Неяк не было ахвоты ехаць на VI З’езд Беларусаў Сьвету 23-24 ліненя ў Менск. „Не хочацца” – казаў мне сустрэты сябра. Неахвота ў мяне была выклікана вынікамі папярэдняга З’езду. За чатыры гады нічога ў лепшы бок у Беларусі не направілася. Паявіліся палітвязьні, ды сумненьні наконт сэнсу такіх форумаў у цяперашняй палітычнай сітуацыі. Прымушала паехаць толькі пачуцьцё абавязку ды павагі перад „Бацькаўшчынай”. Адпіхала сумная рэчаіснасьць.

Фармальна з’яўляюся членам Вялікай Рады Міжнароднай Грамадзкай Арганізацыі „Бацькаўшчына” і з гэтай прычыны выпадала прысутнічаць у гэтым форуме. Прытым дваццацігодзьдзе І З’езду забавязвала – быўшы на ўсіх папярэдніх проста не выпадала здавацца пасьля дваццацігадовай дзейнасьці на беларускай ніве. Беларускаму Культурнаму Таварыству „Хатка” ў Гданьску (з сядзібай у Сопаце) ужо таксама стукнула дваццаць гадоў! Нават „Бацькаўшчына” нас павіншавала з юбілеем! Так як і штогод з нагоды Калядаў і Новага Года ды ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Можна сказаць, што фактычна да віншаваньняў на працягу апошніх чатырох гадоў звялося нашае супрацоўніцтва з „Бацькаўшчынай”. Маючы на ўвазе, што МГА „Бацькаўшчына” ўсяго толькі грамадзкая арганізацыя, большай падтрымкі ніхто і не спадзяецца. Хаця… на каго тут можна спадзявацца? Уся дзейнасьць адбываецца на чыстым энтузіязьме і з патрэбы сэрца. Як доўга хопіць сілы і зацікаўленых людзей? Існуем мы самі па сабе, незалежна ад нікога, спадзявацца можам толькі на сябе. Робім нешта ў карысьць агульнай беларускай справы. За мінулы перыяд (2009-2013) дамагліся вуліцы імя Янкі Брыля ў Гдыні, дзе пісьменьнік змагаўся ў верасьні 1939 г. Арганізуем беларускую частку „Гданьскіх біяграфіяў” – дзён нацыянальных меншасьцяў. Падтрымалі пратэстам арыштаваных пасьля прэзідэнцкіх выбараў у 2010 г. Дбаем пра беларускую спадчыну на Гданьскім Узбярэжжы, інтэгруючы закінутых сюды Беларусаў, якім дарагая нацыянальная сімволіка і спадчына. Праўда, не ўсё ўдаецца. Вось ужо гадамі чакаем двухмоўнага (польска-беларускага) выданьня ўспамінаў доктар Надзеі Бітэль-Дабжыньскай з рэпрадукцыямі прац яе брата, вядомага мастака Льва Дабжыньскага. І хоць ты плач, няма на іх выданьне грошай!

Перад кожным З’ездам Беларусаў Сьвету адбываецца З’езд нашай „Хаткі”, на якім вызначаюцца і дэлегаты на гэты міжнародны форум. На гэты раз 29 чэрвеня выбралі Ганну Сабэцкую і Аліну Крутэль (або Круцель – як яе прозвішча запісалі сярод удзельнікаў З’езду!).

Заўсёды паяўляецца ў мяне пытаньне, ці патрэбныя „Бацькаўшчыне” такія Беларусы Сьвету як мы? Па сямейных прычынах не змагла ўдзельнічаць у З’езьдзе Ганна Сабэцкая – прышлося ёй зысьці з цягніка і вярнуцца дахаты. Яна і Аліна Крутэль без праблемаў атрымалі візы ў Генеральным Консульстве Рэспублікі Беларусь у Гданьску ў пятніцу 19 ліпеня. У сувязі з маім прабываньнем на Беласточчыне прыйшлося афармляць візу ў Генеральным Консульстве Рэспублікі Беларусь у Беластоку. Злажыўшы патрэбныя паперы ў панядзелак 15 ліпеня ў Консульстве, пры пытаньні, калі прыйсьці па візу, пачула ў адказ: „Будзем званіць”. Ледзь пасьпела вярнуцца дахаты, празьвінеў званок, у якім жаночы голас запрашаў па візу раніцай у панядзелак 22 ліпеня. Зьдзівла мяне гэта, паколькі мэдыцынскую страхоўку я аплаціла з 21 ліпеня, спадзяючыся ў найгоршым выпадку, што візу буду адбіраць, так як і гданьскія сяброўкі, у пятніцу 19 ліпеня. Не пачуўшы ніякіх тлумачэньняў, чаму толькі ў панядзелак раніцай, аставалася настроіцца на падарожжа ў Менск адразу пасьля атрыманьня візы. У 18 гадзін планавалася паседжаньне Вялікай Рады, на якое мне як адной з радных, трэба было пасьпець.

