Танная энергія коштам даўгатэрміновага забруджвання. У Злучаных Штатах гэтая дылема адносна сланцавага газа доўгі час не турбавала ані прамыслоўцаў, ані грамадскасць. Маўляў, новыя рэсурсы вярнулі Амерыку на рэйкі эканамічнага роста і павысілі яе «канкурэнтаздольнасць». Эйфарыя не абыйшла бокам і Еўропу, прынамсі Польшчу і Ўкраіну, што мараць такім чынам здабыць сабе энергетычную незалежнасць. Ды і Беларусь пачала пошукі радовішчаў на сваёй тэрыторыі… А што, калі «сланцавая рэвалюцыя» – звычайная спекулятыўная бурбалка, якая вось-вось лопне?

Калі верыць загалоўкам амерыканскай прэсы, што прадказваюць эканамічны бум праз «рэвалюцыі» сланцавых нафты і газа, краіна хутка будзе купацца ў чорным золаце. Сапраўды, справаздача «Сусветныя энергетычныя перспектывы» за 2012 год Міжнароднага энергетычнага агенцтва (МЭА) абвяшчае, што ў 2017 годзе ЗША адбяруць у Саудаўскай Аравіі месца першага сусветнага вытворцы нафты і здабудуць «квазі-самадастатковасць» у энергетычнай сферы. Паводле МЭА, запланаваны рост вытворчасці вуглевадародаў, які павінен узрасці з 84 мільёнаў барылей у дзень у 2011 годзе да 97 барылей у 2035-м, будзе забяспечаны «цалкам дзякуючы звадкаваным прыродным газам і неканвенцыянальным рэсурсам» (найперш дзякуючы сланцаваму газу і сланцавай нафце), у той час як канвенцыянальная вытворчасць павінна пачаць заняпад з … 2013 года.

З-за таго, што іх здабываюць праз гідраўлічны разрыў пласта (ін’екцыю пад ціскам сумесі вады, пяска і дэтэргентаў дзеля стварэння расколіны ў пласце і выціскання адтуль газа), дзякуючы тэхніцы гарызантальнага бурэння (якая дазваляе трымаць свідравіну ў патрэбным геалагічным разрэзе), гэтыя рэсурсы атрымоўваюцца толькі коштам значнага забруджвання навакольнага асяроддзя. Але іх эксплуатацыя ў Злучаных Штатах дапамагла стварыць сотні тысяч працоўных месцаў і мае тую перавагу, што прапануе танную і багатую на залежы энергію. Паводле справаздачы 2013 года «Энергетычныя перспектывы: погляд у 2040 год», апублікаванай групай ExxonMobil, амерыканцы зробяцца чыстымі экспарцёрамі вуглевадародаў пачынаючы з 2025 года дзякуючы сланцаваму газу, у кантэксце моцнага роста сусветнага попыту на газ.А што, калі «сланцавая рэвалюцыя», замест таго, каб узмацняць ледзь ачуняўшую сусветную эканоміку, раздзімае спекулятыўную бурбалку, што вось-вось лопне? Крохкасць вяртання да эканамічнага роста, а таксама нядаўні досвед павінны спрыяць асцярожнасці адносна падобных усплёскаў энтузіязму. Напрыклад, іспанская эканоміка, некалі такая квітнеючая (чацвёртая ў еўразоне ў 2008 годзе), развальваецца пасля таго як бурбалка нерухомасці, за якую яна слепа чаплялася, лопнула без папярэджання. Крызіс 2008 года мала навучыў палітычны клас – і вось ён гатовы паўтарыць тыя самыя памылкі ў сектары выкапнёвых энергарэсурсаў.

Яшчэ ў чэрвені 2011 года адно журналісцкае расследаванне газеты New York Times выкрыла некаторыя расколіны ў медыйна-прамысловай канструкцыі сланцавага «бума», агучыўшы сумневы рознага кшталту назіральнікаў – геолагаў, юрыстаў, бізнес-аналітыкаў – адносна рэкламы нафтаздабываючых кампаній, якія падазраваліся ў «наўмысным, і нават супрацьзаконным, перабольшванні прадукцыйнасці і аб’ёму сваіх радовішчаў»i. «Здабыча газу з-пад гліністых сланцаў, — пісаў амерыканскі штодзённік, — можа апынуцца цяжэйшай і даражэйшай, чым сцвярджаюць кампаніі, як гэта паказваюць сотні электронных паведамленняў і дакументаў, якімі абменьваліся прамыслоўцы на гэты конт, а таксама аналіз дадзеных па тысячах свідравін».

