або Што можа беларус у Крамлі.

Выданьне, якое разглядаеца ў рэцэнзіі:

Валерый Казакоў. “Халоп яснавяльможнага Дэмакрата”. Мінск, “Кнігазбор”, 2009 (аўтарскі пераклад з расейскай).

Між іншых літаратурных жанраў антыўтопія, канечне, саступае ў папулярнасьці дэтэктывам, фантастыцы або модным сёньня квазігістарычным “фэнтэзі”. Аднак сярод думаючай публікі разнастайныя футурыстычныя візіі карыстаюцца стабільнай увагай, асабліва ў часы крызісу старых і нараджэньня новых ідэалаў. На жаль, беларуская літаратура пакуль вельмі занятая далёкім ці блізкім мінулым, і зазірнуць у будучыню ёй не хапае ці то сьмеласьці, ці то цяжару ўласных стэрэатыпаў і грунту традыцыяў, адштурхнуўшыся ад якіх можна свабодна палётаць у будучыні, не баючыся разбурыць свае першаасновы. Расейская ж літаратура даўно можа сабе гэта дазволіць і мае ўжо немалы вопыт падобных “экспэрымэнтаў”. Кніга Валерыя Казакова, першапачаткова напісаная па-расейску, зацікавіла мяне зь дзвюх прычын: па-першае, яна створана беларусам, а па-другое, яе аўтар працуе ў адміністрацыі прэзыдэнта. Але ня трэба пужацца, ня нашага Прэзыдэнта, а ўсяго толькі прэзыдэнта РФ. І зноў такі, цяжка сабе ўявіць, каб чыноўнік даволі высокага рангу з адміністрацыі Прэзыдэнта РБ мог бы напісаць нешта падобнае. Напэўна, ня толькі наша літаратура, але і беларускае чынавенства ня мае пакуль сьмеласьці, каб адважыцца на такі крок. А мо гэта ня так і кепска? Паспрабуем разабрацца.

Як і любая антыўтопія, “Халоп яснавяльможнага Дэмакрата” зьяўляецца карыкатурай на сучаснасьць, найперш на сёньняшнюю расейскую дзяржаву. Дарэчы, цікавая тэма: чаму ўтопіі даўно сталі чыста палітычным інструмэнтам, а антыўтопіі застаюцца літаратурным жанрам? Думаю, насамрэч між імі няма такой непераадольнай мяжы, бо і адно, і другое ёсьць фантазіяй на тэму будучыні, у першым выпадку са знакам “плюс”, у другім са знакам “мінус”. А ўвогуле гэта працяг “прарочай літаратуры” біблейскіх ці новазапаветных прадказальнікаў будучыні. Праўда, не заўсёды дрэнныя прароцтвы (у нашым выпадку антыўтопіі) створаныя з кепскімі намерамі. Часам іх аўтар спрабуе папярэдзіць грамадзтва пра небясьпеку ці будучыя памылкі і шчыра верыць у сілу свайго слова ды магчымасьць пазьбегнуць бяды празь яе “прагаворваньне”.

