Вы, канечне ж, нічога не чулі пра праект Redirected. Ды і куды там – у нашых кінах ідуць адно толькі «Роніны» ды тупаватыя «Ёлкі-2», а нашыя ноўтбукі нашпігаваныя «Шэрлакам». Тым часам уся прастора на захад ад Брэста ды на поўнач ад Горадні ціха вар’яцее, пераказваючы жартачкі ды старанна пераймаючы звычкі герояў з Redirected. Вы думаеце, размова ідзе пра чарговы шматсотмільённы галівудскі блакбастар? Дык абламіцеся! Я вам расказваю пра кіно, якое мог лёгка зняць наш «Беларусфільм». Пра кіно з пачатковым бюджэтам у 900 тыс. еўра, 580 тыс. з якіх выдзеліў наогул Мінкульт!

Дык вось, фільмам, які атрымаў рэкордныя 9,6 у сусветным рэйтынгу IMDB і мае ўсе шанцы парваць міравы кінапракат, «стрэльнулі» нашыя найбліжэйшыя суседзі, літоўцы! Нягледзячы на тое, што праект заяўляецца як сумесны з брытамі, усе асноўныя пазіцыі ў ім утрымліваюць літоўцы. Ягоным рэжысёрам стаў мала каму за межамі Літвы вядомы Эміліс Велівіс, прадзюсавалі стужку літоўскія Kino Kultas ды Meed Film (сумесна з англійскай WellingtonFilms).

Сёння ў Вільні ідзе па 7 сеансаў Redirected ў дзень – гэта пры тым, што яшчэ год таму казалі пра смерць нацыянальнага пракату, бо амаль усе кінатэатры пазачыняліся ці папераўтвараліся ў банкі ці шопінгі. Redirected стаўся нацыянальным культам – шчарбатыя морды герояў глядзяць з бакоў тралейбусаў ды гарадскіх сіці-лайтаў. Першае пытанне, якое задаюць людзі пры сустрэчы – ці глядзеў ты ўжо Redirected і калі глядзеў, дык як табе?

Назіраючы за гэтым трыумфам, з цяжкасцю пазбаўляешся пякучай зайздрасці: вось жа, людзі 5 гадоў таму знаходзіліся прыкладна ў такім жа становішчы, што і мы, беларусы. Пасля гібелі «саўка», дзе кожнай нацыянальнай кінавытворчасці была адведзеная ўласная тэматычная ніша (нам дасталіся немцы і партызаны, літоўцам – пастаноўкі еўрапейскай класікі і савецкія сялянскія пастаралі), літоўцы разгубіліся не меней за нас. 20 гадоў пайшлі на пошукі новай тэмы. На гэтым шляху з’явілася некалькі нядрэнных стужак – кшталту «Аўроры» ці «Анархіі ў Жырмунаі». Але агульнае ўражанне сучасны літоўскі кінематограф пакідаў змрочнае, быццам людзі канчаткова вырашылі гандляваць постсавецкай чарнухай ды трабламі грамадства на шляху посткамуністычнай трансфармацыі.

І тут грымнуў Redirected.

Некалькі словаў пра ідэю ды сцэнар, балазе мінчук гэты цуд гумару ды брутальнасці цяпер можа спажыць, адно прыцеляпаўшы ў Вільню ды ўтаропіўшыся ў кінаэкран, на якім фільм будзе дэманстравацца па-англійску з літоўскімі субтытрамі (г.зн. мінчук ну зусім нічога не зразумее, бо «пацыкі» тут ботаюць на вельмі спецыфічнай «фені», да таго ж з лёгкім подыхам кокні-пранонса). Дык вось, фільм пра тое, як тры сябры бамбанулі падпольнае казіно ў Лондане, але на іх шляху ўцёкаў у Малайзію здарылася неспадзяванка – самалёт быў перанакіраваны праз вывяржэнне вулкана ў Ісландыі… І скончыў у нікому (у бандыцкім Лондане) невядомай краіне з вычварэнскай назвай «Лі-фу-а-нія». У Літву выпраўляюцца байцы з «даху» таго самага казіно, на прасторах Вільні і пасярод шчымлівай прыгажосці хутарнай літоўскай правінцыі адбываюцца сутычкі лонданскіх «пацыкаў» з літоўскімі «пацыкамі», а таксама з іншымі лонданскімі пацыкамі. «Redirected – гэта быццам фільм Hangover перамяшалі з фільмам Snatch”, – зазначаюць пра фільм крытыкі.