У пачатку 2012 года два амерыканскія кансультанты пачынаюць біць трывогу на старонках Petroleum Review, галоўнага выдання брытанскай нафтавай прамысловасці. Задаючыся пытаннямі наконт «надзейнасці і ўстойлівасці амерыканскіх радовішчаў сланцавага газа», яны выяўляюць, што прагнозы прамыслоўцаў супадаюць з новымі правіламі Камісіі па карысных паперах і біржах (SEC), федэральнага органа па кантролі над фінансавымі рынкамі. Прынятыя ў 2009 годзе, яны сапраўды дазваляюць кампаніям указываць якія заўгодна аб’ёмы сваіх залежаў, не патрабуючы праверкі лічбаў незалежнымі ўстановаміii.

Гэтая пераацэнка радовішчаў сланцавага газу дазваляе прамыслоўцам зводзіць на другі план рызыку іх эксплуатацыі. Між тым, гідраўлічны разрыў пласта наносіць шкоду не толькі навакольнаму асяроддзю: ён таксама ўяўляе сабой уласна эканамічную праблему, бо спараджае вытворчасць з вельмі кароткай працягласцю жыцця. На старонках часопіса Nature былы навуковы дарадчык брытанскага ўрада Дэвід Кінг (David King), падкрэслівае, што прадукцыйнасць адной свідравіны па здабычы сланцавага газа зніжаецца на 60-90 % у канцы першага года эксплуатацыіiii.

Такі жорсткі абвал робіць відавочна ілюзорнай любую мэту дасягнення рэнтабельнасці. Як толькі радовішча вычэрпваецца, аператары вымушаны як мага хутчэй бурыць новыя свідравіны, каб падтрымаць аб’ёмы вытворчасці і абслугоўваць даўгі. Калі кан’юнктура гэтаму спрыяе, такая гонка можа ствараць ілюзію напрацягу некалькі год. Менавіта гэткім чынам, у спалучэнні з кволай эканамічнай актыўнасцю, вытворчасць радовішчаў сланцавага газа – млявая з часам, але бурлівая ў караткатэрміновай перспектыве – выклікала эфектнае падзенне цэн на прыродны газ у Злучаных Штатах, панізіўшы іх з 7-8 долараў за мільён BTU (British Thermal Unit) да 3 долараў ў 2012 годзе.

Спецыялістаў ў вобласці фінансавых інвестыцый гэтым не падманеш. «Эканоміка гідраўлічнага разрыву – гэта дэструктыўная эканоміка, — папярэджвае журналіст Вольф Ріхтэр (Wolf Richter) на старонках Business Insider iv. — Гэтая здабыча паглынае капітал з дзіўнай хуткасцю, пакідаючы здабываючым кампаніям горы даўгоў, калі вытворчасць пачынае рэзка зніжацца. Каб пазбегнуць адпаведнага падзення даходаў, кампаніі павінны пампаваць усё болей і болей, кампенсуючы вычарпаныя свідравіны новымі, што будуць вычарпаныя заўтра. Нажаль, рана ці позна такая схема ўпрэцца ў мур – мур рэальнасці».Геолаг, што паспеў папрацаваць спачатку на Amoco, а потым на British Petroleum, Артур Берман (Arthur Berman), выказвае ўласнае здзіўленне «неверагодна высокім» рытмам вычэрпвання радовішчаў. Узгадваючы пляцоўку Ігл-Форд у Тэхасе — «маці ўсіх радовішчаў сланцавай нафты», ён указвае на тое, што «штогадовае зніжэнне вытворчасці тут перавышае 42 %». Каб забяспечыць сабе стабільныя вынікі, газавікі будуць вымушаны бурыць «амаль тысячу дадатковых свідравін штогод на адной пляцоўцы. Што адпавядае выдаткам у 10-12 мільярдаў долараў у год… Калі скласці ўсё гэта, то атрымаем суму, выдаткаваную на выратаванне банкаўскай індустрыі ў 2008 годзе. Дзе яны возьмуць усе гэтыя грошы?»v

