“Гарадзенская вясна” падводзіць вынікі адыходнага 2013-га году. Паводле нашага профілю канцэнтруемся найперш на сітуацыі, звязанай з правамі чалавека, а таксама заўважаем іншыя прыкметныя падзеі на Гарадзеншчыне ў грамадскім, палітычным і культурніцкім жыцці, якія адбыліся ў мінулым годзе.

Аднаўленне году. У сферы беларускай культуры рэгіянальныя ўлады за мінулы год не зрабілі амаль нічога. Адзінае – па асабістым распараджэнні Сямёна Шапіры быў адноўлены помнік на магіле Антона Валынчыка – беларускага кампазітара і педагога, што пахаваны на могілках па праспекце Касманаўтаў. Гэта, бадай, рэдкі пазітыў, якім запомніўся ў сферы шанавання нацыянальнага за ўсю кадэнцыю чарговы “губернатор”. Праўда, і тут не абышлося без казусу, але гэта ўжо недалёкасць выканаўцаў – напіс на помніку спярша выканалі па-расейску, і толькі пасля абурэння грамадскасці, тэкст быў выпраўлены.

Бойка году. Шырокі розгалас, але не рэакцыю адпаведных органаў, выклікала масавая бойка ў траўні мясцовых студэнтаў з туркменскімі навучэнцамі Гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Азіяцкія студэнты па словах відавочцаў парушылі ўсе прынцыпы мужчынскасці, уварваліся ў інтэрнат па вуліцы Пралетарскай, збівалі спячых і нават дзяўчат. Афіцыйныя асобы гэтую справу папросту “замялі”, нават невядома ці хто быў пакараны за здзейсненыя злачынствы.

Вызваленне году. Зьміцер Дашкевіч выйшаў у жніўні з гарадзенскай турмы, што дагэтуль месціцца ў старажытным помніку архітэктуры. Выпусцілі яго з самай раніцы, каб як менш людзей сустрэлі гэтага мужнага маладога чалавека. Выйшаў, адбыўшы ў турме ўвесь тэрмін зняволення. Выйшаў, захаваўшы годнасць, гонар і сапраўднае хрысціянскае цярпенне.

Ганьба году. Пераслед беларускамоўных выкладчыкаў у Гарадзенскім універсітэце прадоўжыўся. Сямён Шапіра асабіста заявіў, што ён выявіў ажно 16 “контррэвалюцыянераў” у гэтай вышэйшай навучальнай установе. У выніку ціску з юрфаку быў змушаны звольніцца выкладчык Ігар Кузьмініч, страціў пасаду прафесара на гістфаку і быў звольнены Вячаслаў Швед. Яшчэ некалькіх беларускамоўных выкладчыкаў працягваюць дыскрымінаваць за іх погляды і па-сутнасці высокія прафесійныя якасці.

Дабрачынец году. Аляксей Шчадроў і ў страшным сне не мог падумаць, што яго міласэрная справа арганізацыі прытулку ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну для бяздомных і абяздоленых можа прывесці да крымінальнай справы супраць яго. Яна была пачатая ўладамі паводле сумнавядомага артыкулу – дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Дзякуй Богу ў некага хапіла розуму не пасадзіць чалавека ў турму за хрысціянскую міласэрнасць. Аляксею Шчадрову ўрэшце ўдалося зарэгістраваць дабрачынную ўстанову, а крымінальную справу на яго спынілі.

Еўрапейскасць году. Нарэшце ў горадзе над Нёманам сапраўды з’явілася нешта станоўчае, што характарызуе многія кантынентальныя гарады. Гэта адмысловыя дарожкі для раварыстаў. Пакуль аматараў перасоўвацца на двух колах у Гародні не так шмат, ды і пешаходы яшчэ не звыклі да новаазначаных веласіпедных трасаў, але пачатак спрыяння людзям на раварах пакладзены.