22 ліпеня, у панядзелак раніцай, гатовая да падарожжа ў Менск, забегла я ў Генеральнае Консульства РБ у Беластоку. Жанчына ў консульскім акенцы была зьдзіўленая, што я раптам прыйшла па візу – маўляў: візы ў нас выдаюцца посьле абеда! – Дык вы ж званілі, каб прыйсьці зранку?! – прыйшося адказаць. Жанчына папрасіла пачакаць і пайшла высвятляць. Пасьля нейкага часу вярнулася з прапановай пайсьці пагуляць – пазвоняць, калі будзе гатовая віза. Недзе праз гадзіну пазваніла з інфармацыяй, што віза будзе толькі ў 3 гадзіны пасьля абеда. Падышоўшы пад Генеральнае Консульства РБ у Беластоку роўненька на 3, я сустрэла пад брамай Віктара Стахвюка, які як і я дэлегат З’езду (ад „Белавежы”?) прыйшоў па візу. Зайшлі мы ў консульства, але візаў не было – ні ў 3, ні ў 4 гадзіны. Убіліся мы ў консульскія кабінеты, дзе Віця пробваў даказваць нашую (Беларусаў у Польшчы) місійную амаль ролю ў беларускім адраджэньні, у беларускай дзяржаўнасьці і гд. А недзе ў „гары” высьвятлася справа нашых візаў – даць ці не даць? Такая гульня ў коціка і мышку. Віктар нават пачаў чытаць з памяці свае вершы… У пэўны момант папрасіў вады – быў вельмі гарачы дзень. Нейкая жанчына паднесла яму шклянку для ахаладжэньня. У канцы мы вымушаны былі выйсьці – консуль канчаў рабочы дзень – была 4 гадзіна пасьля абеда. Выйшаўшы ад консуля, мы пабачылі, што чакаюць віз дзьве маладыя дзяўчыны Уршуля Шубзда і Магда Петрук. Таксама збіраюцца на З’езд Беларусаў Сьвету. Міра Лукша таксама чакала візу. Сядзелі мы ўсе ў чаканьні вырашэньня да 17-ці гадзін, калі то былі нам выдадзеныя візы. Проста з-пад консульства паехалі на машынах да памежнага пераходу ў Баброўніках, дзе стаяла агромністая чарга беларускіх кантрабандыстаў. Абмінаючы іх і чаргу фураў прабіліся мы на мяжу. Далёка за поўнач, у сярэдзіне ночы былі мы ў гасьцініцы „Арбіта” ў Менску. Там зьдзівіла прыпісаньне нас да канкрэтных пакояў, да невядомых нам асобаў. Прыйшлося пазмагацца, даказваючы абсурднасьць такога размеркаваньня. Я асабіста на папярэдніх з’ездах затрымлівалася ў сваіх знаёмых, каб не абцяжарваць бюджэту „Бацькаўшчыны”. На гэты раз палічыла, што пабуду разам з іншымі ўдзельнікамі.

Толькі дзякуючы машынам пасьпелі мы даехаць да пачатку З’езду. Праўда, ніхто з нас не выспаўся, што адчувалася першага дня – 23 ліпеня. Стрэс даўся ўсім нам дастаткова. 

„Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці”

З’езд ужо трэці раз адбываўся ў нямецкім цэнтры імя Ёханэса Раў. Ахоўнікі адсочвалі за дэлегатамі і гасьцьмі – без запрашэньня нельга было зайсьці у будынак. Спярша была рэгістрацыя па краінах пражываньня. Усе атрымалі папкі з праграмай З’езда, мандатамі для галасаваньня, праектамі выніковых дакументаў. Усё гэта ў адмысловых пакетах ЗБС „Бацькаўшчына” – у бел-чырвона-белых колерах. Над прэзідыумам З’езда, у якім сядзелі Алена Макоўская, Валер Герасімаў, Ніна Шыдлоўская, Радзім Гарэцкі, Хведар Нюнька (з Вільні) і Алег Рудакоў (з Іркуцка) вісеў сьцяг ЗБС „Бацькаўшчына”. Шкада, што не знайшлося там месца для дэлегата з Польшчы. Адсутнасьць Беларуса з Польшчы ў прэзідыуме З’езда выклікала зьдзіўленьне – ці не было адпаведнай асобы? Ці Беларусы з Польшчы на гэты раз засталіся па-за прыярытэтнай увагай арганізатараў? Дарэчы, дэлегацыя з Польшчы была малапрадстаўнічая, хаця налічвала 16 чалавек. З вядомых мне Беларусаў былі: апрача вышэй успомненых „змагароў” за візу, таксама: Васіль Сегень (ад БГКТ), Тамаш Суліма, Яраслаў Іванюк, Натальля Герасімюк, Віталь Воранаў (з Познані) і Тацяна Царук (з Варшавы). З 16-асабовай дэлегацыі Беларусаў у Польшчы далічылася 11 асоб, якіх ведаю з больш ці менш актыўнай дзейнасьці ў беларускім руху ў Польшчы. А кім былі апошнія дэлегаты і якія арганізацыі яны прадстаўлялі? Неяк у перапынку да мяне з Алінай падыйшоў адзін дзядзька і сказаў, што ён тут z kolegą прадстаўляе Towarzystwo „Polska-Białoruś”. „Mój kolega uwielbia Łukaszenkę” – сказаў і хацеў нам яго абавязкова прадставіць. Але калега дзесьці прапаў, так і не давялося нам сустрэцца з, мусіць, найбольшым прыхільнікам „бацькі” сярод з’ездаўцаў. Гэтае нечаканае знаёмства паказала, што ў З’езьдзе прымаюць удзел таксама не-беларусы або новыя беларусы. Маю занепакоенасьць выклікала непрысутнасьць Яўгена Вапы – старшыні Беларускага Саюзу ў Польшчы і галоўнага рэдактара тыднёвіка „Ніва”. Тым больш, што прыйшлося мне адбіраць ягоны медаль з нагоды 20-годзьдзя „Бацькаўшчыны”. Кіраўніцтва „Бацькаўшчыны” яго непрысутнасьць патлумачыла станам здароўя. Ці так яно было ў сапраўднасьці?

