Нядаўна пабачыла сьвет незвычайная кніга – альбом “Беларускі авангард 1980-х”, накладам 250 асобнікаў (выдавец Логвінаў, 2011).

Незвычайнай гэтую кнігу можна назваць у моц некалькіх супярэчлівых абставінаў:

1. Для такой гучнай назвы самое аздабленьне кнігі досыць шэраговае для авангарднага выданьня, але вельмі якаснае для выданьня культуры масавага спажываньня сучаснай Беларусі:  прыемна пахнучая глянцавая папера, стандартны шрыфт, пераклад на ангельскую мову, нечакана правільная структураванасць зьместу. Безумоўна, азначэнне тэрміну “беларускі авангард” у альбоме адсутнічае, аднак аніякіх табе вагрычаў бахчынянаў і гульняў з чытачом у мудрагелістыя арт-загадкі вы тут не знойдзіце. Толькі Бісмарк (той самы Віталь-Гіпакрат) на вокладцы і пары першых старонак парушае цішыню…

2. Сама назва кнігі не надта адпавядае зьместу: аўтар (пазначаны як Клінаў А.А.)“замахнуўся” на авангард у цэлым, але разглядае выключна адзіны жанр – жывапіс. Добры тэмп агульнага расповеду задае ўступнае слова культуроляга Вольгі Архіпавай, якая змагла лёккімі мазкамі нанесьці прыкладныя абрысы таго часу з найбольш яркімі акцэнтамі гучных падзеяў. Але пасьля гэтага цудоўнага тэксту робіцца акцэнт на хроніку з большага менскага мастацкага жыцьця, дарэчы, даволі актыўнага, але досыць аднабаковага…. Аднак гэта мае і свой плюс. Чытач проста вымушаны заняцца самастойнымі пошукамі інфармацыі аб тым часе і тым авангардзе ды й ствараць уласны самвыдат.

3. Прадстаўленыя ў кнізе выявы карцін даюць поўнае права захапляцца мастакамі, якія ступілі на няўдзячную, нонкамфармісцкую авангардную сцяжынку , якая не дае аніякіх гарантый славы і ўсеагульнай любові, як аўтарам, так і іх творам. Некаторыя з карцін ужо вывешваліся ў Менску ў мінулым годзе ў межах выставы калекцыі Плясунова, да якога самі аўтары карцін маюць справядлівыя пытаньні ў сферы аховы аўтарскага права. Некаторыя творы ўжо зьнішчаны самімі ж аўтарамі, аб чым зроблены ганаровыя надпісы наўпрост у кнізе.

4. Разглядаемая кніга з’явілася занадта позна і з’яўляецца доўгачаканым “першым бліном”, таму магла б мець і круглую форму. Позна, бо пераасэнсаваньне 80-х павінна праходзіць у 90-х для мацавання падмурку,  ад якога павінна адштурхвацца новая авангардная хваля адмыслоўцаў. Слова “пераемнасьць” тут напэўна і не падыйдзе, бо супярэчыць самому тэрміну “авангард”. Аднак казаць аб “пераемнасьці непрыманьня старога і пошуку новага праз сябе і спрэчкі са Свьетам” як складнік авангарднага накірунку акурат выпадае. Такой пераемнасьці не назіраецца. А таму гэтая кніга, як нечаканая цагліна з даху, якая ўпала табе пад ногі. Па факце яна ёсьць, але такая незразумелая і аддаленая ад усяго, што зараз адбываецца навокал.

5. Альбому не хапае відэа і аўдыё-начыньня – дадаткаў да альбома: якой-небудзь кружэлкі , якая ў вадзе не гарыць і ў агні не тоне.  Напрыклад, кружэлкі таго ж гурта “Князь Мышкін”, 20-я гадовая музычная скарбонка якога б добра адлюстравала ўсе працэсы браджэньня авангарду, пачынаючы з 1991 года (аб бліжэйшым канцэрце КМ чытайце тут).

6. Кнізе бракуе сапраўднае лягічна чакаемай  гісторыі Асобаў Беларускага Авангарду.  Напрыканцы кнігі пададзены сьціплы і сьціслы пералік аўтараў з даволі супярэчлівай інфармацыяй аб тым, чые карціны і ў каго захоўваюцца. Пра некаторых асобаў напісаны зусім незразумелыя і двухсэнсоўныя характарыстыкі: “жыве ў Ізраілі” (?), “захапілася рэлігіяй”(?), “аўтар каля (?) 20 кніг” “браў прыватныя ўрокі ў мастакоў-нонкамфармістаў” ( ?) ды прочае.

Усё гэта кажа аб адным: беларускі авангард у жывапісу быў, помер, пакуль не ўваскрос, але пульс ніцявідны…

Прынамсі гэтай кнігай можна сьмела размахваць перад замежнікамі  і даказваць, што авангард у Беларусі маецца. Проста яму не хапае сілаў, грошай,здароўя, свабоды, пераемнасьці, прыманьня афіцыйнай культурніцкай прасторай на ўзроўні неад’емнай дэталі існаваньня мэханізму беларускай культуры, якую нельга так проста адкласьці ў бок са словамі “дык гэта ж вечна п’яныя зьпсіхаваныя мастакі-маргіналы”…

Кнігу можна рэкамендаваць культуролягам, мастацтвазнаўцам і філозафам у якасьці метадычнага матэрыяла для навучаньня,  прадстаўнікам дзяржаўным органам культуры – як трэба рабіць сапраўды добрую, нелубочную  мастацтвазнаўчую літаратуру з замахам на замежны распаўсюд, сьмелым кнігавадыўцам – у якасьці прыкладу, як нельга рабіць авангардныя рэчы аб авангардзе, простым чытачам у якасьці брашуры з якаснымі ілюстрацыямі для разуменьня і прыманьня такой з’явы, як “беларускі авангард”.

Прыемнага чытаньня!