У Беларусі падобнае ўжо здаралася ў цяперашнім тысячагоддзі. Ці нфляцыя, ці выкліканая няроўнай барацьбой з ёй дэвальвацыя, але кожны раз простым беларусам даводзілася аплочваць рост ВУП з уласнай кішэні.

Хоць у іншых дзяржавах здараецца наадварот — з ростам ВУП расце спажыванне насельніцтва, паколькі яго кошт уваходзіць у кошт вырабленага ВУП. У нас жа, падобна, выключаецца. Мяркуйце самі: у першым паўгоддзі бягучага года вытворчасць ВУП вырасла на 11%, а тавары і паслугі падаражэлі на 36,2% (харчовыя тавары — на 36,8%, прамтавары — на 45,7%, паслугі — на 21%).

Аж да 23 траўня ўрад яшчэ неяк стрымліваў націск забяспечаных перадвыбарнымі абяцаннямі Лукашэнкі (незаробленых, як лічаць урадавыя эксперты) папяровых грошай, але ручкі-ножкі ў яго падкасіліся. Спачатку, калі меркаваць па каментарах асобных банкіраў, у вертыкальнай часткі палітычнай надбудовы ціха паехаў дах, а пасля яго апорныя канструкцыі проста паваліліся на базіс, ладна скалечыўшы прадукцыйныя сілы, прадстаўленыя працаўнікамі.

Ці варта казаць пра электаральныя настроі і звязаныя з імі надзеі? Намінальны налічаны сярэдні заробак у чэрвені ў параўнанні з траўнем павялічыўся ўсяго на 0,8%. То бок, у кожнага з нас вынялі з кішэняў больш 1/3 наяўнасці і прымусілі заплаціць за рост славутага ВУП. Які будзе спажывацца за мяжой. Што называецца, бачыў, як дзядзька еў …

Зразумела, наш унёсак у скарбонку вертыкальнай стабілізацыі насамрэч куды большы.

Не толькі таму, што рост коштаў працягваецца, але і таму, што ў першую чаргу даражэе самае неабходнае. Як паведамляе Белстат, індэкс спажывецкіх коштаў на тавары і платныя паслугі насельніцтву за перыяд з 19 па 26 ліпеня 2011 года, па ацэнцы, з пачатку месяца да сярэдніх коштаў чэрвеня 2011 года — 103,1%.

Але пры гэтым, найбольшы прырост коштаў з пачатку месяца адзначаны на рыбу жывую (28,8%), алей расліннае (21,6%), ялавічыну першай катэгорыі (12,4%), піва (10,2%), кансервы рыбныя (9,9%), яблыкі (8,7%), маргарын (8,1%), свініну (7,5%), хлеб і хлебабулачныя вырабы, яйкі курыныя, чай, маянэз, безалкагольныя напоі, кандытарскія вырабы, бульбу (5,4-6,3%), плады цытрусавыя, мяса птушкі, рыбу салёную і вэнджаную далікатэсныя (4,3-4,7%), ювелірныя вырабы (13,7%), медыкаменты (12,6%), посуд (6,9%), парфумерна-касметычныя тавары (6%), панчошна-шкарпэткавыя вырабы (5%), тканіны баваўняныя (4,4%), бензін (3,1%), медыцынскія паслугі (12,9% ), паслугі сувязі (7,2%), санаторна-аздараўленчыя паслугі (7%).

Гэта значыць самыя важныя кошты растуць з хуткасцю, якая перавышае сярэднюю. А са спісу можна выключыць хіба што ювелірныя вырабы, якія ў нас традыцыйна адносяць да прадметаў раскошы.

Выдатныя «зажынкі» для пачатку другога паўгоддзя. А ў першым крупы і бабовыя падаражэлі на 76,8%. Прычым, крупа грачаная, якая стала даражэць яшчэ ў канцы мінулага года, мабыць, прытамілася (плюс усяго 80,9% за паўгады), кошты на крупы прасяныя быццам з ланцуга сарваліся, павялічыўшыся ў 2,84 разы. Так яны хутка і грэчку абгоняць.

Кошты на мяса птушкі за паўгады выраслі ў 1,7 разы, на рыбу марожаную — у 1,9 разы, на алей раслінны — у 1,54 разы, на макаронныя вырабы — у 1,6 разы, на цукар — у 1,7 разы, на гародніну — у 1,74 разы на гарбату і каву — падвоіліся, на садавіну падвоіліся са значным гакам.

Пра прамтавары можна было б і не гаварыць. Вырабленыя з імпартнай сыравіны і па асобных пазіцыях цалкам з імпартных камплектуючых, многія з іх толькі па месцы зборкі і па «лэйблу» з’яўляюцца беларускімі. Таму даражэлі хутчэй даляра, за адну ноч у разы. Але і сярод іх тэмпамі вышэй сярэдніх раслі кошты на самае неабходнае: бензін, дызельнае паліва, тавары бытавой хіміі, сінтэтычныя мыйныя сродкі, папярова-белавыя, парфумерна-касметычныя тавары падаражэлі ў чэрвені ў параўнанні са снежнем у 1,5-2 з лішнім разы.

