Яўрэі служулі ў Вермахце, не акцэнтуючы свайго паходжання, але ніхто ж не кажа, што Вермахт змагаўся за іх свабоду ды дзяржаву Ізраіль. Дык чаму беларусы не маглі служыць у Арміі Краёвай?

Нядаўняе інтэрв’ю лідара СПБ Мечыслава Яськевіча “Беларускаму партызану”, спадзяюся, увойдзе ў найноўшую гісторыю беларуска-польскіх стасункаў, а таксама дасць штуршок для нацыянальнага сталення пэўнай часткі нашых інтэлектуалаў:

— Вы считаете всех католиков Западной Беларуси поляками?

— Я считаю так, как считали ещё во времена царя и советов: кто ходит в костёл – тот поляк, кто в церковь – тот белорус.

Усё ж за часамі цара думка была яшчэ больш прагрэсіўнай: той, хто ходзіць у царкву меўся б быць рускім…

Найперш, хацелася б падзякаваць спадару Яськевічу. Безумоўна – за шчырасць (а па версіі А. Пашкевіча – за плявок). Беларусы маюць атрымаць дастаткова гэтых шчырых пляўкоў як з усходу, так і з захаду, каб нарэшце развітацца з ілюзіямі пра добрых “старэйшых братоў” і стацца нацыяй. Альбо не стацца нікім і болей не муляць вочы суседзям сваім бессэнсоўным дзяржаўным утварэннем.

Выказванне Яськевіча – правакацыя, але правакацыя карысная: лідар СПБ правакуе нас быць нацыяй, быць салідарнымі, цвяроза агледзецца навокал.

Вядома, што першапачаткова каталіцтва на нашых землях прымалі балты-паганцы, якіх не закранула папярэдняя хваля хрысціянізацыі. Дык што, усе балты – палякі? Шмат грэка-католікаў, продкі якіх былі праваслаўнымі, не хочучы пераходзіць пад уладу маскоўскай царквы, ішлі ў каталіцтва. Яны ўсе таксама палякі?

Мімаволі згадваецца дыялог са “Змагарных дарогаў” Кастуся Акулы:

— Усе каталікі – палякі?

— Так!

— А ў Францыі жывуць католікі?

— Так.

— Дык і там усе палякі?!

— …

А ІІ Рэч Паспалітая – ці была яна такім жа ўтульным домам для беларусаў, як і для палякаў? Ці не лезлі польскія ўлады ў справы праваслаўнай царквы, спрабуючы ўвесці там акурат польскую мову падчас набажэнстваў? Ці не высылаліся свядомыя беларускія грэка-каталіцкія святары ажно ў Харбін, каб прапаведвалі кітайцам, абы не беларусам? А ксёндз Гадлеўскі, якога за беларускую мову кідалі па турмах? Можа ён быў камуністам?..

Дарэчы, менавіта па парафіі Гадлеўскага ў Жодзішках, якую бараніў атрад беларускай самааховы, Армія Краёва нанясла ў 1943 г. адзін з першых удараў, учыніўшы там бойню. Касцельнага арганіста, напрыклад, “героі” з АК замардавалі ў хатнім ложку разам з жонкай.

Безумоўна, беларусы маглі служыць і служылі ў АК. Яўрэі таксама служулі ў Вермахце, не акцэнтуючы свайго паходжання, але ніхто ж не кажа, што Вермахт змагаўся за іх свабоду ды дзяржаву Ізраіль.

Прынцыповы момант: спадар Яськевіч НЕ АДМАЎЛЯЕ таго, што АК здзяйсняла этнічныя чысткі ва Украіне: “…Если только считать инциденты на Украине – да, там вырезали, рубили топорами мирных граждан. Это можно назвать этнической чисткой украинцев”. То бок ва Украіне “вырезали, рубили топорами мирных граждан”, а ў Беларусі – хіба збіралі гербарыі па лясах?..

Але пры ўсім гэтым Мечыслаў Яськевіч ўсё кажа слушна – так, як і мае казаць. Каб я быў палякам – казаў бы тое самае: і пра царкву, і пра АК. Для паляка не важна, здзяйсняла Армія Краёва этнічныя чысткі альбо не. Яны палякі – значыць СВАЕ. Значыць правыя. І кропка.

Адзіная праблема ва ўсёй гэтай сітуацыі ў тым, што я – беларус. Як і большасць чытачоў “Беларускага партызана”.

І справа не ў Яськевічы, спілаваным крыжы альбо партрэтнай галерэі. Проста палякі ўздымаюць сваіх герояў з попелу, мы сваіх – засуджваем, палякі падтрымліваюць адзін аднаго, мы – крытыкуем (яскравы таму прыклад – дадзены артыкул), палякі – зграя, мы – пакуль што статак…

Пакуль што.