Адзін мой стары сябра запытаўся, чаму я лічу, што пэўныя прадстаўнікі апазыцыі скаціліся да адбельваньня нямецкай акупацыі і нацысцкіх памагатых. Маўляў, дзе прыклады. Мне здалося, на такія пытаньні нават адказваць ня варта. Дзьвюхсэрыйны фільм Белсату «Праклятыя і забытыя» думаю даступны ўсім. У анатацыі проста маразм: «Пра гэта не расказваюць у школах, а гісторыкі баяцца даследаваць гэтую тэму. Беларускія камандас, якія падчас Другой сусветнай вайны змагаліся супраць Савецкага Саюзу за незалежную Беларусь. Летам 44 года ва Усходняй Прусіі з ініцыятывы беларусаў паўстала выведна-дыверсійная школа «Дальвіц». Беларускія жаўнеры планавалі разгарнуць у БССР антысавецкі супраціў. «

Бяда ў тым, што не было ніякіх беларускіх жаўнераў, былі там памагатыя гітлераўцаў. І гэтыя памагатыя працягвалі калябараваць з нацыстамі нават ведаючы, што тое нарабілі ў Беларусі. Іх ніколькі не апраўдвае злосьць на Сталіна. Бо Сталін вёскі беларускія не паліў жыўцом.

Міт пра антысавецкую беларускую партызанку — гэта ня проста сумнеўны палітычны праект, але і фэнтэзі. Беларусом ё чым ганарыцца ў вайсковым пляне — сваім антынямецкім супрацівам перш за ўсё. Хай сабе і камуністычным супрацівам. Ну дык што зробіш, што іншыя палітычныя сілы Беларусі ў лес не наважыліся ісьці.

Дык вось замест таго каб працаваць з гэтым рэальным матэрыялам, апазыцыйным аўтарам трэба на зло сяньняшняй уладзе абвесьціць рэальную беларускую партызанку ІІ Сусьветнай вайны НКВДэшнай ды распавядаць казкі пра добрага гаўляйтэра, беларускіх паліцаяў-камандас ды «Чорных катоў».

Асабліва забаўна чуць пра тое, што маўляў партызанка ў Беларусі была «не свая». Вось у Аўгане ў 1980-я супраць ураду ды савецкага войска ваявалі маджагеды, і ў іх шэрагох пакістанскіх інструктараў было што гразі — ды і арабаў было тысячаў пяць. Інакш бы ніхалеры ў аўганцаў ня вайшла, бадай. Дык што, аўганскі супраціў абвесьцім зараз пакістанскай інсынуацыяй?

Вось калі хто забыўся пра што такое для беларусаў «Зімовае чараўніцтва» — выйшаў зборнік. Сапраўднай беларускай гісторыі там — пры ўсіх заганах — болей чым у «Праклятых і забытых». Дарэчы, гэтыя назвы карных апэрацыяў немцаў так мне запомніліся некалі з кніжак, што пабачыўшы неяк у бэрлінскім мэтро вялікімі літарамі «Цаўбэрфлётэ» (Чароўная флейта) сьпярша падумаў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, і толькі праз пару сэкундаў — пра опэру Моцарта…