Асноўнай тэмай з’езда была „Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасьці”. У параўнаньні з І З’ездам тое бачна хаця б у тым, што выкарыстоўвалася шмат кім мультымедыйная тэхніка. Дарэчы, маю ўражаньне, што нават актыўнасьць Беларусаў Сьвету ацэньваецца іх мабільнымі магчымасьцямі. Калі ты ў віртуальнай сетцы, то і нешта значыш! Вось ужо на чарговым другім З’езьдзе запар Яраславам Іванюком і Натальляй Герасімюк прэзэнтавалася інтэрнэт-бібліятэка „Камунікат”, фактычна як адзіны праект Беларусаў з Польшчы. Паколькі на прэзэнтацыю было прызначана толькі некалькі хвілін, Яраслаў Іванюк пасьпеў сказаць пра гісторыю стварэньня сайта kamunikat.org, колькасьць яго наведвальнікаў, а на экране пасьпелі паказацца прывабныя здымкі беларускіх аўтараў на літару „а” і „б” – менш і больш значных, між іншым Кірыла Атаманчыка, які пару гадоў таму назад скраў апрацаваны мной і Людвікай Кардзіс даведнік па могілках Росы і падпісаў як свой. Вось табе магчымасьці глабалізацыі і яе практыка – нехта напрацуецца, а нехта іншы пад тым падпішацца як беларускі аўтар! І яго яшчэ рэкламуюць! У нармальных умовах такая асоба павінна перастаць „існаваць” у асяродзьдзі! Хацелася, каб маючы свае пяць хвілін Яраслаў Іванюк запрэзэнтаваў беларусіх аўтараў з Польшчы, бо ж яны за чатыры гады нечага настваралі – і паэзіі, і прозы, і больш сур’ёзнай навуковай літаратуры, не ўспамінаючы пра такія выданьні як тыднёвік „Ніва” і месячнік „Czasopis”. Яны менавіта ёсьць пісьмовым доказам нашага існаваньня ў Польшчы. А былі сярод нас і „белавежцы” – і Міра Лукша, і Віктар Стахвюк, і маладзенькая Уршуля Шубзда, і Віталь Воранаў. Міра Лукша прывезла «Ніву». Тамаш Суліма – старшыня Асацыяцыі Беларускіх Журналістаў узяў з сабой „Czasopisy”, якія разышліся, як цёплыя булачкі, без ніякай рэкламы. Не хапіла іх нават найбольш зацікаўленым. Віталь Воранаў прывёз свае кніжачкі ў перакладзе на польскую мову „Wielkie Księstwo Białoruś” (Gniezno 2013) і літаратурныя зборнікі „Беларуса”. Аднак чамусьці іх не прэзэнтаваў. А шкада! Мне дарэчы таксама было б што запрэзэнтаваць, бо за апошнія чатыры гады выдала гісторыю Беларусі Язэпа Найдзюка (супольна з Беларускім Гістарычным Таварыствам і друкарняй „Pozkal”), пісаную ім у Інаўроцлаве (Беласток-Інаўроцлаў 2010), ды „ніўскую” публіцыстыку Мацея Канапацкага „Увесь свет Мацея Канапацкага” (выданьне „Нівы”, Беласток 2011), ды навуковую манаграфію „Stosunki polsko-białoruskie w XX wieku. Od Imperium Rosyjskiego do Unii Europejskiej” (выданьне Універсітэту ў Беластоку, Беласток 2012, адзначаную на агульнапольскіх кірмашах навуковых кніг у 2012 г.). Аднак ў сувязі з няпэўнай сітуацыяй з візай не ўзяла я з сабой нават аднаго асобніка ўспомненых вышэй выданьняў – можна сказаць, што паехала, як стаяла – з пашпартам і візай на руках.

Дарэчы, прылаўкаў з выданьнямі ў фае З’езду хапала – можна было купіць цікавыя кнігі. На прылаўку „Гарадзенскай бібліятэкі” я купіла пісьмы Зоські Верас ды выданьне архіва Васіля Быкава. Можна было атрымаць газэты „Народная Воля” ды „Наша слова”. Былі прылаўкі з беларускімі сувэнірамі – народнымі ды сучаснымі – тыпу майкі з напісам „Жыве Беларусь!” Сочачы, аднак, за працягам З’езду, не было занадта часу на разгляданьне выданьняў на гэтых прылаўках. Дарэчы, як і чатыры гады таму назад, некаторыя і тусаваліся ў фае ці на панадворку ўвесь час.

З’езд адкрыла кіраўнік ЗБС „Бацькаўшчына” Алена Макоўская, вітаючы ўсіх дэлегатаў і гасьцей з 21 краінаў сьвету. Прывітала таксама міністра культуры РБ Барыса Сьвятлова, упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Леаніда Гуляку ды іншых урадавых чыноўнікаў – таксама з Міністэрства Замежных Спраў, і прадстаўнікоў беларускага парламенту. Успомніла тых, якія за перыяд ад апошняга З’езду адышлі ў лепшы сьвет, таксама Алену Анішэўскую, Сакрата Яновіча, Георгія Валкавыцкага… Прысутныя ўшанавалі іх хвілінай маўчаньня.

Затым адбыліся выбары працоўных органаў З’езду – сакратарыяту, камісіяў: лічыльнай, мандатнай, рэдакцыйнай. Зацьверджаны быў парадак дня з’езду. Алег Рудакоў паведаміў пра рэгламент выступленьняў – 3 хвіліны, рэплікі – 1 хвіліна, да чаго прасіў ставіцца з павагай і пісьмова падаваць заяўкі на выступы.

