Юрый Туронак прысутнічаў на прэзентацыі стужкі «Беларусь пад нямецкай акупацыяй. 1941 — 1944″ і ацаніў фільм як “цікавы”. Безумоўна, гэта так. На наш погляд, калі б яго ачысціць ад прыкрых недакладнасцяў, пэўнага ідэалізму і дадаць моўнай культуры, то можна было б паставіць і адзнаку “добра”.

Prawda to słowo dość zużyte,

czasami nawet sam zapominam,

co ono naprawde ma oznaczać…

 

герой Збігнева Запасевіча

з фільма “Без наркозу”(1978)

 

З фільмамі беларускага рэжысёра Антося Цялежнікава я пазнаёміўся дастаткова даўно. Калісьці на КАМУНІКАЦЕ спампаваў трэйлер да ягонага фільма, прысвечанага малавядомай старонцы айчынай гісторыі – “беларускаму паваеннаму супраціву”, які, распачаўшыся летам 1944 г., скончыўся ў канцы 60-х гадоў”. Там гаворка ішла пра дзіўныя падзеі – атаку змагароў на базу спецаддзелу МГБ у Наваградку ў сакавіку 1948 г, якая “сталася добрым прыкладам баявых здольнасцяў беларускіх партызанаў”. Барадатыя беларускія патрыёты, да зубоў узброеныя нямецкімі “шмайсерамі”, англійскімі “стэнамі” і менш экзатычнымі савецкімі аўтаматамі, кулямётамі, снайперскімі вінтоўкамі і сапёрнымі рыдлёўкамі ў колькасці 170 чалавек “мэтава нападалі на асобныя будынкі, між іншым “кашары[1], утрымлівалі частку горада, пакуль не вызвалілі з гэбісцкіх засценкаў сваіх таварышаў і адышлі ў лясы”, страціўшы, што праўда, 15 чалавек забітымі. Затое загінула і 300(!) з 500 чэкістаў – суадносіны ў раёне 1:20!

Верылася ў гэта, мякка кажучы, з цяжкасцю, бо для ліквідацыі асабліва актыўных дзеячоў антысавецкага падполля праводзіліся у той час г. зв. вайскова-чэкісцкія аперацыі, якія давалі мала шансаў для выжывання. Так, толькі падчас адной такой акцыі, якая праводзілася супраць украінскага падполля на тэрыторыі Брэсцкай і Пінскай абласцей з 15 студзеня да 20 лютага 1945 г. было аточана 839 населеных пунктаў, абшукана 48 479 двароў, праверана 165 137 чалавек, разбітыя 33 нелегальныя групы, забіта 98 і арыштавана 3 808 чалавек [2]. “Наваградскай” жа актыўнасці беларускіх “змагароў” чэкісты па-просту не заўважылі. Напэўна, як агня баяліся помсты ўсемагутнага “Чорнага ката”.

У інтэрв’ю “Беларускай службе “Польскага радыё”” рэжысёр сказаў, што будзе слаўную беларускую гісторыю змагання экранізаваць і далей, расказваючы пра падзеі як далёкія, так і не вельмі. І не падмануў спадзяванняў.

“НАШ АДКАЗ ЧЭМБЕРЛЕНУ”.

Новая стужка прысвечана падзеям з жыцця беларусаў пад нямецкай акупацыяй. Трэба сказаць, што падзеі тых часоў беларускія гісторыкі даследуюць ледзь не ад самага вызвалення, але “белых плям” усё яшчэ нямала, і тагачасныя падзеі выклікаюць вялікую цікавасць у сучаснікаў [3].

Сам фільм складаецца з трох частак, прыкладна па 40 хвілін кожная. Уражвае велізарная колькасць выкарыстаных кіна- і фотадакументаў, якіх беларускі глядач раней па-просту не бачыў. Здымкі вяліся ў Германіі, Вялікабрытаніі, Беларусі, Бельгіі, Польшчы. У канцы кожнай часткі можна даведацца, што для стварэння кінакарціны былі выкарыстаны матэрыялы з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску, Archiwum Akt Nowych у Варшаве, Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане, калекцый Уладзіміра Ляхоўскага і Дэвіда Ірвінга і прыватных збораў.