Журналіст году. Незалежныя журналісты Гарадзеншчыны ў на рэдкасць неспрыяльных варунках працягвалі сваю працу. Яны неаднаразова выклікаліся ў пракуратуру і КГБ на так званыя “прафілактычныя гутаркі” і папярэджанні. Такому ціску падвяргаліся Алесь Дзянісаў, Алесь Кіркевіч, Андрэй Мялешка, Уладзімір Хільмановіч. І ўсё ж публіцыстам году назавем Андрэя Пачобута, які працягваў востра пісаць нават пад ціскам крымінальнай справы. Урэшце гэтая справа ў сакавіку была спынена і гэта адзін з нямногіх пазітыўных момантаў у медыйных справах.

Змагар году. Слонімскі грамадскі актывіст, доктар Іван Шэга змагаўся да апошняга за сваё законнае права працаваць далей. Аднаго з лепшых лекараў гораду над Шчарай па-сутнасці пазбавілі магчымасці служыць сваёй высакароднай прафесіі і памагаць людзям. Тады Шэга зарэгістраваў прыватнае кансультацыйнае прадпрыемства, працягнуў прымаць людзей і дапамагаць ім. Тады ўлады пазбавілі Івана Шэгу, а заадно і рэдакцыю “Газеты Слонімскай” магчымасці арэнды памяшкання. Слонім стаў апошнім горадам, дзе адбылася падобная “зачыстка”. Але ведаючы хрысціянскую цвёрдасць і вытрымку апазіцыйнага доктара, думаем, што Іван Шэга працягне змаганне за справядлівасць.

Інтэрнэтны запіс году. Пад самы Новы год за допіс у інтэрнэтным форуме з інфармацыяй пра акцыю аўтамабілістаў “Стоп-падатак” быў аштрафаваны ажно на 22 базавыя велічыні (!) жыхар Гародні Аляксандар Іваноў. Рукой уладнай “Феміды” на гэта раз вадзіла суддзя Кастрычніцкага раённага суда Зінаіда Барцэвіч, якая кваліфікавала дзеянні Іванова як “арганізацыю і заклік да несанкцыянаванай акцыі”.

Крос году. Уладзімір Малей, вядомы грамадскі праваабаронец з Маларыты вядомы як удзельнік розных прабегаў на доўгія дыстанцыі як у Беларусі, так і за мяжой. У Гародні ў заснежаным сакавіку Малей прабег на цэнтральным стадыёне “Нёман” 10 кіламетраў у кашульцы з выявай зняволенага Алеся Бяляцкага.

Літаратура году. Год выдаўся надзвычай плённым для гарадзенскіх творцаў – літаратараў, краязнаўцаў і гісторыкаў. Пабачылі свет новыя працы і творы Івана Лепешава, Алеся Краўцэвіча, Віктара Саяпіна, Юрыя Гардзеева, Янкі Трацяка, Дзмітрыя Матвейчыка, Івана Будніка, Алы Петрушкевіч, Віктара Сазонава, Анатоля Брусевіча, Валянціна Дубатоўкі, Любові Русілкі. Баімся, што ў гэтым пераліку мы нават нейкага прапусцілі. Чарговымі кніжкамі “выстраліў” Сяргей Чыгрын. Быў выдадзены пасмяротны зборнік Юры Гуменюка. Многа цікавых кніг выйшла пад грыфам “Гарадзенскай бібліятэкі”, якая набывае ў краіне ўсё большыя ведамасць і заслужанае прызнанне.

“Марафонец” году. Мікалай Уласевіч з мястэчка Варняны на Астравеччыны з году ў год змагаецца з няпраўнасцю мясцовых уладаў. Кожны год ён падае каля дзесятка розных заяваў на пікет, скаргаў у розныя інстанцыі, выкрываючы карупцыю, службовыя злоўжыванні ў сваім раёне і змагаючыся супраць пабудовы атамнай станцыі ў Беларусі. Уласевіч прайшоў ужо безліч судоў і інстанцый і працягвае свой “марафон”. І адзін у полі абыякавасці іншых – ваяр!

