Артыкул Вольгі Шпарагі, як і артыкулы шмат каго іншага, напісаныя ў рэчышчы сацыяльнае крытычнае тэорыі, маюць праблему з адной уласнай хваробай, імя якой супрацьпастаўленьне культуры й прыроды, эсэнцыялізму й канструктывізму. 

Нельга прадставіць сабе, каб соцыакультурная рэчаіснасьць уступала ў турбулентнае супрацьпастаўленьне з біялягічнай наяўнасьцю. І калі зьяўляецца сьцьвярджэньне пра “подмену прав человека абстрактным понятием «жизни»”, то ўзьнікае пытаньне, як так, жыцьцё, наяўнасьць, яе канцовасьць, якія выступаюць гарантамі ды якасьцямі існаваньня ўвогуле, ёсьць абстракцыяй? Эўрапейская інтэлектуальная традыцыя ў асобе Марціна Гайдэгера надавала вельмі важкае значэньне гэтай характарыстыцы і разумела біялягічную і соцыакультурную наяўнасьць як арганічнае цэлае. Для Гайдэгера мы ня існае (прадметы), але вось-быцьцё (калі схэматызаваць, то можна гэта прадставіць як “існае + нішто” (сьвядомасьць, уяўленьне, творчы пачатак), г.зн. чалавек больш чым існае. Але гэтае быцьцё чалавека ня можа проста быць безь якога-кольвек складніку. І пагэтуль само супрацьпастаўленьне правоў чалавека жыцьцю ёсьць анталягічнай памылкай. Любыя так званыя правы, што супрацьпастаўлены наяўнасьці, жыцьцю, ёсьць правы абстрактныя, бо ідуць у супрацьвагу самой наяўнасьці, бо не забясьпечваюць яе, дэсаніруюць біялягічнае і соцыакультурнае.

Кансэрватызм, з свайго боку, ідзе ў супрацьвагу як левалібэральнай апалягэтыцы канструктывізму, так і фашыстоўскім пакланеньням перад эсэнцыялізмам. Тут патрэбна сярэдняя пазыцыя, якая б і трымалася на гармоніі між двух крайнасьцяў. А гэта справа менавіта філязофіі. І правільна тут зацеміла Вольга Шпарага, што “Вопрос о «начале человека» имеет дискуссионный философский, но не правовой характер”.

Але што мы бачым далей? Спасылкі як-раз на прававыя акты, якія прыймаліся ў час афэктацыі страхам перад нацызмам: “Декларация стала реакцией на два ключевых национал-социалистских принципа – «ты никто, твой народ – все» и «раса арийцев особенно ценна, другие расы нужно превратить в рабов как неполноценные или даже уничтожить как «паразитов»»”. І ў гэтай цытаце бачна тая ж самая афэктацыя. Пад нацызм падсунулі ўсе мадэлі, якія не зьяўляюцца лібэральнымі. Ці гэта не спэкуляцыя? Тут катэгорыя “народ” пастаўлена ў адзін шэраг з катэгорыяй “раса”. Гэта ёсьць тыповай этнасацыялягічнай спэкуляцый.

Нагадаю, катэгорыя “народ” зьяўляецца базавым сацыяльным паняткам кансэрватызму і не прадугледжвае расавае сьвядомасьці. Пра расу такога сказаць нельга. Тут мажліва згадаць таго ж Карла Шміта, якога як раз за выступ у абарону правоў народаў, а не рас і пазбавілі права выкладаць пры тым жа нацыстоўскім рэжыме. Як бачна, нават гістарычна нельга атаесамляць гэта. Але ладна.

Што ў нас атрымоўваецца. Гіпэріндывідуалісцкая ідэалёгія так званых правоў эгаістычнага «чалавка», дзе асабістыя правы і памкненьні стаяць вышэй за памкненьні калектыву. Але Маркс пісаў пра чалавека, як пра родавую істоту. Ці што-небудзь напісана ў дэклярацыі правоў пра чалавека як калектыўную сацыяльную істоту? Бачна, што не. Такім чынам гэты сацыял-лібэральны акт нават у культурным пляне абмежаваны індывідуалісцкай ўстаноўкай з поўнай адсутнасьцю калектыўнае сьвядомасьці. А значыцца, ён толькі і можа, што рэгуляваць чалавека на індывідуальным роўні. Няма сацыяльных паняткаў, не павінна быць і прэтэнзый на рэгуляваньне сацыяльнага жыцьця, бо мэханізмы не прадстаўлены.

І тут мажліва ўбачыць такі ж самы, але ўжо лібэральны канструктывісцкі лебенсборн. У нас ёсьць культурная частка чалавечае наяўнасьці. Яна павінна сама сябе канструяваць у адрыве ад біялягічнае наяўнасьці. Пагэтуль аборт тут выступае як свабоднае прававыяўленьне канкрэтнай жанчыны ў канкрэтнай сытуацыі. Жанчына сама можа вырашаць ці нараджаць зачатае дзіцяці ці рабіць аборт. Але ці ня ёсьць гэтыя ідэі зваротным мэдалём той жа самай біяпалітыкі, ці не выступае тут канструктывізм закамуфляваным эсэнцыялізмам?