Аднак сёньняшнія літаратурныя “прароцтвы” часьцей ня сродак “лячэньня” грамадзтва, а спосаб аўтарскага пратэсту, катэгарычнага непрыманьня рэчаіснасьці ці проста “сьцёбу”. Вось і Валерый Казакоў праз свой раман-дур (ягонае самавызначэньне твору) у лёгкай фарсавай форме ўздымае зусім не жартоўныя пытаньні і атрымлівае жорсткую сацыяльна-палітычную сатыру. Дзеяньні рамана адбываюцца ў сярэдзіне ХХІ ст., аднак сярод яго герояў шмат добра пазнавальных пэрсанажаў сёньняшняга крамлёўскага “алімпу”. Ведаючы зь сярэдзіны тры мэханізмы палітычнага жыцьця і звычкі расейскай улады, аўтар жывапісна піша карціну маральнай дэградацыі чынавенства і гісторыю разбурэньня дзяржаўнай сыстэмы імпэрыі. Адзінкавыя станоўчыя героі кнігі — гэта бандзюкі і прадстаўнікі плебсу. Усё кіраўніцтва Сібрусіі (тое, што, паводле меркаваньня аўтара, застанецца ад Расеі) – хеўра злодзеяў, гультаёў, маньякаў і недарэкаў. Парадаксальная лёгіка “кіруемай дэмакратыі” даводзіць да абсурду самую ідэю народаўладдзя — народ выбірае новае прыгоннае права і саслоўны падзел, гібее ў паўдзікіх умовах “дэмакратычнай імпэрыі” і паслухмяна галасуе ўжо за Шостага Пераемніка. Гісторыя коціцца назад у фэадальна-савецкія нетры, і гэта задавальняе ўсіх—і цёмны пост-расейскі народ, і ягоную зьвіхнутую эліту. На старонках кнігі іранічныя аўтарскія “бздуры” ператвараюцца ў рэальныя палітычныя пэрспэктывы, а літаратурная гульня – у чорны сацыяльны пэсімізм. Дзеля справядлівасьці трэба прызнаць, што, на думку Казакова, нне нашмат лепш выглядаюць пэрспэктывы і Хахлабульбіі (спадчыннай дзяржавы Лукі Вялікага), і Аб’еўры (былога Еўразьвязу), і Афраюзу (былых ЗША), і астатняга сьвету, якім кіруе Высокая Сямёрка.

Аднак такі татальны скепсіс тлумачыцца, па-першае, даніной жанру — у апакаліптычнай антыўтопіі ўсё павінна быць кепска, а па-другое, гэткім чынам ствараецца антураж зьнешняй “рамкі” для больш праўдападобнай карціны падзеньня былога расейскага калёсу. З гэтай прычыны кнігу можна лічыць і літаратурным творам, і спробай геапалітычнага прагнозу, зусім не суцяшальнага для Вялікаросіі. Змрочнасьць такога прагнозу, на маю думку, тлумачыцца яшчэ і асобай аўтара. Валерый Казакоў ня толькі былы супрацоўнік савецкага КДБ (падпалкоўнік у адстаўцы) і сёньняшні расейскі чыноўнік, але (вось вялікая неспадзяванка) яшчэ і беларус. Прычым ня “тоже-белорус” савецкага разьліву, а сьвядомы ўсходнебеларускі аўтахтон, абазнаны ў тонкасьцях нашай даўняй гісторыі і цяперашніх палітычных калізіяў. Ягонае адчуваньне расейшчыны крыху адстароненае, вонкавае. Як сапраўдны беларус-нацыяналіст ён разумее, што расейская эпоха моцна закранула і дэфармавала нас, але так і ня стала нашай роднай стыхіяй, застаючыся толькі зьнешняй сілай. Сілай уплывовай, якой давялося часова скарыцца, аднак яе час ужо на сыходзе.

