(разьвітаньне з Патрысам Шэро).


Сыйшоў у нябыт яшчэ адзін цягнік і ўжо нікому ніколі не пасьпець на яго, нават заскачыць на падножку. 7 кастрычніка 2013 году сканаў ад раку вядомы францускі рэжысэр, сцэнарыст, тэатральны пастаноўнік і артыст. У Беларусі яго ведалі па такіх фільмах, як “Каралева Марго”, “Інтымнасьць”, “Ягоны брат”, “Габрыэль” ці “Тыя, хто кахае мяне, сядуць у цягнік”. Экспэрымэнтаваў ён ня толькі з камэрай, але і ў тэатры, вяртаючыся да няпростых п’есаў Жэнэ, Кальтэса і Гіётá. Ён паставіў амаль усе п’есы Бэрнара-Мары Кальтэса, драматурга і пісьменьніка, творы, асабліва п’есы якога лічацца найбольш перакладнымі і папулярнымі ў Эўропе. Творы якога насычаныя адзінотай, жарсьцю, болем, фізычнасьцю і непапраўнымі завяршэньнямі, агоніямі.

Ён часта ня мог выбраць паміж тэатрам і кінематографам, дзьвума такімі роднымі і цалкам зацяглымі стыхіямі. Але ўсюль у цэнтры паўставалі плоць, фізычнасьць, інтымнасьць, жарсьць, разьвітаньні, але і ўзьяднаньні. Як для многіх іншых сучасных францускіх інтэлектуалаў-матэрыялістаў цела, плоць – адзінае, праз што трансцэндуецца чалавек, таму і для Патрыса Шэро плоць запаўняла ўсё. Дарэчы, ягоны першы фільм называўся “Плоць архідэі”, у іншых фільмах, як, між іншым, і п’есах плоць, фізычнае дамінуюць. Архідэі былі ягонымі ўлюбёнымі кветкамі, таму часта, узгадайма, у фільмах яны ўзьнікаюць у кадрах: архідэі на сталах, асабліва на могілках. А яшчэ, узгадайма, ён палюбляў вакзалы, цягнікі і людзей, якія абдымаюцца, разьвітваючыся і/ці сустракаючыся. Ці не таму ў кожным фільме мы бачым вакзалы, станцыі, цягнікі і людзей, якія заўсёды застаюцца на самоце, цела, якое скурчваецца ад халоды, пакінутасьці і ўміручасьці. Прыгадайма, нават у гістарычным фільме “Каралева Марго” Шэро факусуецца на плоці, гэтым разам плоці асьмяянай, згвалчанай, збэшчанай.

Як кожны рэжысэр, Шэро меў свайго артыста, свайго ўлюбёнца, які зьяўляецца ў многіх ягоных фільмах, а таксама п’есах. Гэта Паскаль Грэгары, артыст, амаль выхаваны, сфармаваны Патрысам Шэро. Артыст, які стаўся ягонай музай і сымбалям. Артыст з вабным, пажадным целам. Нават другая ягоная ўлюбёнка Дамінік Блян саступае Грэгары. Цікава, мужчынская плоць зьяўляецца ў рэжысэра значна часьцей, сьмялей. Рэжысэр ня робіць розьніцы паміж вабнотай мужчынскага і жаночага цела – цела, як ні дзіўна для многіх, ня мае полу для яго.

Актыўны і заангажаваны артыст шчыраваў ня толькі на працы, але і ў палітычным жыцьці, выказваючы падтрымку з канца 70-ых гадоў мінулага стагодзьдзя левым сілам. Яго бачылі побач з Мітэранам, Жаспэнам, Руаяль і апошняга разу, яшчэ зусім нядаўна разам з мадам Абры, лільскай мэркай, адной з галоўных постацяў сучаснай палітычнай лявіцы, за якую заклікаў галасаваць на апошніх выбарах.

А яшчэ здаўна яго вабіла Ўсходняя і Цэнтральная Эўропа. З 80-ых гадоў ён спрабуе адкрыць для сябе гэты “змрочаны сьвет”, як скажа ён у адным з інтэрвію. Ягоная першая паездка ў той бок – спроба трапіць у 1980 годзе ў Прагу на суд над Вацлавам Гавелам. І яго выганяюць з краіны, ад Чэхаславаччыны застанецца вусьцішны ўспамін: партрэты Сталіна і Дзяржынскага ў паліцыянскім пастарунку! У 1994 годзе Патрыс Шэро наведаецца ў Сараева, калі тамтэйшая прэм’ера “Каралевы Марго” супала з адным з бамабардаваньняў горада. Сьмеласьць тамтэйшых гледачоў да сьмерці ўражвала рэжысэра.

Шкада, да Беларусі так не даехаў цікавы рэжысэр, геніяльны пастаноўнік, але да нас даехалі ягоныя фільмы, дзівосная, не падобная да нашай жыцьцёвая эстэтыка і сьмелая фізычнасьць. Патрыс Шэро на ўласным досьведзе паказаў, што можна быць крытычным рэжысэрам і выказваць грамадзянскую пазыцыю, не ўвальваючыся прыгэтым у лісьлівасьць, цемрашальства і падлізьніцтва.