Гістарычныя падзеі каментавалі прафесійныя гісторыкі – кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ляхоўскі і Юрый Туронак. Да таго ж у спецыяльным выпуску праграмы “Госць Белсату” свае меркаванні па праблеме выказалі Кузьма Козак і Аляксей Літвін, кандыдат і доктар гістарычных навук адпаведна.

З пункту гледжання сучасных ідэалагічных падыходаў і гістарычных канцэпцый фільм – значны поспех аўтара, тым больш што з гістарычнай асновай на гэты раз аўтар не прагадаў, выбраўшы кнігу Юрыя Туронка “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” [4], першае выданне якой пабачыла свет яшчэ ў 1989 г. і якая дагэтуль шмат у чым застаецца непераўзыдзенай [5]. Такім чынам, кніга, якая выклікае столькі эмоцый у беларускіх гісторыкаў, асабліва старэйшага веку, праз дваццаць гадоў дачакалася сваёй частковай экранізацыі.

ПРАЎДА

Мэта стварэння фільма, паводле рэжысёра, сурёзная – ні многа ні мала “паказаць як мага больш аб’ектыўны вобраз Беларусі пад нямецкай акупацыяй, не як дагэтуль рабілі, дзелячы ўсё на белае і чорнае, але паказаць перадусім, што было пасярэдзіне”. Павел Мажэйка, вядучы праграмы “Госць Белсату”, у якой праводзілася падсумаванне убачанага, пытанне паставіў так: “У чым жа беларуская праўда Другой сусветнай вайны?

Калі спрабаваць адказваць на гэтае трошкі філасофскае пытанне, то заўсёды прыходзіш да адзінай высновы – праўда падчас вайны была ў кожнага свая. Кожны чалавек тагачасныя падзеі ўсведамляў і ўсведамляе па-свойму – і член Саюза беларускай моладзі, і баец савецкага партызанскага атрада. У фільме ж суадносіны паміж іхнымі праўдамі вельмі няроўныя.

У кінастужцы прадстаўленыя сведкі ваеннага ліхалецця. Гэта айцец Аляксандр Надсан, Чэслаў Сэнюх, Іван Апет, Барыс Кіт, Янка Жучка [6]. Большасць з іх падчас вайны былі ўдзельнікамі розных пранямецкіх арганізацый і фарміраванняў – ад СБМ-у да “Ягдкаманды”. Другі ж бок, які таксама меў сваю праўду, прадставіла толькі Алена Мазанік – выканаўца замаху на Вільгельма Кубэ. Да таго ж амаль усе відавочцы ў вайну жылі на захадзе сучаснай Беларусі, “усходнікамі” ж былі толькі Мазанік і Апет. Больш таго, сярод сведкаў няма ніводнага з цудам ацалелых ахвяр Халакосту ці вязняў концлагераў.

АСОБЫ

У фільме асобна прэзентаваныя розныя гістарычныя асобы – ад беларускіх нацыянальных дзеячоў да кіраўнікоў нацысцкай адміністрацыі [7]. Аднак такі гонар атрымалі толькі Радаслаў Астроўскі, Іван Ермачэнка, Вацлаў Іваноўскі, Вільгельм Кубэ і Курт фон Готберг. Аўтары фільму палічылі, напэўна, што сучасныя белсатаўскія гледачы настолькі добра ведаюць гісторыю акупацыі, што выдатна уяўляюць сабе, хто такія Фабіян Акінчыц, Мікалай Шчорс, Янка Станкевіч, Надзея Абрамава, Міхась Ганько ці той жа Панцеляймон Панамарэнка [8], якім хапіла па кароценькай рэмарцы.