Як першы выступіў, заяўлены ў праграме, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Сьвятлоў. „Мы чакалі гэтай сустрэчы” – пачаў сваё выступленьне, далей сьцьвярджаючы, што беларуская дыяспара гэта частка нацыі. Слухаючы спадара міністра мелася ўражаньне, што нідзе так як у Беларусі не дбаецца пра культуру і пра Беларусаў па-за яе межамі: „культура гэта адзін з дзяржаўных прыярытэтаў”, „толькі ў Беларусі такі падыход і павага да культуры” і да г.п. Успомніў пра дзяржаўную праграму „Беларусы ў сьвеце”, якая вырашаецца, пра дапамогу касьцюмамі і інструмэнтамі беларускім самадзейным калектывам у замежжы: „за 2012-2013 перададзена сотні нацыянальных касьцюмаў Беларусам Польшчы і Прыбалтыкі”. Гаворачы пра І Фэстываль культуры Беларускага Замежжа ў 2011 г., нагадаў таксама пра планаваны ІІ фэстываль у 2014 г., ды пра табліцы беларускай памяці за мяжой. Канстатаваў, што Рэспубліка Беларусь не ў стане дапамагаць усім Беларусам замежжа. Пачулі таксама пра намаганьні ўрада ў пабудове ўстановаў культуры ў аграгарадках. Цяжка было не пагадзіцца з міністэрскім сьцьвярджэньнем, што беларуская культура з’яўляецца галоўным фактарам аб’яднаньня нацыі. Але колькі той беларускай культуры ў самой Беларусі, можна пабачыць ці пачуць на аснове падыходу дзяржавы да беларускай мовы… Была таксама выказана думка, што ўрад Рэспублікі Беларусь падтрымлівае тыя беларускія суполкі замежжа, якія падтрымліваюць палітыку дзяржавы. Выказваньні міністра культуры пераконвалі ў сітуацыі, якая насамрэч і ёсьць – дзяржаўныя ўлады дапамагаюць тым Беларусам замежжа, якія не бачаць, або не хочуць бачыць ламаньня правоў чалавека, быццам бы культура апалітычная і нічога супольнага з палітыкай не мае… У з’ездаўскай папцы знайшоўся „дадатак 3 да Дзяржаўнай праграмы супрацоўніцтва з беларусамі замежжа „Беларусы ў свеце” на 2013-2015 гады”, у якім пералічаныя 52 прадбачаныя на гэты перыяд мерапрыемствы ў галіне „ўдасканаленьня арганізацыйных механізмаў для далейшага развіцця рознабаковых узаемаадносін з беларускай дыяспарай”, „забеспячэння і развіцця інфармацыйнага абмену з беларусамі замежжа аб сацыяльна-эканамічным, грамадска-палітычным і культурным жыцці сучаснай Беларусі”, „стварэння ўмоў для наладжвання эканамічных кантактаў з беларусамі замежжа”, „стварэння ўмоў і ўдасканалення механізмаў ўзаемадзеяння з беларусамі замежжа ў сацыякультурнай сферы, садзейнічання захаванню беларускай дыяспарай нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці”, „садзейнічання беларусам замежжа ў падтрымцы і захаванні беларускай мовы”. Калі за два гады ўсе гэтыя мерапрыемствы МЗС, Мінкультуры, Мінадукацыі, Мінінфарм, Упаўнаважаны па справах ралігійі нацыянальнасьцей ды яшчэ іншыя дзяржаўныя суб’екты зрэалізуюць, дык дакладна на маргінэсе дзейнасьці апынуцца „неблагонадёжные” з пункту гледжаньня Рэспублікі Беларусь незалежныя беларускія суполкі замежжа. Такую маніпуляцыю сярод Беларусаў замежжа бачна гадамі, таксама пры выдачы візаў беларускім дзеячам. Беларусы не ўсе аднолькавыя для беларускай дзяржавы – ёсьць „свае” і „чужыя”. Пасьля выступленьня міністра культуры стварылася ўражаньне, што Беларусь – наша добрая маці, толькі яе дзеці не ўсе паслухмяныя, і калі не слухаюцца, дык самі сабе вінаватыя…

З прывітальным словам ад Мітрапаліта Праваслаўнай Царквы Філарэта выступіў прафесар Сяргей Гардун, перадаючы божае благаславеньне З’езду. Звярнуў увагу, што ў замежжы сярод Беларусаў пераважаюць праваслаўныя. „Дзякую, што не забываеце дарогі да роднай хаты” – мусіць былі найбольш кранальнымі словамі ў гэтым пасланьні. Успомніў таксама пра плённае супрацоўніцтва з „Бацькаўшчынай” пры аднаўленьні крыжа Еўфрасіньні Полацкай. Ад імя грэкакаталіцкай царквы выступіў а. Аўген Асошын, гаворачы пра патрэбу адкрытага дыялогу падзеленых (таксама рэлігійна) Беларусаў. „Божа благаславі Беларусь!” – закончыў сваё прывітаньне. Не хапіла выступленьня прадстаўнікоў рыма-каталіцкага касьцёла і іншых веравызнаньняў, якія актыўна дзейнічаюць у Беларусі.

Радзім Гарэцкі зачытаў прывітаньні ўдзельнікам З’езду ад Івонкі Сурвілы – старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Жадаючы пасьпяховага З’езду звяртала яна ўвагу на тое, каб паказваць сьвету, што Беларусь жыве і каб шанаваць беларускую мову. Мне асабіста было шкада, што на чарговым З’езьдзе не прысутнічала Івонка Сурвіла – як бы не было для шмат каго сімвалізуючая працяг сапраўднай беларускай дзяржаўнасьці з гербам Пагоні і бел-чырвона-белым сьцягам як нацыянальнымі сімваламі. Зьдзівіла мяне таксама выступленьне Войтэка Бародзіча-Смалінскага як паверанага пасольства Нідэрландаў у Беларусі. На беларускай мове падкрэсьліў, што Еўразьвяз вядзе такую палітыку, каб кожны народ гаварыў на сваёй мове. Алеся Кіпель у прывітальным слове ад Беларусаў Амэрыкі таксама сказала пра абарону правоў і функцыянальнасьці беларускай мовы. Старшыня Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў у сваім выступленьні падкрэсьліў, што мова з’яўляецца адзіным фактарам, які трымае Беларусаў на гэтай зямлі.