Газавая бурбалка ўжо выклікала свае першыя наступствы на некаторых з буйнейшых нафтаздабываючых прадпрыемстваў планеты. У мінулым чэрвені генеральны дырэктар кампаніі Exxon, Рэкс Цілерсан (Rex Tillerson), скардзіўся на нястачу, тлумачачы, што зніжэнне цэн на прыродны газ з’яўляецца безумоўным шанцам для спажыўцоў, але праклёнам для ягонага прадпрыемства, што апынулася ахвярай рэзкага пазення даходаў. Калі сваім акцыянерам Exxon усё яшчэ сцвярджала, што не згубіла аніводнага цэнта з-за газа, Цілерсан ледзь не плакаўся перад Council on Foreign Relations (CFR) — адной з найбольш уплывовых «фабрык думкі» ў краіне: «Мы ўсе ўжо аддаем на гэта апошнюю кашулю. Мы больш не зарабляем грошай. Усе індыкатары чырвоныяvi».

Амаль у той самы момант брытанская газаздабываючая кампанія BG Group была змушана на «дэпрэцыяцыю актываў, звязаных са здабычай амерыканскага прыроднага газа, да 1,3 мільярдаў долараў», што сінанімічна «адчувальнаму зніжэнню прамежкавых прыбыткаў»vii. Першага лістапада 2012 года, пасля таго, як нафтавая кампанія Royal Dutch Shell зарэгістравала тры трыместры дрэнных вынікаў запар, з сукупным спадам у 24% за адзін год, інфармацыйная служба Dow Jones абвесціла гэтую сумную навіну, каб выказаць сваю заклапочанасць «шкодай», што наносіць сляпое захапленне сланцавым газам у біржавым сектары.

Гэтая бурбалка не мінула і Chesapeake Energy, якая з’яўляецца піянерам у гонцы сланцавага газу. Прыдушанае даўгамі, амерыканскае прадпрыемства было вымушана выставіць на продаж частку сваіх актываў (газаздабываючых пляцовак і трубаправодаў агульнай вартасцю ў 6,9 мільярдаў долараў), каб аплочваць свае рахункі. «Кампанія яшчэ больш згортвае свае ветразі, тады як яе гендырэктар у свой час зрабіў з яе аднаго з лідараў сланцавай рэвалюцыі», — шкадуе Washington Postviii.

Як маглі героі гэтай «рэвалюцыі» ўпасці так нізка? Аналітык Джон Дайзард (John Dizard) адзначаў на старонках Financial Times за 6 мая 2012 года, што вытворцы сланцавага газа выдаткавалі сумы, што ў «два, тры, чатыры, нават пяць разоў перавышаюць іх уласны капітал, на набыццё земляў, бурэнне свідравін і рэалізацыю сваіх праграмаў». Каб фінансаваць залатую ліхаманку, спатрэбілася пазычаць астранамічныя сумы «на складаных і патрабавальных умовах», бо Уол-Стрыт не адыйшоў ад сваіх звычайных правіл паводзін. Паводле Дайзарда, газавая бурбалка ўсё ж павінна працягваць расці, па прычыне залежнасці Злучаных Штатаў ад гэтага эканамічна выбуховага рэсурса. «Улічваючы эфемерную прадукцыйнасць радовішчаў сланцавага газа, бурэнне новых свідравін павінна будзе працягвацца. У рэшце рэшт цэны адрэгулююцца на высокім, і нават на вельмі высокім, узроўні, каб пакрываць не толькі выплату старых даўгоў, але і рэалістычны кошт вытворчасці».

Тым не менш, нельга выключаць, што некаторыя буйныя нафтавыя кампаніі адначасова сутыкнуцца з аднолькавым фінансавым крахам. Калі такая гіпотэза падцвердзіцца, кажа Берман, «мы будзем сведкамі двух ці трох банкруцтваў ці гучных здзелак па выкупе кампаній, у выніку чаго ўсе забяруць свае фішкі, і капіталы прападуць як туман. Гэта быў бы найгоршы са сцэнараў».

Іншымі словамі, аргумент, паводле якога сланцавы газ быццам бы абараняе Злучаныя Штаты ці ўсё чалавецтва ад «нафтавага піка» (узроўня, пачынаючы з якога спалучэнне геалагічных і эканамічных абмежаванняў робіць здабычу сырой нафты невыносна цяжкай ці дарагой) больш падобнае на прыгожую казку. Шматлікія незалежныя навуковыя даклады, што з’явіліся нядаўна, пацвярджаюць, што газавая «рэвалюцыя» не дасць абяцанай адтэрміноўкі.

