Чарговы і  перадапошні дакумэнтальны фільм францускага рэжысэра Себасьцьена Ліўшыца «Нябачныя» выйшаў у Францыі ў  2012. У 2013 годзе ён заваяваў Сэзара, як найлепшы дакумэнтальны фільм. 29 кастрычніка 2013 фільм прэзэнтавалі пры падтрымцы Францускага Інстытуту у Вільні. Цікава, што на прэзэнтацыю фільма прыехала адна цікавая, яскравая пратаганістка стужкі – Тэрэза, якая годна і прыгожа глядзелася ў фільме і, якая пасьля прэзэнтацыі адказала на пытаньні прысутных.

Геі, лесьбійкі больш за гетэрасэксуалаў думаюць, разважаюць,

а, значыць, лепей ведаюць, што такое сэксуальнасьць.
Тэрэза

Калі сьцісла, фільм складаецца з розных гісторыяў немаладых ужо гамсэксуальных параў, а часам герояў бяз пары, якія распавядаюць сваю гісторыю каханьня. Каханьня, якое паўстала ў час, калі гамасэксуальнасьць была, сапраўды, нябачнай.

Некаторыя героі і геройкі заўсёды ведалі свае жаданьні, але многія паклалі шмат год, сілаў, каб зразумець, адчуць свае сапраўдныя жаданьні і дабрацца да аўтэнтычнага жыцьця. Многім спатрэбілася нават пажыць у гетэрашлюбе, узгадаць дзяцей, толькі потым зразумець, хто яны.

Вусьціш развагаў, пасланьня якраз і месьціцца ня толькі ў тым, што ў геяў і лесьбіяк крадуць глябальныя, усім абяцаныя, дэкляраваныя правы, патрабуючы пры гэтым выконваць унівэрсальныя абавязкі (плаціць падаткі, якія йдуць на садкі, школкі, у якія ня пойдуць іх дзеці, на юстыцыю, нутраныя справы, калі напоўніцу імі яны ня могуць карыстацца), а яшчэ ў тым, што ў іх крадуць магчымасьць рамантычнага падлеткавага ды і дарослага адкрытага каханьня, у іх крадуць маладосьць, смачнасьць жыцьця. Праз гетэрататальнасьць геі і лесьбійкі былі і застаюцца нябачнымі. Тое, што мы штодня бачым стэрэатыпнага гея ці лесьбіцу на вуліцы, у мэтро, толькі цьвердзіць нам, што гамасэксуальнасьць усё яшчэ застаецца экзотыкай, цыркам, жупельствам, а не нашымі адкрытасьцю і дэмакратычнасьцю.  Яшчэ так далёка і Захаду, і Ўсходу да баналізацыі гамасэксуальнасьці.

Іншай цікавай тэмай фільма сталася відавочная на Захадзе і зусім не у нас сувязь паміж змаганьнямі фэмінізму і ЛГБТК-супольнасьці. Канкрэтныя дасягненьні і прагрэсы ў правах кабетаў і ЛГБТК магчымыя толькі ў выніку бачнасьці, прысутнасьці і, канечне, яшчэ пратэстных салідарных змаганьняў гэтых рухаў. Проста тэарэтычна, у кабінэтах ці на сэмінарах седзячы, роўнасьці не дасягнуць. Чаму ў Беларусі дасюль няма дзейнага фэмінізму? Чаму у нас няма моцнай ЛГБТК? Таму, што фэмінісцкія змаганьні ў нас замарозілі, скіравалі у рэчышча выключна жаночага руху; таму, што гамасэксуальнасьць зьвязалі з анармальнасьцю, паталёгіяй, а часам і буржуазнасьцю. Каб вярнуць фэмінізм, а не жаночыя рухі, трэба перадусім назвацца фэміністамі і фэміністкамі, а не жаночымі — пачаць з сымбалічнага, бачнага. Геям і лесьбійкам, якія маюць безьліч назваў і абразаў у грамадзтве, таксама трэба проста пачаць з прысутнасьці, з адкрытасьці, веданьня  хто гей, хто лесьбіца. Бо, на жаль, многія нашыя змагары за дэмакратыю дазваляюць сабе гамафобныя дыскурсы, нават не ўяўляючы, што вакол іх поўна геяў і лесьбіяк. Каб усе геі і лесьбіцы сталі бачнымі, многія «дэмакраты» проста выбралі б прынамсі гамафобнае маўчаньне, а не адкрытыя крытыку і абразы.

Пасланьне фільма, такім чынам, простае: каб больш ня быць нябачным, трэба стаць бачным. І гэта ўжо пэўны радыкальны крок, які на Захадзе паступова вядзе да бачнасьці, а таму і да роўнасьці.

Апошні момант, на які варта зьвярнуць увагу, бо ў фільме тэма гучыць пастаянна і пранізьліва, — жыцьцё старых геяў і лесьбіяк. У прынцыпе, жыцьцё старых — гэта само па сабе ўжо жыцьцё маргіналаў, галоты.

Старыя геі і лесьбійкі, як можна здагадацца, зьяўляюцца яшчэ большымі маргіналамі і гаротнікамі ў старэчы, бо ад іх зачастую адварочваюцца родныя, у іх няма дзяцей, бо ім не дазвалялі і ўсё яшчэ не дазваляюць мець, заводзіць дзяцей. Жыцьцё старых геяў і лесьбіяк, такім парадкам, зьяўляецца важным аргумэнтам у падтрымку законаў, якія б дазволілі геям і лесьбійкам адаптаваць дзяцей.

Калі б падобны фільм зьнялі у Беларусі, то назва «Нябачныя» была б занадта аптымістычная. У нас фільм варта было б назваць «Адсутныя».

Зрэшты, цікава і страшна, што такі просты і сьмелы францускі фільм выклікаў у Францыі, напрыклад, хвалі абурэньня і незадаволенасьці. Пратаганістка Тэрэза, напрыклад, адказваючы на мае пытаньне пра рэакцыю францускай публікі на фільм, заўважыла, што атрымала шмат імэйлаў з абразамі і нават пагрозай.

Сацыяльнай, заангажаванай і гуманістычнай дакумэнталістыкі, вось чаго не хапае нам у Беларусі. Бо амальгамных выказваньняў у нас у бок заходняга кіно, як «распуснага» і «амаральнага» хапае на ўсіх роўнях грамадзтва — гэтага ў нас хапае бязьмежна.

Калі цемрашалы, усялякага кшталту траўмаваныя і гарапашнікі не саромяцца і ўсюль імкнуцца быць у нас бачнымі, то аўтэнтычныя і простыя геі і лесьбійкі пагатоў і здаўна маюць права на бачнасьць і на ўсю паўняту правоў у грамадзтве.