З дакладамі па асноўнай тэме З’езду – як было заяўлена ў праграме – выступілі Алена Макоўская і Натальля Гардзіенка з Беларусі, Алеся Кіпель (ЗША) і Алег Рудакоў (Расія). Алена Макоўская прадставіла гісторыю МГА ЗБС „Бацькаўшчына”. Нагода дзеля гэтага асаблівая – мінула 20 год ад І З’езду і адпаведны час ужо дзеля падсумаваньня дзейнасьці арганізацыі. Успомніла пра пачаткі арганізацыі, яе першага прэзыдэнта Васіля Быкава і старшыню Яўгена Лецку. Распавяла пра вялікія надзеі і спадзяваньні „Бацькаўшчыны” ў незалежнай Беларусі ў пачатку 90-ых гадоў. Успомніла І З’езд, які сабраў больш за тысячу ўдзельнікаў. Вялізны пад’ём нацыі і Беларусаў замежжа быў тады бачны і мне. Нас з Гданьска тады было больш чым 10 чалавек! Тады і завязалася маё сяброўства з „Бацькаўшчынай”, якую наведвала даволі часта пры кожнай пабыўцы ў Менску пры вуліцы Рэвалюцыйнай 15, дзе пачыналі працаваць і музей і бібліятэка. Тады, у 1993 г. аказалася, што па-за межамі Рэспублікі Беларусь пражывае больш за 3 мільёны Беларусаў, што складала 1/3 нацыі і ў нармальнай дзяржаве павінна гэта выклікаць прынамсі пазітыўнае зацікаўленьне сваімі суайчыньнікамі, чаму яны аказаліся па-за межамі сваёй дзяржавы? Для маладой беларускай дыпламатыі Беларусы замежжа былі новай з’явай настолькі, што мне асабіста ў Генеральным Консульстве Рэспублікі Беларусь прыходзілася ў адносінах да сябе і іншых Беларусаў чуць пытаньне: калі і па якіх прычынах вы выехалі з Беларусі? Прыходзілася ўсьведамляць беларускім дыпламатам, што неабавязкова выяжджаць, каб адчуваць сябе Беларусам, што Беларусы могуць таксама нараджацца ў Польшчы. Алена Макоўская ўспомніла пра прапанову законапраекту пра беларусаў замежжа, якая паявілася ў 2001 г. і да сёньня не дачакалася ажыцьцяўленьня беларускім парламентам і ўрадам. У міжчасе „Бацькаўшчына” страціла памешканьне пры вуліцы Рэвалюцыйнай, паяўляліся праблемы з правядзеньнем чарговых з’ездаў. Але ж аставаліся прыхільнікі „Бацькаўшчыны”, якія дазволілі ёй на арганізацыю чарговых з’ездаў, і арганізыцыйную дзейнасьць. Некалькіх спонсараў Алена Макоўская пералічыла, пра іншых сказала, што хочуць астацца ананімнымі. Адзначыла, што з 2008 г. „Бацькаўшчына” актыўна супрацоўнічае з грамадзкай кампаніяй „Будзьма Беларусамі”.

Натальля Гардзіенка распавяла пра феномен Беларусаў, якія апынуліся па-за Беларусьсю ў выніку геапалітычных або міграцыйных працэсаў, дзелячы іх на „маладых” і „старых”. Схарактарызавала беларускую прысутнасьць у сьвеце, звяртаючы ўвагу на арганізацыйныя, палітычныя і эканамічныя аспекты. Звярнула ўвагу на раз’яднанасьць Беларусаў замежжа па паліты-чных і рэлігійных прычынах; на стаўленьне мітраполіі да Беларусаў замежжа, якая дзеліць іх на чэсных і нячэсных. Найбольшым „грэхам” Беларусі перад Беларусамі замежжа палічыла факт невывучаньня іх адпаведнымі навуковымі ўстановамі. Пры нагодзе распавяла пра дзейнасьць Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў ЗША, які выдае з 1951 г. „Запісы” і з дапамогай беларускіх вучоных выдаў каля 10 кніг. Пры нагодзе ад імя БІНіМ падзякавала за супрацоўніцтва Аляксандру Пашкевічу, уручаючы яму ўзнагароду.

Алеся Кіпель, цяперашняя старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА), дачка Вітаўта Кіпеля, прадставіла праблемы беларускай прысутнасьці ў Амэрыцы, параўноўваючы беларускую палітычную паваенную эміграцыю з сучаснай, якая зараз значна меншая, незарганізаваная, у большасьці рускамоўная, не заўсёды нацыянальна сьведамая. Паставіла пытаньне: ці можна спадзявацца на пасьпяховую дзейнасьць Беларусаў у Амэрыцы? Высновы былі даволі сумныя: Беларусы ў Амэрыцы карыстаюцца трыма мовамі – рускай, беларускай і ангельскай. Брак супольнай мовы перашкаджае ў аб’яднаньні. Да таго паяўляецца праблема кіраўніцтва – няма лідараў. Для старой эміграцыі асновай інтэграцыі ёсьць ідэя Беларускай Народнай Рэспублікі, невядомая або абыякавая для новай. Свой даклад Алеся Кіпель закончыла аптымістычна: „Беларуская арганізацыйная дзейнасьць у ЗША будзе прадаўжацца!”