Чаму можна было б навучыцца ў Redirected тым, хто думае, у які бок рухаць беларускі кінематограф, каб беларускі кінематограф пачалі глядзець не толькі тыя, хто зацвярджае бюджэты? Якія адметнасці прывялі да яго сусветнага поспеху?
Фільм адразу здымаўся па-англійску. Я з цяжкасцю магу ўявіць сітуацыю, калі беларускае кіно ад пачатку, ад сцэнарнай ідэі, будзе выбудоўвацца на той мове, на якой здымаюць у свеце. Так, у Redirected прысутнічае вялікая колькасць сцэн на літоўскай, польскай і нават рускай, але дамінантай, культурным кодам тут ёсць англійская мова і англа-саксонскі набор каштоўнасцяў (героі б’юцца за мільён фунтаў стэрлінгаў).

Для здымак запрасілі суперзорку. «Гвозд карціны» – Віні Джонс – той самы дзядзька, які граў брутальнага забойцу з хлопчыкам у «Картах, грашах, двух ствалах». Так, у прадзюсараў не было рэсурсаў, каб забяспечыць чалавека з першай дзясяткі галівудскіх знакамітасцяў, але выбар Віні – ці не найлепшы. Ён не вельмі дарагі, але вельмі пазнавальны. Да таго ж роля – дакладна для яго!

Літоўцы адмовіліся ад высокіх тэм. Як зазначыў адзін беларускі крытык пра беларускую жа кніжачку, у сучасным свеце болей не засталося «высокіх» і «нізкіх» жанраў. Трэшавы баявік Таранціна можа адкрываць асноўную праграму Канскага кінафестывалю. У гэтых умовах, каб зняць «добрае» кіно, неабавязкова імкнуцца да гістарычнай класікі, тым больш грошай для пастаноўкі «высокай гісторыі» гарантавана не хопіць. Літоўцы пальнулі фільм пра «пацаноў», прастытутак ды кантрабандыстаў. І патрапілі дакладна ў чаканні!

Галоўная адметнасць, на якой хацелася б засяродзіць увагу, – гэта гатоўнасць пасмяяцца з сябе. Калі вы прагугліце Redirected, вы з лёгкасцю выйдзеце на прома-ролік фільма, дзе Віні Джонс, даведаўшыся, куды нялёгкая занесла рабаўнікоў, што «паднялі» яго казіно, з грэблівым тварам перапытвае: «LithuaFUCKING what?!” Нагадаем, гэтая фраза была знятая на грошы, якія гасцінна вылучыла нацыянальнае Міністэрства культуры, мэтай якога, здавалася б, ёсць прапаганда культурнасці ў шырокім сэнсе і літоўскай культурнасці – у вузкім. Калі б у фільме, знятым за грошы беларускага Мінкульта, нейкі англійскі бандзюк дазволіў бы мацюкамі абкладаць назву Беларусь, паўстала б не толькі творчая рада пры Мінкульце, што зацвярджае сцэнары. Тут бы паўстала ўся Беларусь, а Віні Джонсу абвясцілі б байкот з рэгулярным вынасам мозгу рознымі петыцыямі. Мы шчыра ўпэўненыя ў тым, што мы – найлепшыя. Мы ўяўляем уласную краіну хто як цуд некранутай прыроды, хто як апошнюю выспу парадку і чысціні. І ўсе мы аднолькава далёкія ад нашай рэальнасці, якая насамрэч файна паказаная ў фільме Redirected. Бо Redirected – гэта і пра нас з вамі. Пра нашых міліцыянтаў і нашых кантрабандыстаў (з’ездзіце ў Вільню на аўтобусе ды паглядзіце на тых «цыгарэтніц»!), пра нашых прастытутак і нашых «пацаноў». Бо мы таксама тая самая «Усходняя Еўропа», жах, камедыю ды метафізіку якой увасобіў у сваёй стужцы Эміліс Велівіс.
Здаецца, файнае кіно (як і файная літаратура) тут з’явіцца роўна ў той момант, калі людзі, якія ствараюць кнігі ды фільмы, канчаткова зразумеюць, дзе яны жывуць.