза ўспрымаецца як кнігі для мінскіх інтэлігентаў сталага веку, або маладых аматараў гісторыі, якія доўгімі вечарамі паглыбляюцца ў мінулае сталіцы.

Такім чынам, сын-біёграф, крытык-інтэрпрэтатар, пісьменнік-дакументаліст. Ці не замала? Не, калі ўспрымаць творчасць А.Станюты ў параўнанні з яго калегамі. Так, калі належным чынам асэнсаваць узровень напісанага. У прозе Аляксандра Аляксандравіча у найбольшай ступені сканцэнтраваліся творчыя пошукі аўтара. Каб патлумачыць іх значэнне, звернем ўвагу на суадносіны ў літаратуры катэгорый асобы і часу.

“Гарадскія сны”

Звычайна ў празаічным жанры (аповесцях, успамінах) у цэнтры аповеду знаходзіцца асоба героя, які дзейнічае ў пэўнай часавай прасторы. Абставіны жыцця з’яўляюцца фонам для сюжэта або ўплываюць на падзеі. У буйным жанры (рамане) творца звычайна імкнецца гарманічна прадставіць як чалавека, так і часавую прастору, эпоху, у якіх той існуе. Менавіта таму героі такіх твораў становяцца сімваламі пэўнага гістарычнага перыяду і ўвасабляюць думкі і ідэалы людзей таго часу.

З аднаго боку, у цэнтры “Гарадскія сны”, пра які гаворка далей, знаходзіцца асоба гісторыка Сяргея Забелы, які ўзгадвае сваё жыццё ў даваенным, ваенным і пасляваенным Мінску. Сям’я героя, месцы яго жыхарства, інтэр’еры дамоў, рэплікі і паводзіны людзей… Дзесьці на заднім фоне гучаць стрэлы, ідзе вайна… Часам гэты свет урываецца ў жыццё героя (напрыклад, у выпадку, калі Сяргей разбівае шкло фашысцкай машыны, і немец у пошуку вінаватага прыходзіць да яго дадому). З другога боку, у творы прадстаўлена рэальная гістарычная эпоха і рэальныя асобы. Наркамы НКУС Берман і Яжоў, гаўляйтэр Кубэ і яго канкурэнт за ўладу ў Беларусі фон Готберг, міністр дзяржбяспекі Цанава і футбалісты мінскага “Дынама”, пра якіх ён клапаціўся.

А. Станюта па-майстэрску пераключае ракурсы з асабістага і прыватнага на агульнае, дзякуючы чаму яго кніга трымае ўвагу чытачоў. Перад намі класічны варыянт твору, які мае некалькі ўзроўняў прачытання. Першы дазваляе нам паглыбіцца ў свет героя. Другі – адчуць эпоху. Пры такіх разважаннях узнікае паралель з “Вайной і мірам”, дзе грамадскае жыццё адбіваецца ў лёсах герояў. Але ж раман Талстога стаў класікай яшчэ таму, што меў трэці, філасофскі, абагульняльны ўзровень. Такая рыса ўласціва і раману Станюты.

На пачатку твора лірычны герой прыязджае ў Маскву і наведвае Крэмль, дзе калісьці, у якасці крамлёўскага курсанта служыў яго бацька: “Небо снижалось, оставляя свою бесконечную высоту, и словно впадала сюда, в большую лощину среди высоких каменных сооружений. (…). И было ощущение, что так вот, со всей очевидностью, даже наглядностью перед глазами открылось вдруг невидимое, неземное, без начала и конца, небесное течение вечности. (…). И вот тут, в этой впадине неба, под вековечным небесным потоком появляется обыкновенный человек, отец твой, (…). Потом небесное течение покидает твоего отца на этой площади, на страже бога, сотворённого людьми. (…). Отец здесь остается, живой на страже мертвого, а небесное течение снова подымается куда-то за каменное ограждение площади. Оно уносится выше, дальше – туда, где для отца, как и для всех опять наступит небытие”.

Сяргей Забела трапляе праз гады ў тую ж прастору, дзе калісьці знаходзіўся яго бацька. “В пространстве, в том или ином месте, в принципе, можно при желании побывать, войти туда и снова выйти. Пространство, место – это уже как-то ближе к неизменности и к непреложности. А время, время? Им не овладеешь. Оно тобою – да…”. Па-сутнасці, “Гарадскія сны” становяцца спробай лірычнага героя праз філасофскія разважанні, праз дыялогі з самім сабой разгадаць таямніцу часу, мінулага і знайсці сэнс жыцця.

У чым жа філасофская аснова рамана А.Станюты? Паспрабаваць знайсці адказ на гэта пытанне нам дапаможа назва твору. Што азначае ў ёй слова “сны”? Пісьменнік выкарыстоўвае ў творы “прынцып сноў”, што робіць дзеянне рамана не паслядоўным, а пульсуючым, перарывістым, у нечым фантасмагарычным, і ў чымсьці нагадвае “Сто гадоў адзіноты” Маркеса.