Пра перспектывы Беларусаў у Расіі гаварыў Алег Рудакоў. На аснове дзейнасьці ў Іркуцку сьцьвердзіў: „Выгадней быць Палякам, а цікавей хадзіць да Беларусаў, што непасрэдна звязана з палітыкай Польшчы і Беларусі ў адносінах да сваіх суайчыньнікаў у Расіі”.

Пасьля асноўных дакладаў пачаліся выступленьні дэлегатаў у вельмі абмежаваным часе да 3 хвілін. Хведар Нюнька з Вільні засяродзіўся на праблемах звязаных з рэальнасьцю Беларусаў замежжа: „ёсьць праблемы. Трэба гаварыць праўду”. Нават сваю прапанову, каб правесьці гэты З’езд у Вільні палічыў правільнай, паколькі шмат хто не мог, асабліва спаміж палітэмігрантаў, прыехаць у Менск. Сказаў таксама пра дасягненьні Таварыства Беларускай Культуры ў Літве, якое за 25 гадоў дзейнасьці м. інш. паставіла 10 мэмарыяльных табліцаў, звязаных з выдатнымі Беларусамі ў Вільні. Нагадаў пры тым, што Міністэрства Культуры РБ замяніла іхнюю табліцу прысьвечаную Янку Купалу. Юры Статкевіч з Малдовы сказаў, што адносіны беларускай дзяржавы да Беларусаў у замежжы нагадваюць кіданьне сабакі ў ваду. Гэта ўсё адбывалася першага дня да абеда, які быў падрыхтаваны на месцы – тыпу шведзкага стала.

Пасьля абедняга перапынку старшыня МГА ЗБС „Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская прачытала справаздачны даклад пра дзейнасьць арганізацыі. Шмат у чым ён перасякаўся з выступленьнем Алены Макоўскай. Алесь Лагвінец прадставіў справаздачу мандатнай камісіі, сьцьвярджаючы правамоцнасьць З’езду. Справаздача рэвізійнай камісіі, як і справаздача з дзейнасьці „Бацькаўшчыны” не выклікалі асобных дыскусіяў і былі адобраныя З’ездам.

Далейшыя выступленьні дэлегатаў З’езду нагадвалі „канцэрт пажаданьняў” – кожны з выступоўцаў або даводзіў да ведама, што ён робіць, або прад’яўляў заўвагі наконт адносінаў да Беларусаў у замежжы з боку дыпламатычных прадстаўніцтваў – адны іх хвалілі за дапамогу, іншыя крытыкавалі іхнія палітычныя гульні. Пра свой удзел у арганізацыі І З’езду Беларусаў Сьвету і спрыяньне Беларусам сьвету ўспомніў быўшы міністр замежных спраў – Пятро Краўчанка, які выступіў у вышыванай рубашцы. Алег Давідзюк з літоўскага Вісагінэса прапанаваў паслугі беларускіх спэцыялістаў пры пабудове атамнай электрастанцыі ў Беларусі, бо ў Літве яны зараз беспрацоўныя. Выступалі таксама Мікола Пачкаеў (новы старшыня Згуртаваньня Беларусаў Вялікабрытаніі) з Лёндану, Алег Краўцоў з Масквы, Тацяна Царук з Наваградка (а зараз прыехаўшая з Варшавы), Мікола Нікалаеў з Пецярбурга, Эдуард Агуновіч і Вячаслаў Рагойша з Менска, Кацярына Фаронда з ЗША, Юрась Беленькі з Менска, Імігій Рыжы з ЗША, Сяргей Кандыбовіч з Масквы, Адам Мальдзіс з Менска, Зінаіда Клыга з Эстоніі ды іншыя. Гучалі папрокі ў адрас беларускіх уладаў („улада акупацыйная, каланіяльная”) і пахвальныя пенні пад адрасам тых жа, заклікі да абароны беларускай мовы ад знішчэньня і заклікі да роўнага трактаваньня рускамоўных Беларусаў. Рэкламаваліся Міжнародны фонд імя Янкі Купалы з заклікам „Жыве Беларусь!” і пакуль віртуальны энцыклапедычны даведнік „Беларусы і ўраджэнцы Беларусі”.