Сёньня прысутнічае перанасяленьне плянэты. Ці не выгодна камусь пачаць прапаганду абортаў, прызываць жанчын не марнаваць час на выхаваньне дзяцей, а аддацца асалодзе маладога жыцьця. Як кажуць “бяры ад жыцьця ўсё”. І тут, глядзіш, і нараджальнасьць паменшыцца. І колькасьць людзей на Зямлі пасьля. Выправіцца сытуацыя з харчовай бясьпекай. Чым гэта не адваротная біяпалітыка па мэтанакіраванаму зьмяншэньню насельніцтва? І гэданізм тут падыходзіць як-раз. Ён той жа біялягічны інстынкт, але ніхто гэтага не прызнае, бо ён прыпадносіцца як правы чалавека. Але “ни один человек не может быть принесен в жертву народу или каких-то иных идей или ценностей” і пагэтуль, ніякая жанчына ня мае права ахвяраваць дзіцём ці эмбрыёнам (ня буду ўступаць у тэрміналягічную палеміку) толькі з-за сваіх уласных гэданістычных памкненьняў.
Французкі сацыёляг Жыльбэр Дзюран вызначае тры фундамэнтальныя дамінантныя інстынктыўныя рэфлексы, якія прама ўплываюць на сацыяльнае жыцьцё. Купулятыўны (сэксуальны) рэфлекс у іх шэрагу, разам з дыгістыўным (спажывецкім) і пастуральным (валявым, агрэсыўным). І іх поўны кантроль з боку сьвядомага павінен быць забясьпечаны сацыяльнымі інстытуцыямі. Пры легалізацыі абортаў у любых абставінах, паўстае легалізацыя сэксуальнай безадказнасьці. Жанчына і мужчынацяпер не павінны клапаціцца аб абмежаваньні полавага жыцьця. Ім надаюцца ўсе гэданістычныя мэханізмы. Тое ж самае ў нас з спажываньнем (праблема ейнага стымуляваньня звонку пасродках мэханізмаў транснацыянальнага капіталізму) і агрэсыяй (легалізацыя агрэсыі ў вузкакапіталістычных, экспансыянісцкіх мэтах).

Сёньняшняя біяпалітыка як раз і маніпулюе гэтымі базавымі рэфлексамі. Большасьці прапануецца гэданізм, які дрэнна і слаба кантралюецца розумам. Сьвядомасьці адводзіцца вузкая і абмежаваная функцыя адпрацаваць мэханізм па здабыцьці сродкаў, каб забясьпечыць уласны рэфлекторны інстынкт жаданьняў. У выніку ўся капіталістычная індустрыя працуе, усе спажываюць, агрэсыяй зьверху маніпулююць у патрэбных сытуацыях. Атрымоўваецца, што біяпалітыка правоў чалавека аказваецца другім бокам улады жаданьняў над канкрэтнымі людзьмі. Індывіды ня ў сілах адмовіцца ад дамінантных інстынктыўных рэфлексаў, асабліва калі іх стымуляцыя здараецца і вітаецца на грамадзкім узроўні. І тут як раз і ўзьнікае тое ж голае жыцьцё. “«Голая жизнь» в таком случае – это и есть человек как простая реакция на внешнюю среду и события. Не имея воли к сопротивлению, она превращается в предмет чистой манипуляции властью, которая и носит обозначение биополитики”.

Так, права на абсалютны аборт становіцца адным з тых маніпулятыўных рычажкоў кантроля за нараджальнасьцю і пашырэньня спажывецтва звонку на канкрэтную асобу. І тут як-раз “Это-то и использует биополитика, создавая условия для формирования определенного вида «человека», которым пытаются управлять теперь еще до его рождения»”.

Кансэрватызм як-раз выступае, наадварот, за адказнасьць, і асабліва жорсткую адказнасьць кожнага менавіта ў гэтых так цяжка падпарадкаваных сьвядомасьці сфэрах (сэкс, спажывецтва, агрэсыя). Жанчына тут ня пераўтвараецца ў біямашыну па нараджэньні, з аднаго боку, бо ёй нададзены абавязак якасна выгадаваць і выхаваць кожнае народжанае дзіця (пагэтуль ад шлюба патрабуюць граматнай і вельмі адказнай дэмаграфічнай палітыкі з вызначэньнем уласных мажлівасьцяў). Зь іншага боку, кансэрватызм патрабуе вельмі адказна падыходзіць да пытаньняў сэксу і разглядаць апошні больш чым псыхафізыялягічны інстынктыўны гэданістычны рэфлекс. Тут уздымаецца вельмі шырокая праблема культуры ўзаемастасункаў мужчыны і жанчыны, культуры адказнасьці перад быцьцём і чалавечнасьцю. А непажаданае зачацьце ёсьць індыкатар узроўню гэтай культуры. Даваць права на аборт такім катэгорыям насельніцтва, значыцца прама стымуляваць іх безадказнасьць і лёгкае гэданістычнае ўспрыняцьце жыцьця.