У сучаснай Беларусі няма прафесійнай архітэктурнай крытыкі. Так ужо склалася, што крытыка таго, што мы – архітэктары – робім, па розных прычынах, не патрэбная ні нам, ні нашым замоўшчыкам-інвестарам, ні асобам, якія прымаюць рашэнні ў мясцовых органах улады. Чаму не патрэбная – я думаю, усім зразумела. А вось ці патрэбная крытыка сучаснай архітэктуры беларускаму грамадству – гэта пытанне рытарычнае.

Чаму? Ды таму, што значнай частцы нашых сучаснікаў наогул усё адно. Але ці можа гэты відавочны факт служыць апраўданнем інтэлектуальнай ляноты тых, хто праз сваё сацыяльнае становішча абавязаны ўсведамляць выклікі часу і ў меру сіл спрабаваць прадумаць, як нам – усім разам – на іх годна адказаць?

У сілу сваіх штодзённых прафесійных абавязкаў я ўцягнуты ў сферу аховы архітэктурнай спадчыны і непасрэдна з сучаснай архітэктурна-будаўнічай дзейнасцю не звязаны. Тым не менш, дазволю сабе крытычна выказацца з нагоды новых будынкаў, пабудаваных або якія будуюцца ў цяперашні час у гістарычным цэнтры Менска. Чаму выбар аб’ектаў для крытыкі абмежаваны толькі будынкамі, размешчанымі на тэрыторыі гістарычнага гарадскога ядра? Таму што размяшчэнне новых будынкаў у каштоўным гістарычным кантэксце дазваляе ацэньваць іх архітэктурныя якасці больш-менш аб’ектыўна, а не на узроўні – «падабаецца — не падабаецца».

Строга кажучы, у творы сучаснай архітэктуры адсутнічае аб’ектыўны крытэр яго ацэнкі. Толькі загадзя ведаючы, якую праектную задачу ставіў перад сабой архітэктар, можна паспрабаваць ацаніць, ці ўдалося яму – аўтару-матэрыялізаваць ім жа прадэклараваную ідэю. Уся астатняя крытыка ляжыць у полі бясконцых суб’ектыўных інтэрпрэтацыяў, якія часцей больш размаўляюць пра крытыку, чым пра крытыкуемыя творы. Зусім інакш справа ідзе ў тым выпадку, калі твор сучаснай архітэктуры змяшчаецца ў існуючы гістарычны кантэкст. Тут у крытыка з’яўляецца надзея быць аб’ектыўным. Паколькі гістарычны характар месца – гэта крытэр, які дазваляе ацаніць дарэчнасць новага будынка. Тым больш, што гістарычны цэнтр Менска ў нас ахоўваецца дзяржавай у якасці комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці. І гэта пытанне не дыскусійнае.

У апошнія гады ў гістарычным цэнтры Менска і на тэрыторыях, непасрэдна да яго прылеглых, шмат будуюць. Рамантуюць, мадэрнізуюць, прыстасоўваюць пасляваенную забудову, рэстаўруюць захаваўшыяся гістарычныя будынкі, узнаўляюць цалкам страчаныя аб’екты, імкнучыся паўтарыць іх гістарычную форму (ратуша, царква Святога Духа). Наколькі гэта ў прынцыпе магчыма і што мы ў выніку добрых намераў атрымліваем – тэма асобнай гутаркі. Будуюць і зусім новыя будынкі. Некаторыя новыя будынкі будуюць наўзамен згубленых. Так, гатэль «Еўропа» у мяне не выклікае пярэчанняў, хоць было б лагічней ўсё ж такі размяшчаць яго на гістарычным месцы, а не зрушваць далёка ў бок. Гэта дазволіла б абмежаваць плошчу Свабоды з паўднёвага боку ў гістарычных габарытах. А таксама пакінула б магчымасць аднавіць будынак першага гарадскога тэатра, разбуранага ў 1980-х гг., на месцы якога сёння і пабудаваны будынак гатэлю «Еўропа».

Комплекс будынкаў Менскай духоўнай семінарыі на першы погляд карэктна ўпісаны ў гістарычны кантэкст. Але пры ўважлівым разглядзе заўважаеш, што гістарычны характар гэтай часткі горада непапраўна парушаны ў частцы планіровачнай структуры. Ды і форма даху з вялікімі трохкутнымі вокнамі больш нагадвае Карпацкую гарналыжную базу савецкіх часоў, чым гістарычную забудову Менска.

Два вышэй разгледжаныя прыклады маюць адну бясспрэчную станоўчую якасць – яны адпавядаюць навакольнай гістарычнай забудове па маштабе і не змяняюць традыцыйныя сілуэты і вулічныя перспектывы. А вось даўгабуд на вул. Кісялёва назаўсёды сапсаваў пышную Надрэчную панараму забудовы вул. Камуністычнай. Калісьці выгляд з моста на «дом са шпілем» па вул. Чырвонай быў мой самы ўлюбёны. Будынак «Вэлком» на Інтэрнацыянальнай нядрэнна бы ўпісаўся ў забудову Берліна, але па маштабе зусім не адпавядае навакольнай менскай забудове – ні пасляваеннай забудове праспекта, ні адна-двухпавярховай забудове XIX стагоддзя.

Ну, і нарэшце – жылы «дом ля Траецкага» і будуемы хмарачос на праспекце Пераможцаў. Іх відавочная недарэчнасць і немаштабнасць адносна навакольнай забудовы настолькі відавочная, што казаць трэба не пра архітэктурныя якасці дадзеных будынкаў, а пра тое, як такое ўвогуле магло тут з’явіцца? Што гэта – адсутнасць у беларускай дзяржавы горадабудаўнічай палітыкі ці палітыкі ў сферы аховы культурнай спадчыны? Ці сведчанне непаважлівага стаўлення асобаў, якія прымаюць рашэнні, да законаў нашай краіны, якія рэгламентуюць развіццё гарадоў і ахову нашай культурнай спадчыны? У гэтым месцы я хачу спыніцца, паколькі рызыкую выйсці за межы сваёй кампетэнцыі і ўварвацца ў сферы, дзе прафесійнымі экспертамі павінны быць следчыя Генеральнай пракуратуры.