Каб неяк стымуляваць з’ездаўскай дыскусіяй, працяг яе адбываўся па запланаваных сэкцыях: „Магчымасьці ўнутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаваньні нацыянальнай ідэнтычнасьці”, „Новая” і „старая” эміграцыі: супраца на карысьць нацыянальнага развіцьця”, „Культурная спадчына беларускага замежжа”. Дэлегаты мелі выбар, дзе выказаць свае погляды, прапановы, жальбы ці пажаданьні. Паколькі мне прыйшлося весьці супольна з Натальляй Гардзіенка і Антонам Астаповічам паседжаньне апошняй сэкцыі, выступленьні ў іншых засталіся па-за маёй увагай. Выступіла ў ёй 11 дзеячаў беларускіх суполак у замежжы і культурных дзеячаў з Беларусі. Найбольш папулярнай спадчынай аказалася багданавічыяна ў Крыме. Прапанавалася, каб у Ялце паўстаў філіял музея Максіма Багдановіча. Віктар Скарабагатаў згадаў пра музычную спадчыну Беларусі і яе вяртаньне „Беларускай капэлай”. Як пра цуд успомніў гісторыю, як выпадкова яго знайшла жанчына, пражываючая недалёка ад сёлетняга З’езду і сказала пра перададзеную ёй спадчыну Яна Тарасевіча. Марыя Міцкевіч, унучка Якуба Коласа, сабрала асобны фонд і падрыхтавала выстаўку у музеі паэта „Якуб Колас у эміграцыйным друку”, на якую запрасіла ўсіх удзельнікаў З’езду на 25 ліпеня. Анатоль Тарас прадставіў прапановы двух выдавецкіх праектаў: „100 выдатных дзеячаў беларускай культуры” і пра паўстаньне 1863 г. Вячка Целеш з Латвіі гаварыў пра спадчыну ў кантэксьце мовы, гісторыі, культуру і мастацтва. Дарэчы, падчас З’езду прэзэнтавалася выстаўка суполкі мастакоў Прыбалтыкі „Маю гонар”. Шкада, што не было яе афіцыйнага адкрыцьця і працы экспанаваліся ў галоўнай зале паседжаньняў на задняй і бакавой сьценах. Не выпадала яе разглядаць у час паседжаньняў… У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску з 16 ліпеня па 3 жніўня можна было пабачыць выстаўку Вячаслава Ігнаценкі з Кішынёва, пра што інфармавалі скромныя каляровыя лістоўкі на рускай мове, раздадзеныя мастаком. Неяк не ўяўляла я, што пра беларускую культурную спадчыну можна гаварыць на рускай мове. Аказваецца, можна, пра што заяўлялі гаворачы пра м. інш. спадчыну Максіма Багдановіча. Аляксандр Сапега таксама на рускай мове распавёў, як 6 верасьня 2012 (?) г. у Консульстве РБ у Швайцарыі ладзілася сьвята беларускага пісьменства. Зінаіда Клыга выступіла эмацыйна гаворачы пра сутнасьць беларускай спадчыны і пра яе лёс – каго ён цікавіць і што трэба тут рабіць, каб яе зберагаць. Прыйшлося і мне адказаць на пытаньні наконт беларускай культурнай спадчыны ў Польшчы – што захоўваецца яна саматужна – то ў прыватных зборах, то ў Гайнаўскім беларускім музеі, то ў Беларускім Гістарычным Таварыстве…

Першы дзень З’езду закончыўся вячэрай і багатым канцэртам беларускіх выступоўцаў з Беларусі і замежжа. Уразіў асабліва „Палац”, якому і прыйшлося выступіць на біс ды Іна Снарская з Палтавы, якая чытала свае вершы.

Другі дзень З’езду пачаўся з рэгістрацыі і выступленьняў дэлегатаў. Слухаючы розных выступаў адчувалася безліч праблемаў, якія турбуюць Беларусаў і ў Беларусі і ў замежжы. Асабліва роспачна гучалі выказванні прафесара Леаніда Лыча ў абарону беларускай мовы. Паэт Анатоль Вярцінскі зачытаў верш „Беларусы Сьвету”. Пад сумніў ставіліся вынікі З’езду, за што вінавацілася дзяржаву, якая за 20 год на вырашыла ні адной праблемы, якія падымаліся на чарговых з’ездах. Паэт Сяргей Законнікаў сказаў паўпрост, што пакуль у дзяржаве не будзе нармальнага палітычнага і грамадзкага ладу, не будзе вырашана ніводная праблема, у тым ліку і праблемы Беларусаў замежжа. Сумненьні наконт пазітыўных рэальных пасьлядоўнасьцяў З’езду выказаў таксама Лявон Баршчэўскі. Некаторыя выступоўцы (Аляксадр Сапега са Швайцарыі) выказвалі „благодарность” пасольству Рэспублікі Беларусь у спрыяньні дзейнасьці. Мне, на жаль, прыйшлося сказаць пра праблемы з уездам у Беларусь беларускім дзеячам замежжа, такім як напрыклад Яўген Вапа. Успомніла і пра адмову ў выдачы візы без тлумачэньня і мне ў кастрычніку мінулага года на навуковую канферэнцыю ў Гародні. Прыезд на гэты З’езд таксама стаяў пад пытальным знакам да апошняй хвіліны. Не хапіла часу на самахвальства. Ды які яно мае сэнс, калі пад пытаньнем стаіць „благонадёжнасть” такіх асоб як я. Астаецца надзея на лепшы час.

З’ездам былі прыняты: 1. Зварот да Нацыянальнага сходу, Ураду і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пра стварэнне заканадаўчай і нарматыўна-прававой асновы для ўзаемадзеяння з беларусамі замежжа, 2. Праграма „Беларусы замежжа” (2013-2017), 3. Рэзалюцыя „Беларуская мова – галоўны фактар захавання беларускай нацыі”, 4. Заява „Аб акце добрай волі”, 5. Рэзалюцыя пра захаванне гістарычна-культурнай спадчыны, 6. Рэзалюцыя пра транслітэрацыю найменняў беларускіх геаграфічных назваў, 7. Выніковая рэзалюцыя дэлегатаў Шостага з’езду беларусаў свету.

Усе яны былі прынятыя бальшынёю галасоў удзельнікаў, хаця і не абышлося без дысуксіяў ды папрокаў самога Станіслава Шушкевіча (быўшага старшыні Вярхоўнага Савета РБ) наконт правамоцнасьці галасаваньня. Выбіраліся таксама кіроўныя органы МГА ЗБС „Бацькаўшчына”. Кіраўніцтва на чарговы тэрмін (4 гады) асталося тое самае: кіраўніком надалей выбрана Алена Макоўская, а старшыёй Рады – Ніна Шыдлоўская. У 100-асабовую Вялікую Раду ўвайшло па 50 Беларусаў з Беларусі і замежжа. Варта прыгадаць, што надалей мне і Яўгену Вапу давядзецца ў ёй прадстаўляць Беларусаў з Польшчы. Апрача нас у склад Вялікай Рады трапілі Яраслаў Іванюк і Натальля Герасімюк. Ці не самае малое гэта прадстаўніцтва Беларусаў з Польшчы за ўсе Вялікія Рады?