Надзея і недарэчнасць году. Падключэнне ўладных струтураў да святкавання дзён Святога Губерта можна было б толькі вітаць, каб не абсурднае спалучэнне: Святы Губерт на тэатралізаваным прадстаўленні прамаўляў па… расейску. Тэндэнцыя знайшла свой працяг у назве новай рэстарацыі, што размясцілася ў гістарычным будынку цяперашняга аблвыканкаму – там дзе было кафэ “Гародня” цяпер будзе “Королевская охота”.

Опіум году для народу. Чарговы спектакль пад шыльдай “мясцовыя выбары” пачаўся ў снежні амаль незаўважна ні для грамадскасці, ні нават для апазіцыі. Праўдападобна, што гэтыя палітычныя спектаклі, па “вырабах” мясцовых дэпутатаў, якія нічога не вырашаюць, ужо сапраўды ўсім абрыдлі.

Пажар году. У лістападзе здарыўся пажар у Вялікай харальнай сінагозе, што па вуліцы Вялікай Траецкай. Агонь пашкодзіў перакрыцце паміж другім і трэцім паверхамі на плошчы 25 квадратныя метры. Заклік габрэйскай абшчыны дзеля валанцёрскай дапамогі чамусьці асаблівага водгуку ў гарадзенцаў не знайшоў. Жыхары гораду пераважна абыякавыя да культурнай спадчыны. Можна меркаваць, што рэстаўрацыя помніка архітэктуры цяпер зноў зацягнецца.

Рэканструкцыя году. Рамонт вуліцы Будзёнага на гэты раз сапраўды істотна палепшыў транспартны рух. З’явіліся і новыя месцы для паркоўкі. Зніклі аўтамабільныя заторы, а адзіныя чэргі на гэтай вуліцы засталіся пры польскім консульстве.

Сцяна году. Гарадзенскія суды даўно ўжо пераўтварыліся ў глуханямыя сцены, якія футболяць усе скаргі грамадскіх актывістаў. 2013-ы яшчэ больш умацаваў гэты жалезабетон. Усе скаргі, усе спробы дамагчыся законнасці ў судовых залах прадказальна сканчаюцца вынікам на карысць “вертыкалі”. Калі каротка сфармуляваць выракі судоў, можна сказаць так: “Улада не можа парушаць закон і памыляцца, таму што яна ўлада”. Мужыкі і кабеты ў мантыях апускаюць вочы і чытаюць пад нос адно і тое ж: “у задавальненні скаргі адмовіць”.

Танкі году. Пры перавозцы ў Гародні двойчы падалі танкі з платформаў – сімвалічны знак для мілітарызаванай дзяржавы. Танк на пастаменце на плошчы Савецкай пакуль трымаецца і надалей перашкаджае дарожнаму руху. А вось знішчэнне “невядомымі” крыжа ў вёсцы Рачкаўшчына Шчучынскага раёну і штрафы ўдзельнікам усталявання крыжа ў памяць пра змагара супраць саветаў, удзельніка Арміі Краёвай Анатоля Радзівоніка, які быў пастаўлены на прыватнай тэрыторыі – сапраўдны запушчаны ідэалагічны “танк” супраць грамадскасці.

Угодкі году. 100 гадоў з дня нараджэння беларускага музеязнаўца і краязнаўца Міхася Петрыкевіча адзначылі ў Дзятлаве і мястэчку Валеўка, дзе жыў і працаваў гэты руплівец беларушчыны. Створаныя ім краязнаўчыя музеі дагэтуль радуюць наведнікаў. Да юбілея краязнаўцы слонімскі Сярей Чыгрын сабраў і выдаў асобнай кніжкай пісьмовую спадчыну Петрыкевіча.

Фатальнасць году. 19 студзеня прыйшла трагічная вестка – пайшоў з жыцця гарадзенскі паэт і журналіст Юры Гумянюк. Юры Гумянюк упаў з 9-га паверха інтэрнату. Па ўсёй верагоднасці гэта было самагубства. Гарадзеншчына страціла ў 2013-ым і іншых творчых асобаў – памерлі мастакі Зьміцер Іваноўскі і Аляксандар Ларыёнаў, літаратуразнавец і пісьменнік Мікола Арочка, культуролаг Сяргей Габрусевіч. Памёр і апошні вязень гарадзенскага гета Рыгор Хасід.