ГЕНЕРАЛЬНАЯ АКРУГА І ЎСЁ АСТАТНЯЕ

Падзеі, якія адбываюцца ў фільме, разгортваюцца працэнтаў на 90 на тэрыторыі генеральнай акругі “Беларусь”. Фрагментарна ўпамінаюцца ўсходнія абшары – тылавы раён групы армій “Цэнтр”, дзе не праводзілася ніякай беларусізацыі, але нічога не гаворыцца пра заходнія, паўночна-заходнія і паўднёвыя беларускія тэрыторыі, уключаныя ў склад Усходняй Прусіі, генеральнай акругі “Літва” і рэйхскамісарыята “Украіна”, калі не лічыць таго, што яны ёсць на схемах, прадстаўленых у фільме.

НЕМЦЫ

Іх у фільме, натуральна, шмат – ад салдатаў-“вермахтаўцаў”, якія маршыруюць па разбураных беларускіх гарадах ці фатаграфуюцца на трыбуне ў Доме ўрада, да Гітлера, Гімлера і Розенберга. Аднак найбольшая ўвага звернута, канешне, на Кубэ і Готберга, як кіраўнікоў “Генеральнай акругі Беларусь”. Першы зрабіў стаўку на беларускі нацыяналізм, праводзіў палітыку беларусізацыі ва ўсіх магчымых галінах – ад канфесійнага жыцця да школы, стварыў Раду даверу і спрыяў СБМ. Другі нацыяналістам не давяраў, Раду хацеў распусціць, а вынікі гаспадарчай палітыкі папярэдніка пры ім былі скасаваны. Праўда знайшлося ў іх і нешта супольнае – імкненне паставіць на службу Трэцяму рэйху беларускую гаспадарку і як мага эфектыўней змагацца з партызанамі.

НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ ДЗЕЯЧЫ

Беларускія дзеячы ў фільме – гэта, паводле трапнага вызначэння Уладзіміра Ляхоўскага, “генералы без войска”, якія абапіраюцца толькі на вельмі вузкія колы, супрацоўнічаюць з усімі, з кім толькі можна, разлічваючы адразу на пасаду прэм’ера ці прэзідэнта Беларусі ці хаця б кіраўніка нацыянальнага руху, паралельна змагаючыся са шматлікімі канкурэнтамі. Усё гэта прывяло Цялежнікава да сумных высноў: “Ёсць у фільме і рэчы, якія для беларускага нацыянальнага руху як былі актуальнымі тады, у часе нямецкай акупацыі, так і застаюцца актуальныя і сёння. Няма адзінства ў шэрагах нацыянальных колаў, наадварот – вядзецца зацятая ўнутраная барацьба. Гэта прыкра, але гэта трэба ведаць і, робячы з ранейшых памылак адпаведныя высновы, не пераносіць іх з эпохі ў эпоху”.

ПАРТЫЗАНЫ

Партызанскаму руху ў Беларусі ў фільме прысвечана шмат ўвагі – у другой частцы амаль палова часу – гэта расповяд пра яго з’яўленне і развіццё. У прынцыпе, нельга не пагадзіцца з большасцю тэзісаў, якія прыводзяцца ў фільме. І з тым, што партызанская вайна моцна ўплывала на дзейнасць немцаў, а там, дзе не было партызанаў, не было і карных акцый. І з тым, што першыя атрады былі створаны з савецкіх акружэнцаў і яўрэяў, якіх нацысты асудзілі на вынішчэнне. І з тым, што партызанскі рух ад самага пачатку накіроўваўся ўмелай чэкісцкай рукой [9]. І з тым, што партызаны змагаліся ў асноўным з вынікамі дзейнасці немцаў. Вельмі арыгінальна паказана выкарыстанне ў партызанскай агітацыі беларускіх нацыянальных лозунгаў [10]. Аднак ў фільме цяжка знайсці нешта станоўчае ў партызанскай дзейнасці. Атрымоўваецца, што “народныя мсціўцы” толькі і рабілі, што забівалі безабаронных старастаў і настаўнікаў, “непрыстойна ставіліся да жаночага насельніцтва” [11] і заміналі добра прадуманым палітычным планам Кубэ. І ў гэтым пытанні не абыйшлося без прыкрых неахайнасцяў. Так, сцвярджаецца, што “пэўная частка жыхарства да партызанаў ставілася прыязна і папаўняла іхныя шэрагі”, хоць трошачкі раней гаворыцца, што “бальшыня сялянства не выяўляла сімпатый да партызанаў”.