Дарога дадому

Да абеду 25 ліпеня трэба было пакінуць гасьцініцу. Апошнія сустрэчы падчас сьняданку ва ўсіх выклікалі аднолькавую рэфлексію, што за мала часу было адведзена на сяброўскія сустрэчы, не запланавана ніякіх экскурсіяў па Менску, па музеях, тэатрах – а варта згадаць, што некаторыя дэлегаты і госьці прыехалі ў Менск упершыню. Не хочацца, каб дэлегаты былі патрэбныя „Бацькаўшчыне” выключна дзеля правядзеньня і правамоцнасьці чарговага з’езду.

Пасьля сьняданку прышлося развітацца з бачанымі чатыры гады раней сябрамі з беларускага замежжа і спадзявацца на сустрэчу праз чатыры гады – мабыць у лепшай Беларусі, дэмакратычнай, без палітычных вязьняў, беларускамоўнай.

На зваротнай дарозе вырашылі мы з сяброўкай заехаць у Нясьвіж, каб пабачыць адноўлены замак Радзівілаў. Зараз робіць ён „цацачнае” ўражаньне – турысты могуць прайсьціся па 25 залах. Недахоп кандыцыянераў знеахвочвае да замаруджваньня і засяроджваньня ўвагі на асобных пакоях ці экспанатах. Хочацца як найхутчэй выйсьці на свежае паветра, каб падыхаць ім у парку і над вадой. Наведаўшы таксама касьцёл Божага Цела і цэнтр горада з ратушай, праз Слуцкую браму падаліся мы на старыя могілкі – сапраўдны гістарычны помнік. Там вельмі хутка знайшлі пры галоўнай алеі магілу славутага Радзівілаўскага лекара Даната Малькевіча (памёр у 1906 г.), якога сын Ян ратаваў жыцьцё Янку Купалу ў 1920 г. у Менску. Ад людзей на могілках даведаліся пра дарогу ў Малева, дзе Радзівілаўскі маёнтак арандаваў доктар Малькевіч, завёўшы там у канцы ХІХ ст. славутую гадоўлю авечак-мярыносаў – каля 2 тысяч штук! Туды да яго па мэдыцынскую дапамогу з’яжджаліся хворыя нават з Менскай губерні! Малева – зараз вялікая вёска, якая знаходзіцца недзе 7 кіламетраў ад Несьвіжа. Па маёнтку асталіся рэшткі парку, сыраварня і плыткі стаў, у якім пры стрыжцы мылі авечак. Зараз там гадуюць кароў і стаяць кароўнікі – тыповы калгасны краявід. Хаця там доктара Даната Малькевіча няма ўжо 108 гадоў, жыве ён у памяці і як знакаміты лекар і гаспадар. Адведалі мы таксама і быўшы суседні маёнтак Альхоўка, які да вайны належаў Пажэцкім. І там нічагусеькі не асталося, апрача некалькі старых ліпаў і клёнаў. Шукаючы яго ўбіліся мы ў тупік у канцы вёскі, дзе пад хатай сядзела старэнькая бабуля. Якая была нашая радасьць, калі разгаварыўшыя з ёю, даведаліся, што яна – Вера Ніканчук родам сз падгайнаўскага Старога Беразова. Нарадзілася там у 1930 г. і ў 1940 г. была вывезена саветамі з бацькамі ў Сібір. Пасьля вайны як Беларусы не маглі вярнуцца на Беласточчыну, хаця пісалі ў гэтай справе ў Маскву. Там параілі бацькам разысьціся і пабарацца шлюбам з яўрэямі, якім дазвалялася выяжджаць з Савецкага Саюзу. Ніканчукі аднак не хацелі ствараць такой фікцыі і вымушаны былі астацца ў Савецкім Саюзе. Трапілі ў Беларусь у вёску Мацулевічы, дзе вымушаныя былі пайсьці ў калгас. Бацька з гора памёр не пражыўшы нават паўвеку і не дачакаўшы сьмерці Сталіна. Так прыйшлося дажываць век у Беларусі, тужачы па сваёй бацькаўшчыне… Спадарыня Вера мае дзьве дачкі – адну ў Менску, другую ў недалёкіх Казлах. У апошняй мясцовасці праводзіць зіму, а вясной і летам сядзіць у сваім доме ў Альхоўцы.

Так перад выездам з Беларусі лёс падарыў нам нечаканую сустрэчу з зямлячкай (мама Аліны Крутэль нарадзілася ў Шастакове, адлеглым 2 кіламетры ад Старога Беразова). Ашчасьлівіўшы бабулю сваім з’яўленьнем не маглі мы зайсьці да яе ў хату, бо ўжо змяркала, а нам трэба было даехаць да мяжы ў Мінчыках. Усю дарогу гаварылі пра гэтую сустрэчу, быццам пра цуд падараваны лёсам…

Каля поўначы на мяжы стаяла ўжо невялікая чарга Беларусаў, якія ехалі ў Польшчу па тавары. Пасьля фармальных працэдур на беларуска-польскай мяжы апынуліся мы ў Польшчы. За намі асталася Беларусь і незабыўныя ўражаньні ад сустрэч на З’езьдзе і па дарозе. Шкадую, што некатарых знаёмых не пабачыла на З’езьдзе (хаця спадзяваньні былі) і што не хапіла часу, каб сустрэцца са сваімі даўнімі менскімі, радашковіцкімі, гарадзейскімі ды баранавіцкімі знаёмымі. Астаецца мець надзею на спатканьні ў будучыні!