У адным з даследаванняў, апублікаваных часопісам Energy Policy, каманда Кінга прыходзіць да высновы, што нафтавая індустрыя на траціну пераацаніла сусветныя запасы выкапнёвых энергарэсурсаў. Даступныя сёння радовішчы магчыма не перавышаюць 850 мільярдаў барылей, у той час як афіцыйныя ацэнкі кажуць пра 1300 мільярдаў. Паводле аўтараў, «калі вялізная колькасць выкапневых рэсурсаў сапраўды хаваецца ў нетрах зямлі, аб’ём нафты, якую можна эксплуатаваць па тарыфах, што сусветная эканоміка прызвычаілася вытрымліваць, абмежаваны і асуджаны на спад у кароткатэрміновай перспектывеix ».

Нягледзячы на ўсе скарбы, што вырвалі з-пад зямлі праз гідраўлічны разрыў пласта, скарачэнне існуючых залежаў нафты працягваецца ў рытме, што вагаецца паміж 4,5 і 6,7% у год. Такім чынам, Кінг і ягоныя калегі катэгарычна адхіляюць ідэю, паводле якой бум сланцавага газа быццам бы здольны вырашыць праблему энергетычнага крызіса. Са свайго боку, фінансавы аналітык Гэйл Тверберг (Gail E. Tverberg) нагадвае, што сусветная вытворчасць канвенцыянальных выкапневых энергарэсурсаў спыніла свой рост у 2005 годзе. Гэтая стагнацыя, у якой ён бачыць адну з прычын крызіса 2008-2009 гг., абвяшчае сабой заняпад, які можа яшчэ больш пагоршыць сённяшнюю рэцэсію – са сланцавым газам ці без ягоx. І гэта не ўсё: у адным з даследаванняў, што было апублікаванае на хвалі прыведзенай справаздачы МЭА, New Economics Foundation (NEW) прадказвае нафтавы пік на 2014 ці 2015 гг, калі кошты здабычы і транспарціроўкі «перавысяць кошт, які сусветныя эканомікі могуць вытрываць, не наносячы непапраўнай шкоды сваёй дзейнасціxi ».

Патануўшы ў плыні рэкламнай рыторыкі энергетычных лабістаў, гэтыя працы не прыцягнулі ўвагі ані СМІ, ані палітычных колаў. А шкада, бо іх выснову лёгка зразумець: сланцавы газ зусім не аднаўляе нейкі там эканаміны росквіт, а наадварот раздзімае штучную бурбалку, якая часова камуфлюе глыбокую структурную нестабільнасць. Калі яна лопне, дык выкліча крызіс энергазабеспячэння і ўзлёт цэн, якія рызыкуюць балюча ўдарыць па сусветнай эканоміцы.


*Палітолаг, дырэктар Institute for Policy Research and Development, Брайтан, Вялікабрытанія

Пераклад: Мікалай Мялюк

Арыгінал

Ілюстрацыі: кадры з дакументальнага фільма «Gasland» (ЗША, 2010)


i « Insiders sound an alarm amid a natural gas rush », The New York Times, 25 чэрвеня 2011.

ii Ruud Weijermars, Crispian McCredie, « Inflating US shale gas reserves », Petroleum Review, Londres, студзень 2012.

iii David King, James Murray, « Climate policy : Oil’s tipping point has passed », Nature, Londres, n° 481, 26 студзеня 2012.

iv Wolf Richter, « Dirt cheap natural gas is tearing up the very industry that’s producing it », Business Insider, Portland, 5 чэрвеня 2012.

vi « Exxon : “Losing our shirts” on natural gas », The Wall Street Journal, New York, 27 чэрвеня 2012.

vii « US shale gas glut cuts BG Group profits », The Financial Times, Лондан, 26 ліпеня 2012.

viii « Debt-plagued chesapeake energy to sell $6,9 billion worth of its holdings », The Washington Post, 13 верасня 2012.

ix Nick A. Owen, Oliver R. Inderwildi et David A. King, « The Status of conventional world oil reserves – hype or cause for concern ? », Energy Policy, Гілдфард, т. 38, n° 8, жнівень 2010.

x Gail E. Tverberg, « Oil supply limits and the continuing financial crisis », Energy, Стэмфард, т. 35, n° 1, студзень 2012.

xi « The economics of oil dependence : a glass ceiling to recovery », New Economics Foundation, Лондан, 2012.