ПАЛЯКІ

У фільме сцвярджаецца, што курс на беларусізацыю, які падтрымліваў Кубэ, стаў перашкодай не толькі для савецкага падполля, але і для польскай меншасці ў Беларусі. Як вынік, восенню 1941 г. узніклі першыя падпольныя польскія структуры, якія вялі барацьбу за ўплывы ў грамадзянскай адміністрацыі і за адабраныя пры Саветах маёнткі. На самой справе першыя польскія падпольныя арганізацыі, ў тым ліку тыя, якія вялі ўзброеную барацьбу, узніклі значна раней [12]. Восенню 1941 г. яны перажывалі рэанімацыю сваёй дзейнасці пасля цяжкіх удараў савецкіх органаў бяспекі. Далей паведамляецца пра неаднаразовыя перамовы паміж польскай Арміяй Краёвай і пэўнымі беларускімі нацыянальнымі коламі, якія не мелі поспеху. Апошні раз Армія Краёва ўсплывае ў трэцяй частцы, калі яе камандуючы паведамляе пра вынікі мабілізацыі ў Беларускую Краёвую Абарону. Але нічога не гаворыцца пра тое, напрыклад, што значная частка беларускага насельніцтва, у тым ліку праваслаўнага, падтрымлівала польскія фарміраванні і ідэю адраджэння Польскай дзяржавы, а не стварэнне беларускай “пад пратэктаратам Райху” [13], ці пра бязлітасную польска-савецкую вайну на абшарах Заходняй Беларусі ў 1943–1944 гг.

ПАМІЖ “НАРКАМАЎКАЙ” І “ТАРАШКЕВІЦАЙ”

Моўная культура нашай нешматлікай беларускай інтэлектуальнай прадукцыі – пытанне асобнае. Тут, на мой погляд, ёсць дзве вялікія крайнасці – з аднаго боку – дзяржаўныя выданні, кшталту “Беларускага гістарычнага часопіса” ці “Настаўніцкай газеты”, якія перанасычваюць беларускі тэкст шматлікімі русізмамі, а з другога боку – недзяржаўныя, якія страшна любяць паланізмы.

“Беларусь пад нямецкай акупацыяй” Антося Цялежнікава займае ў гэтым плане асобнае месца. Тут выкарыстоўваюцца самыя разнастайныя моўныя варыянты, прытым у парадку абсалютна адвольным. Так, дыктар у адным месцы гаворыць пра паўночную частку Лондану”, а ў іншым на карце немцы займаюць Слуцак, спачатку – “плян “Барбароса”, аднак далей чамусьці “ягоных планаў”. Амаль абышлося, дзякуй Богу, без прыкрых русіцызмаў (толькі аднойчы замест слова “Кармянскі райкам” дыктар ужыў “райком”), але паланізмаў набралася з лішкам. Гэта такія слоўцы і канструкцыі, як “зверхнасць”, “у звязку”, “па працэсе” і г. д.

Інфармацыя, пададзеная на той жа рускай мове, у адным месцы [14] падаецца без перакладу, а ў другім [15] чамусьці перакладаецца на беларускую. Тое самае адбываецца і з нямецкамоўнымі дакументамі.