У Казакова абсалютна не адчуваецца “піетэту” ці проста павагі да старой імпэрскай спадчыны, а сёньня гэта вызначальная рыса расейскай прыўладнай эліты. Скептычны ён і да набыткаў савецкай эпохі, што аддаляе яго ад левых палітыкаў і “раньняга” Лукашэнкі, эпохі паходаў на Маскву. Ня мае ён і “панславянскіх” ілюзіяў, бо разумее, што “аглы-бей-ібн-саіды” і “Джонсы ван Маоцзэдунавічы”— рэальная пэрспэктыва Расеі ў бліжэйшыя 20–30 год. Такім чынам, пазыцыя В. Казакова — гэта мэнтальны погляд нерасейца, які вымушаны служыць імпэрыі, але разумее ўсю заганнасьць і хісткасьць яе пабудовы. Дзякуючы свайму “знадворнаму” погляду, ён аб’ектыўней, чым самі расейцы, можа ацаніць яе пэрспэктывы. Дазволю сабе выказаць меркаваньне, што лібэралы і “заходнікі” ў маскоўскай дзяржаве і раней, і сёньня былі пераважна беларусамі ці іх нашчадкамі. Іх намаганьні “аб’эўропіць” і мадэрнізаваць Масковію фатальна цярпелі няўдачу, бо, як іншародны элемэнт сярод абарыгенаў-вялікаросаў, яны заўсёды заставаліся ў меншасьці. Валерый Казакоў з гэтае ж кагорты, і ён выдатна разумее, што і ягоная літаратурна-палітычная “вылазка” ня будзе мець посьпеху. Яе не пачуюць ня толькі ў Чулымскім краі ці Сібіры, але нават у Маскве. Бо зусім іншыя інтарэсы дамінуюць сёньня ў Расеі, бо зусім пра іншае думае эліта і марыць народ. Амаль як у рамане: “Сягоньня наш бацькоўскі дом, як лічыць народ і Яго Вялікасьць Пераемнік Шосты, на ўздыме … Дабрабыт людзкі расьце, прамысловасьць прэ ўверх, чырвонец стабілізаваўся, таго і глядзі залатым стане, войны аціхаюць, хлеба і відовішчаў сваіх маем звышдастаткова, а галоўнае: дэмакратыя замацярэла і стала непарушнай”. Утопія на тэлеэкранах і антыўтопія ў жыцьці. Як добра нам гэта знаёма. Ад такога маразму сапраўды хочацца ўтапіцца. І ўсё ж мы тут і яшчэ жывем, бо (у адрозьненьне ад жыхароў “Сібрусіі”) маем сваю надзею. Парадаксальна, але большае разуменьне і розгалас кніга “Халоп яснавяльможнага Дэмакрата” можа знайсьці ў “Хахлабульбіі”, і тое, што зьявіўся яе беларускі пераклад, даволі сымптаматычна. Чарга за ўкраінскамоўным.

Што ж тычыцца мастацкага боку рамана, то, у лепшых традыцыях расейскай літаратуры, не абышлося тут без “промню сьвятла ў цёмным царстве”. Гэтую ролю выканала галоўная гераіня Маша, дзеля чаго ёй давялося прайсьці выпрабаваньне гэтым і тым сьветам, каханьнем, сьмерцю і нават патрыятызмам. Як ня дзіўна, але ўсё скончылася шчасьліва—яна засталася жыць і служыць свайму народу. Гэткі прыватны хэпі-энд на фоне агульнага развалу і безнадзейнасьці. Трагедыі не атрымалася, а антыўтопія плаўна перайшла ў меладраму. Гратэск, іронія, гумар і жыцьцёвы аптымізм аўтара ў рэшце рэшт згладзілі вострыя вуглы і небясьпечныя высновы. “Дур” – яна і ў Чулыме дур. Ну, што зь яе возьмеш, хоць і называецца яна раманам….

Яшчэ адно сьвятло ёсьць у творы, але сьвятло іншае, бо сыходзіць яно з алтайскіх вяршыняў. Ад неўтаймаванай прыроды Чулымскага краю, ад дзікай прыгажосьці яе гор, лугоў і рэк, ад беласьнежнай Бялухі выпраменьваецца тая сіла, што сілкуе тутэйшы люд, дае яму моц перажыць любую ўладу і сацыяльны лад. Напэўна, тайна легендарнай Шамбалы, што прыадчыніла тут на кароткі час свае нетры, была ў тым, каб яшчэ раз нагадаць людзям: “Не пакідайце ж Прыроды—Маці нашай—каб ня ўмёрлі!”. Зварот да першавытокаў і крыніц нашага існаваньня пасьля ўсіх чалавечых і антычалавечых выпрабаваньняў — вось просты сакрэт вечнай маладосьці і зарука трываласьці будучых пакаленьняў.


Васіль Аўраменка – эсэіст, жыве і працуе ў Магілёве.