Харакіры году. Зняволены ў гарадзенскай турме яшчэ адзін палітычны вязень Мікалай Аўтуховіч, абураны незаконнымі парадкамі ў вязніцы і пастаянным псіхалагічным ціскам на яго, пайшоў амаль на скрайні крок – ускрыў сабе лязом жывот. Гэта яшчэ раз выразна паказала у якіх нялюдскіх умовах утрымліваюцца вязні ў турмах Беларусі – і гэта ў нібыта еўрапейскай краіне ў пачатку дваццаць першага стагоддзя.

Цацанка-абяцанка году. Шыльда на чыгуначным вакзале ў гонар паўстанцаў 1863 году, якая была знятая перад рэканструкцыяй і якую некалькі разоў абяцалі вярнуць, так і не з’явілася на ранейшым месцы. Новы вакзал-саркафаг пакуль застаецца без гэтага памятнага знаку.

Чахарда чыноўнікаў. У гарадзенскай “вертыкалі” у мінулым годзе штарміла па-сапраўднаму. У лютым былі прызначаныя новыя старшыня гарвыканкаму – Андрэй Худык і рэктар купалаўскага ўніверсітэту – Андрэй Кароль. За амаль год нічым асаблівым гэтыя асаобы не вызначыліся. А ў самым канцы 2013-га адбылася змена на галоўнай пасадзе вобласці – Сямёна Шапіру, які збіраўся яшчэ доўга кіраваць Гарадзеншчынай і выбудаваў сабе сапраўдны замак-рэзідэнцыю, нечакана змяніў яшчэ адзін “іншарэгіённы” выхадзец – Уладзімір Краўцоў. Пра апошняга пакуль сказаць асабліва няма чаго. Можна толькі канстатаваць – цяжкая доля ў гэтых цяперцаў.

Штрафны здымак. У студзені адбыўся незвычайны судовы працэс нават для беларусіх рэалій. За фотаздымак у інтэрнэце ў падтрымку зняволенага Алеся Бяляцкага гарадзенскія грамадскія праваабаронцы Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель былі засуджаны да штрафу ў 4,5 мільёнаў рублёў. Аформіў абсурдны прысуд вядомы суддзя Віталь Ляцко.

Эпідэмія году. Гарадзеншчыну, як і іншыя рэгіёны краіны накрыла сапраўдная эпідэмія афрыканскай чумы свіней. Для жыхароў вёсак гэта стала амаль трагедыяй, сутрасеннем усіх гаспадарчых устояў. Між тым, ці была гэтая эпідэмія сапраўды, ці проста адбываецца знішчэнне малых гаспадарак жыхароў – ніхто не ведае. У дзяржаве, дзе няма сапраўднай галоснасці, заўсёды застаюцца такія пытанні.

Юбілей году. 150-ыя ўгодкі паўстаньня 1863 году сталі галоўным юбілеем для грамадскасці. Тражыцыйнае ўшанаванне ў Сьвіслачы і Якушоўцы, выставы ў Новым замку і галерэі “Крыга”, міжнародная канферэнцыя, краязнаўчы выезд па мясцінах паўстання, новыя тэматычныя выданні, гульня “Паўстанцы” – і гэта яшчэ няпоўны пералік усіх мерапрыемстваў, прысвечаных гістарычнаму вызвольнаму чыну нашых продкаў.

Яскравасьць году. У 2013-ым была прадоўжана сумная палітыка знішчэння архітэктурных каштоўнасцяў. Адразу некалькі гістарычных будынкаў разбурылі ў Гародні. У тым ліку будынкі былой фабрыкі па вырабе алоўкаў і царскіх казармаў. Зусім па-вар’яцку быў разбураны чатырохпавярховы млын у Агародніках на беразе Моўчадзі. У Дзятлаўскім раёне зараз пад пагрозай знішчэння былая сядзіба роду Дамейкаў у Жыбартоўшчыне, дзе ўжо абрынуўся дах. Сённяшняя ўлада ў лепшым разе абыякавая да старадаўняй архітэктуры, у горшым – папросту нішчыць яе.