Так што элементарная моўная культура, за якую зацята б’юцца настаўніцы беларускай мовы, узброеныя спецыяльнымі інструкцыямі Міністэрства адукацыі, у фільме проста адсутнічае [16].

Сам Юрый Туронак прысутнічаў на прэзентацыі стужкі і ацаніў фільм як “цікавы”. Безумоўна, гэта так. На наш погляд, калі б яго ачысціць ад прыкрых недакладнасцяў, пэўнага ідэалізму і дадаць моўнай культуры, то можна было б паставіць і адзнаку “добра”.


1. Як аказалася, koszary – гэта «ogrodzony teren wraz z zespołem budynków, w których kwaterują żołnierze pełniący służbę wojskową», г. зн. па беларуску проста “казармы”.

2. Валаханович И. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944–1953 гг. Мн., 2002. С. 110. Падрабязную рэцэнзію на кнігу С. Ярша і С. Горбіка “Беларускі супраціў” (Львоў, 2006), якая і з’явілася першаасновай для фільму Цялежнікава, можна прачытаць тут: Пачобут А. Байкі для патрыётаў // ARCHE. 2008. № 5. С. 87–93.

3. Так, 14 мая 2009 г. у Інстытуце гісторыі НАНБ адбыўся “круглы стол” пад назвай “Вайна. Народ. Перамога”. Удзел у ім прынялі каля 40 чалавек. Між іншым, дырэктар Інстутута А. Каваленя зазначыў, што: “сёння нават самыя жорсткія апаненты савецкай гістарыяграфіі не могуць дакументальна абвергнуць кіруючай ролі Камуністычнай партыі, масавага патрыятызму, шырокай падтрымкі народам дзейнасці беларускіх партызан і падпольшчыкаў. Каваленя акцэнтаваў увагу на тым, што неабходна рашуча змагацца  з такімі поглядамі, калі калабаранты і створаныя імі пры падтрымцы акупантаў абвяшчаюцца барацьбітамі супраць бальшавізму і савецкай таталітарнай сістэмы”. Яго калега М. Смяховіч, дырэктар Цэнтра гісторыі індустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі, выказаў думку, што трэба беларускім парламентарыям выкарыстоўваць перадавы расійскі вопыт і падумаць над тым, як “прыцягваць да юрыдычнай адказнасціасоб,  якія з’яўляюцца прыхільнікамі поглядаў І.Ермачэнкі, В. Гадлеўскага, М. Ганько, Ф. Кушаля, Р. Астроўскага”. Была і крытыка кнігі Ю. Туронка, што праўда, доктарам філалагічных навук В. Жураўлёвым, і звяртанне прафесара філасофіі Т. І. Адулы да тэмы рускага патрыятызму, які фарміраваўся вякамі і праяўляўся у найбольш складаныя для Русі моманты. Больш гл. тут: Кушнер В. Вайна. Народ. Перамога. (асэнсаванне матэрыялаў “круглага стала”), які адбыўся ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі 14 мая 2009 г. // Беларускі гістарычны часопіс. 2009. № 6. С. 3 – 13.

4. Аднак, відавочна, выкарыстоўвалася і іншая літаратура, як, напрыклад, кніга Б.В Сакалова “Оккупация. Правда и мифы”.(М., 2002) і фотадакументы з “Штодзённасці за лініяй фронту” Бернгарда К’яры ці “Саўдзельнікаў у злачынствах” Васіля Раманоўскага.

5. У далёкім 1996 годзе беларускі архівіст Сяргей Жумар у сваёй капітальнай працы, прысвечанай акупацыйнай прэсе, ахарактэрызаваў яе як: наиболее значительное, несмотря на известную односторонность, исследование оккупационного режима в регионе, гл.: Жумарь С. Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны. Мн., 1996, С. 15. Згодна з думкай Алега Латышонка, выказанай у той жа час “…кніга Юрыя Туронка “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” была нагэтулькі наватарскім творам, што не выклікала дыскусіі. Асяроддзе гісторыкаў не было (і дагэтуль не ёсць) гатовае да такой дыскусіі”. Латышонак А. Рэцэнзія для часопіса “Białoruskie Zeszyty Historyczne” (1996. № 2. S. 168).

