Сёння за ранішняй кавай прачытаў свежую “Нашу Ніву” – гарадзенскі спецвыпуск. Перадусім парадваўся за гісторыка Андрэя Павача, які самастойна напісаў амаль усю газету. Апошні раз гэта рабіў бадай толькі Віктар Марціновіч у сваёй “Белгазеце”. Тэкст пабудаваны як пуцевадзіцель па мясцінах белнацруха, аздоблены лірычнымі адступленнямі. Чытаецца вельмі цікава. Прызнацца, не ўсе адрасы я ведаў. Разам з тым, уражанне неадназначнае.

Спрэчнай падаецца сама пастаноўка пытання. Вы чулі калі небудзь пра “пуцевадзіцель па польскіх адрасах Любліна”? А пра “ачагі рускасці ў Смаленску”? У катэгорыях, закладзеных аўтарам, можна распавядаць пра беларускую Прагу, Варшаву, Парыж. Там беларускасці паболей! І дакладна яна шчаслівейшая.

Ох і змрочны ж вобраз выбудаваны! Аўтар усе падзеі апісвае толькі з канца: школы ў яго – адразу закрываюцца, палкі – распускаюцца, арганізацыі – разганяюцца, таленты – выціскаюцца. Адкуль толькі гэта ўсё бралося…

Па персаналіях: як стаў свядомым – пішы прапала. Тыповы лёс: памерці ад сухотаў, трапіць у турму, быць расстраляным ці проста – “асуджаным на забыццё”. Гаротная беларушчына бадзяецца па гатэлях ды хрысціянскіх прытулках. “Беларусская Мекка” – так піша Павач пра гарадзенскую турму. З турмы маршрут беларускага падарожжа вядзе куды? Правільна, на могілкі! Мартыролагі, мартыролагі, ды й там, на могілках “усяго тры беларускамоўныя магілы”.

Ніводны план беларусаў не ажыццяўляецца. У лепшым выпадку – агент ці авантурыст. Мой любімы – Цвірка-Гадыцкі, сябра камісіі БНР па арганізацыі беларускага ўніверсітэта, які самавольна завёз у Варшаву ліст, дзе ад імя прыдуманага (?) Усебеларускага з’езда абвясціў аб уваходжанні Беларусі ў склад Польшчы.

Выснова – або Гародня зусім не беларускі горад, або беларушчына палягае ў нечым іншым. Не ў кволых праявах грамадскіх рухаў. Пастаўлю пытанне нават інакш. Калі б Гародня надалей заставалася пад Польшчай, ды запыталіся цяпер маладзёны ў аўтара: “Ці праўду дзядулі кажуць, што горад наш беларускі?”. То што адказаць ім?…