Зразумела, што на чарзе тарыфы праезду на грамадскім транспарце. Вертыкаль сарамліва мнецца, але, кажуць, ужо ёсць рашэнне, і тралейбусы-трамваі падаражаюць для насельніцтва ў адпаведнай прапорцыі. А яна такая, што для асобных грамадзянаў грамадскі транспарт ператворыцца са сродку перамяшчэння ў прадмет раскошы. Так што людзі з праязнымі хутка нашымі ўшлымі сацыёлагамі будуць залічаныя ў сярэдні сацыяльны клас. А да зімы падаспее і «ўпарадкаванне» тарыфаў на аплату камуналкі. Хоць тарыфы на газазабеспячэнне ўжо падвысіліся ў 1,7 разы.

Зразумела, мы пералічылі ня ўсе «сацыяльна-значныя» тавары, якія ўваходзяць у спажывецкі кошык. Некаторыя наогул не ўваходзяць (бензін, напрыклад), але аказваюць непасрэдны ўплыў на кошт кожнага складніка. І, успамінаючы сцверджанне аднаго вядомага беларускага палітыка (нам патрэбна такая дэмакратыя, каб было крыху мяса і малачка), даводзіцца канстатаваць — мэта дасягнутая. Пасля такога маштабнага падаражэння мяса і малако саступілі сваё месца ў спажывецкім кошыку нятанным, але ўсё ж менш дарагім прадуктам.

Хоць, калі верыць, напрыклад, Андрэю Туру, іншага мы не заслугоўваем, узнікае пачуццё няёмкасці за ранейшы няўмелы ўрад і крыўда за сябе. Настолькі вострыя, што пра наяўнасць неабходнага ўладам вернападданага пачуцця «глыбокага задавальнення» рашучымі дзеяннямі новага ўрада ў людской масе з захопленым прыдыханнем могуць казаць хіба што журналісты БТ. У іх выдатныя міны пры дрэннай гульні заўсёды атрымліваюцца.

А іх аўдыторыя або пляскае ў ладкі, ці зморана маўчыць. Бо і за дзяржаву, што называецца, крыўдна. Адна справа, калі з прычыны краху амерыканскай іпатэкі ліхаманіць увесь свет і Беларусь як арганічную яго часцінку, і зусім іншае, калі крызіс ёсць вынікам справы рук уласных дурняў. Белстат ў сваім прэс-рэлізе па тэме спажывецкіх коштаў прыводзіць спіс з дзесяці самых розных еўрапейскіх краінаў, тыповым для якіх з’яўляецца вельмі нізкі тэмп інфляцыі — менш за адзін адсотак за месяц. Мы такое толькі ў снах можам пабачыць.

Зрэшты, сны бываюць жахлівымі, а ява страшнейшая за самы жудасны сон. Хоць бы таму, што ад начнога жаху раніцай часам не застаецца ніякіх успамінаў, а жахлівая рэальнасць не абяцае ніякіх шанцаў на хуткае збавенне. Можна было б патрываць, два-тры месяцы, у чаканні ў чарговы раз абяцанай стабілізацыі, але ж яна дасягаецца на ўзроўні «ніжэй плінтуса». І хоць здаецца, што ніжэй ужо няма куды, надыходзіць чарговы правал. Узнікае абгрунтаванае пачуццё безвыходнасці.

Як паведамляе «Беларускі партызан» супрацоўнікі прадпрыемства «Гомельдрэў» частку заробку абавязаны пакідаць у краме завода. Хоць гэта ім і не падабаецца, бо працэдура праведзеная, можна сказаць, явачным парадкам, у завадской краме ўсё ледзь ці не ў два разы даражэйшае і ня першай свежасці. І былі выпадкі, калі ў піражкаў, цукерках шакаладных і іншым знаходзілі чарвякоў. Знаходзілі ці не, ня гэтак важна. Самавольна, пад ціскам, добраахвотна-прымусова ці яшчэ якім хітрым спосабам адміністрацыя ўвяла карткі, якія можна атаварыць толькі ва ўласнай краме, у дадзеным выпадку не гэтак важна. Важна, што такім чынам рэальна нізкая заработная плата работнікаў рэальна зніжаецца, а адміністрацыя атрымлівае магчымасць папоўніць абаротныя сродкі на неймаверна выгадных умовах. Гэта значыць нягоды вам, а прыбыткі нам.

Гэтак жа, як і з ВУП — яго вытворчасць расце кіраўніцтву на радасць, але аплачваецца з нашай кішэні. І таму часта працуючыя зайздросцяць пенсіянерам. Хоць усякія турбацыі балюча б’юць і па іх, але пенсіі выплачваліся рэгулярна і тады, калі людзі зарплату чакалі месяцамі. І ніколі пенсіі не замяняліся хітра скалькуляванымі таварнымі наборамі.

І таму пенсіянеры заўсёды былі пры сваіх, хоць і невялікіх грошах. Вось і зараз па законе, хоць яны лічаць, па манаршай міласці, пенсіі ім павялічылі. Не кампенсавалі адабранае, а ўсяго толькі на 13-17%, але на «трошкі мяса» павінна хапіць.

Наконт дэмакратыі яснасці няма.

nmnby.euАгенцтва палітычнай экспертызы