У 2013 словам году ў ангельскай мове стала слова selfie. Зьява вядомая ўсяму сьвету, калі ўладальнікі тэлефонаў, пляншэтаў, айподаў фатаграфуюць сябе самі – робяць своеасаблівы аўтапартрэт, аўтафота з дапамогай лёгкадаступнай і лёгкатрымалай у руках тэхнікі. Але толькі сёлета Оксфардзкі слоўнік уключыў новае слова ў сваю скарбонку.

У многіх іншых мовах зьява часта апісваецца, як аўтапартрэт, аўтафота, аўтаздымак. Маладыя генэрацыі без праблемаў кажуць selfie. У франкамоўным сеціве ня ўсё спакойна наконт гэтага слова, там вядуцца, як і звычайна, актыўныя дэбаты і пошукі свайго слова. Некаторыя прапануюць азначаць зьяву з дапамогай клясычнага слова аўтапартрэт, аўтафота – lautoportrait, lautophoto. Некаторыя аддаюць перавагу слову l’automoi (сябе-сам, я-сам). Ну, а маладыя выказваюцца за проста selfie. Але, канечне, трэба пачакаць рэакцыі і прапановаў Францускай Акадэміі, якая пакуль не выказалася наконт новага барбарызма. Як вядома, нядаўна яна выказалася і навязала свае словы замест такіх барбарызмаў, як teaser і hashtag. Адпаведна цяпер прыгожапісьменныя франкафоны мусяць пісаць aguiche  і motdièse (або motclic).

У беларускай мове дэбаты зусім не пра гэта – англіцызмы, амэрыканізмы не палохаюць англа- і амэрыкадумную мясцовую інтэлігенцыю і тэхнакратыю. Але, канечне, варта і нам думаць, прапаноўваць свае словы. Можа, замест selfie скажам сябéйка? Самаклáцка? Здымáйка? Аўтафота? Аўтаздымак?

Прапанова hashtag агучвалася раней, а вось слова тызэр (teaser) усё яшчэ не адаптаванае ў нашай мове. Гэта можа быць проста завáбка, то бок, рэкляма, якая заваблівае, спакушае глядацтва.  

Зразумела, ня гэтыя словы стануць словам году ў нашай мове. Пакуль на такое званьне прэтэндуе хіба старае новае слова “майдан”.