Чаму сны становяцца “гарадскімі”? Мяркую, тое не проста канстатацыя месца дзеяння. Як піша пісьменнік, “время меняет всё. Одними и теми же остаются только места. Они, может, и связывают как-то происходящее во времени”. Шматзначным успрымаецца фінал твору: “И вот теперь, спустя сорок лет, в июне, возле тех же самых дверей, под знакомых с юных лет окнами были слышны совсем другие голоса, другой уличный шум и ветерок, другой шелест листвы уже состарившихся лип. (…). Не было уже тех, кто помнил, знал то время. Не было в спешащей молодой толпе, в помолодевшим, пусть пока только снаружи, времени. Время прошло. Осталось место. Как бы его ни переделывало время, место, где было, там – и остается навсегда”. Тонкасць і небанальнасць успрымання рэчаіснасці, часу і прасторы – самых глабальных філасофсікх катэгорый, пэўна, першая ўмова сапраўднага таленту. А ўменне зафіксаваць плынь свядомасці героя, маштабнасць ягонага роздуму робіць такую здольнасць пісьменніка відавочнай. Месца дзеяння (Мінск) ў “Гарадскіх снах” звязвае, па-першае, мінулае і сучаснасць, па-другое, людзей розных эпох, а, па-трэцяе, тры ўзроўні прачытання рамана (асабісты, грамадска-гістарычны і філасофскі), што надае твору цэласнасць і завершанасць.

“Сонечная” і “начная” проза

Апошнім часам у беларускай літаратуры стала надзвычай модна гуляць “у класікаў”. Пры ўсіх адмоўных і адначасова камічных сітуацыях, якія нараджаюць гэткія прэтэнзіі, творы неабходна разглядаць на прадмет іх адпаведнасці ці неадпаведнасці канону. І высокаму ўзору. Толькі рабіць шчыра і “па гамбургскаму рахунку”. А.Станюта не паспеў, а можа не імкнуўся публічна заявіць уласныя прэтэнзіі на прызнанне. Гэтую справу за яго павінны зрабіць мы.

Рэаліі сучаснага літаратурнага працэсу сведчаць: чытачы страцілі давер да станоўчых ацэнак, бо яны пераважаюць ледзь не ў кожнай рэцэнзіі. Таму паспрабую патлумачыць значэнне прозы А.Станюты інакш: праз развіццё сучаснай айчыннай літаратуры.

У літаратуразнаўстве існуе даўняя традыцыя вылучаць у прыгожым пісьменстве два накірункі, звязаныя з асобай двух вялікіх пісьменнікаў, – Л.Талстога і Ф.Дастаеўскага. Што з’явілася падставай для класіфікацыі? Найбольш грунтоўнае разыходжанне бачыцца ва ўнутраным свеце творцаў і іх стаўленні да светабудовы. Не будзе адкрыццём адзначыць, што ва ўсе часы сучаснасць з канфліктамі, войнамі і супярэчнасцямі успрымалася большасцю сапраўдных пісьменнікаў у якасці дысгарманічнай з’явы. Адпаведна, галоўныя героі ў творах абодвух плыняў звычайна імкнуліся дасягнуць гармоніі. Аднак яе пошукі адбываліся рознымі шляхамі.

Аўтары, што існавалі ў рэчышчы першай, “талстоўскай” традыцыі, імкнуліся або перанесці дзеянне ў рамантызаванае мінулае і адшукаць там “залатое стагоддзе”, або знайсці ў сучаснасці асоб, што выклікаюць захапленне, або прывесці ўласных герояў да раўнавагі з навакольным светам. У сучаснай беларускай прозе прадстаўнікамі такой плыні, якую можна назваць “сонечнай”, з’яўляюцца Андрэй Федарэнка, Уладзімір Саламаха, Аляксандр Станюта, Уладзімір Сцяпан, і некаторыя іншыя.

Пісьменнікі другой традыцыі, якую можна назваць “начной”, імкнуцца сканцэнтраваць увагу чытачоў на сучасных для іх рэаліях, адлюстраваць у сваёй прозу дысгармонію рэчаіснасці, драматычную экспрэсію і нават паглыбіць яе. Так ствараецца кантраст з гармоніяй і чытач “падводзіцца” да разумення яе неабходнасці. Прадстаўнікамі гэтай плыні ў нашай літаратуры з’яўляюцца Анатоль Казлоў, Юрый Станкевіч, Альгерд Бахарэвіч, Алена Брава…

Адзначу яшчэ адзін, асабісты крытэрый вылучэння згаданых накірункаў. Апошнім часам чытаю значную колькасць твораў сучаснай беларускай літаратуры. Нядаўна злавіў сябе на парадаксальнай думцы: для ўласнай асалоды чытаю менавіта “сонечныя”, гарманічныя творы. Тады як зварот да “начных”, дысгарманічных кніг адбываецца хутчэй па прафесійнаму абавязку (каб напісаць рэцэнзію, каб мець уяўленне пра бягучы літаратурны працэс).

Упэўнены, “сонечны” і “начны” накірункі выступаюць увасабленнем адпаведнага тыпу мыслення: гарманічнага і дысгарманічнага. Прычым як пісьменніка, так і чытача. З аднаго боку, мы можам разглядаць тып чытацкага мыслення (праз выбар пісьменнікаў у якасці куміраў або пэўнай кнігі). З другога боку, творчым асобам уласцівы заўсёдны пошук крыніц натхнення. Таму, думаю, што “сонечныя” пісьменнікі хутчэй за ўсё будуць чытаць “сонечных” і – наадварот.

Прызнаюся, з кніг сучаснай айчыннай літаратуры толькі некаторыя выклікалі ў мяне сапраўднае натхненне, думкі, ідэі і, галоўнае, адчуванне гармоніі, параўнальнае з уздзеяннем твораў агульнапрызнанай, сусветнай класікі. Адной з іх стаў раман А.Станюты “Гарадскія сны”. Аляксандра Аляксандравіча ўжо няма з намі. Яму больш няма ні з кім нічога дзяліць. Менавіта таму з усёй шчырасцю і адказнасцю за свае словы хачу назваць яго раман “Гарадскія сны” адным з сапраўдных дасягненняў, а магчыма, і класікай беларускай літаратуры…

Сонечныя сны// Літаратура і мастацтва. 2011. 11 лістапада. № 54. С. 5