6. Калі экстрапаляваць словы дыктара пра айца Надсана на ўсіх сведкаў, то атрымаецца, што яны і ёсць тыя нямногія з носьбітаў праўды, якую зараз старанна хаваюць ад сучаснікаў.

7. Кожны з іх “атрымаў” у фільме персанальнае пасведчанне асобы, накшталт тых, якія яны мелі падчас вайны.

8. Які, між іншым, актыўна насаджаў уласны культ асобы сярод падкантрольных яму партызанскіх фарміраванняў. Так, партызанскіх брыгад імя Панамарэнкі ў Беларусі было нават болей, чым такіх жа самых злучэнняў імя Сталіна. Гл.: Беларусь у Вялікай Айчынай вайне. 1941 – 1945: Энцыклапедыя. Мн., 1990, С. 399 – 451.

9. Супрацоўнік архіва КДБ РБ І. Валахановіч выказаў думку, што нават ідэя цэнтралізаваць кіраўніцтва партызанамі належыць наркаму ўнутраных спраў БССР Л. Цанаве, які 2 мая 1942 г. падаў адпаведную запіску Берыі. Ужо 30-га мая быў утвораны Цэнтральны штаб партызанскага руху. Больш інфармацыі гл. тут: Кушнер В. “Вайна…” // Беларускі гістарычны часопіс. 2009. № 6. С. 7.

10. Нешта падобнае зараз робяць улады, спрытна перахопліваючы ў апазіцыі яе апошнія ідэалагічныя козыры..

11. Аднак такія факты пастаянна выкрываліся на самым вышэйшым узроўні. “Пленум ЦК КП(б) Белоруссии обращает внимание командиров и комиссаров партизанских отрядов, подпольных партийных организаций и руководящих центров на необходимость решительной борьбы со всякого рода проявлениями неправильного отношения к населению, с фактами мародерства, незаконных обысков, изъятий имущества, самогонокурения, с недооценкой роли девушек и женщин в партизанской борьбе, с фактами неправильного отношения к женщинам и девушкам, принимающими иногда форму прямого принуждения к сожительству; с антиморальным поведением некоторых командиров и комиссаров, забывших свою роль и значение в тылу и свою ответственность перед партией и народом”. Пастанова V Пленума ЦК КП(б)Б ад 28. 02. 1943 г. З кнігі Беларусь непокорённая: (вопоминания, документы, хроники партизанского движения и подпольной борьбы 1941 – 1944 гг.). Мн., 2005. С. 234.

12. «Начало польской конспиративной системы в западных областях Беларуси относится к осени 1939 г.». Гл.: Польское подполье на территории западных областей Беларусі (1939 – 1945). Гродно, 2004. С. 144.

13. Тамсама. С. 227.

14. Паведамленне сакратара Кармянскага райкама ВЛКСМ Рыцікава ў ЦК КП (б) Б.

15. Інфармацыя П. Панамарэнкі аб памылках, зробленых партызанамі (1943 г.).

16. Тое самае адбывалася і ў гады акупацыі. Все печатные издания, выходившие в оккупированной Беларуси, использовали дореформенные грамматические правила и стремились следовать в этом плане трудам по белорусской филологии… Однако удержаться от лингвистических новаций им всё же не удалось. Некоторые новые словарные формы, которые предлагала белорусская оккупационная пресса своим читателям для употребления, напрямую заимствованы из немецкого или польского языка. Ни одно из изданий не руководствовалось каким-то жёстким грамматическим каноном”. Гл.: Жумарь С. Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны. Мн., 1996, С. 45 – 46.


Сяргей Астанковіч — гісторык. Жыве ў Крычаве.